Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Сарока на шыбеніцы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сарока на шыбеніцы

Электронная книга - «Сарока на шыбеніцы». Краткое содержание книги:

“…Гэты раман, назва якога запазычаная ў вядомай карціны Пітэра Брэйгеля-старэйшага, — гіпнатычная гісторыя жыцьця дзяўчыны Веранікі, німфаманкі-нарцысісткі, што жыве ў краіне, чымсьці падобнай да Беларусі, працуе ва ўправе канцэнтрацыйных лягераў… …Сьвет, які стварае Бахарэвіч, нагадвае хутчэй мроі з прозы Кафкі або Набокава, але структурна “Сарока на шыбеніцы” — гэта мазаіка ў духу Картасара. Выдатная літаратурная спародненасьць, якая сьведчыць ня толькі пра зьдзейсьненую аўтарам амбітную спробу далучыцца да найвялікшых чарадзеяў пяра, але і пра тое, што ён ставіць сабе штораз вышэйшую творчую плянку…”
Ян Максімюк
1 ... 48 49 50 51 52 53 54 55 56 ... 141
Перейти на страницу:

Мяне пасялілі ў нейкім інтэрнаце; маімі суседзямі па пакоі аказаліся трое ці то будаўнікоў, ці то аграномаў: гэта былі гадоў на дзесяць малодшыя за мяне хлопцы, родам з такога ж райцэнтру, толькі ў іншай вобласьці. Яны прынялі мяне даволі прыязна: пачаставалі яблыкамі – куча антонавак, падобных да высушаных сонцам чарапоў, была рассыпаная па стале, – і выдзелілі мне ложак, каля якога на тумбачцы стаяла адзіная тут настольная лямпа. Аднак я адчуваў, што лішні ў іхнай кампаніі і што яны зь нецярпеньнем чакаюць заўтрашняга дня, калі я нарэшце зьеду ў сваю сталіцу. Мэбля ў пакоі была самая звычайная, хіба што на шафе стаяў невялікі глёбус, забыты, відаць, нейкім географам-самавукам.

Гаварыць нам было няма пра што, ды і суседзі мае не імкнуліся да размовы: у аднаго зь іх меўся пашарпаны ноўтбук, і яны ўтрох сядзелі на ложку, хуліганячы ў нейкім чаце. Я дастаў кніжку і выцягнуўся на ложку. Раз-пораз уладальнік ноўтбука паглядваў на мяне, я адчуваў гэта – адначасова насьцярожаны, пагардлівы, гідлівы і зацікаўлены позірк на сваёй кніжцы, нібы ў мяне з грудзей вытыркаўся вільготны й валасаты рог. Яны ўспрымалі кніжку як частку майго цела; гэта было прыкра, але і трохі прыемна.

Дзень сканчаўся, мае суседзі выпілі трохі і закусілі, не выключаючы кампутар, я спытаў, ці можна мне пакурыць ля вакна, і адзін зь іх моўчкі падсунуў мне абгарэлую попельніцу. Сьцямнела, я запаліў лямпу, і яны ад нечаканасьці здрыгануліся, забыўшы, напэўна, што ў пакоі ёсьць нехта яшчэ. Яшчэ адна цыгарэта, глыток цёплага спрайта. Я з жалем перагарнуў апошнюю старонку кнігі і адчуў, што засынаю.

Гадзіне а другой ночы я раптам адплюшчыў вочы. Двое аграномаў, або будаўнікоў, або сантэхнікаў, усё яшчэ сядзелі, схіліўшыся над ноўтбукам, трэці стаяў каля адчыненага акна і задуменна паліў. “Спаць трэба,” – сказаў ён, пазяхнуўшы, – “Ноч. Увесь сьвет сьпіць”. Я перавярнуўся на жывот, канчаткова прачнуўся і зірнуў у акно. Цяжкая, густая, вязкая, страшная, дзіўна бяззорная айчынная ноч панавала там. Асьвятленьнем райцэнтр быў не разбэшчаны, яно папросту не працавала ні тут, каля будаўнічага камбіната, ні на галоўнай вуліцы, гарадок ляжаў у такой цемры, ад якой можна было асьлепнуць; сапраўды здавалася, што мая ўсё яшчэ ўключаная настольная лямпа і іхны ноўтбук былі адзінымі на сьвеце крыніцамі сьвятла. Недзе паблізу, за рыпучымі драўлянымі дамамі, пранізьліва вылі ці то ваўкі, ці то мясцовыя школьнікі, якім я неўзабаве мусіў распавесьці нешта такое, пра што не прачытаеш у падручніках, і раз-пораз раўлі пад вакном ахрыплыя горлы нябачных, таямнічых грузавікоў. Мне ні з таго ні зь сяго захацелася пагаварыць.

– Ну, ня ўвесь сьвет сьпіць, – далікатна, але гучна сказаў я. – У Амэрыцы ж, відаць, самы разгар працоўнага дня.

Мае суседзі пераглянуліся. Той, што стаяў ля акна, усьміхнуўся:

– Табе фільмаў трэба паменей глядзець... Разгар працоўнага дня...

– У блядзей і бандытаў цяпер паўсюль разгар працоўнага дня, – падаў голас уладальнік ноўтбука. – Што ў нас, што ў Амэрыцы. Гэта нам а сёмай падымацца. А блядзі амэрыканскія дамоў у гэты час патупаюць.

– Падмыюцца і ў люлю, – прамовіў трэці летуценна. – Глядзеў гэты фільм? Ня памятаю, як называецца.

Ягоныя сябры міжволі наморшчылі лбы.

– Я толькі хацеў сказаць, што ў нас ноч, а ў Амэрыцы цяпер дзень, – асьцярожна зазначыў я. Размова відавочна ішла ня ў тое рэчышча.

Яны зноў пераглянуліся. Цяпер мае суседзі сядзелі ў рад на ложку, проста перада мной, і чамусьці стомлена, падсьлепавата вывучалі мой твар.

– Ты акуляры пратры і ў акно зірні, – сказаў адзін зь іх. – Ноч там. Дзьве гадзіны ночы. Які нафіг дзень?

– Ён жартуе, але ж нам нясьмешна, – сказаў уладальнік ноўтбука і выключыў сваю машынку.

– Можа, амэрыкашкі і думаюць, што ім ноч пофігу, – прысланіўся сьпінай да сьцяны другі будаўнік. – Але цяпер дзьве гадзіны ночы, гэта факт. Што б яны там у сваім галівудзе не здымалі.

– Амэрыка... – працягнуў зьдзекліва яшчэ адзін аграном. – Ты яшчэ нам пра Гары Потэра скажы. Гумарыст.

– Але там і праўда дзень цяпер, – дрыжачым, як у Джардана Бруна, голасам, прамовіў я і сеў на ложку. – Ня ведаю, колькі дакладна, але... Ну, гадзіны дзьве дня...

Яны зноў пераглянуліся і раптам засьмяяліся – усе разам, злавесным, белазубым хорам.

– Ну ты сатырык! – гучна сказаў, выцершы рот, уладальнік ноўтбуку, і ў сьценку пагрукалі. – Першы раз такога бачу. У Амэрыцы, значыцца, дзень, толькі ў нас, мудакоў, ноч! Ну-ну, раскажы нам яшчэ якую казачку перад сном.

1 ... 48 49 50 51 52 53 54 55 56 ... 141
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)