Памылкі.
Здрада.
Сабатаж.
Няўдачы…
Трэба было быць Леніным, каб, нягледзячы на яраснае супраціўленне контррэвалюцыі, упарта весці карабель да намечанай мэты.
Кіраўнік Саўнаркома працаваў у сваім кабінеце, калі прынеслі тэлеграму з Мінска, з Беларусі — і яму прыгадалася мінулае, правінцыяльны гарадок Мінск, 15 ліпеня 1900 года, калі ён наведаў гэты горад, едучы за мяжу. Уладзімір Ільіч прыпамінае гэты дзень, кароткую гадзінку, калі цягнік спыніўся на Мінскім вакзале і ён выйшаў на перон, затым на плошчу, сустрэў цікаўнага да ведаў хлапчука.
Але Ільіч прыпамінае не толькі дзень, а і ўсю доўгую, шматпакутную гісторыю беларускага народа, яго выдатных дзеячаў — Скарыну, Каліноўскага, Купалу… Асабліва моцны атрымаўся ў паэме раздзел пра Каліноўскага, постаць якога паўстае з радкоў паэта ва ўсёй сваёй высакароднасці, велічы, мужнасці і чысціні.
Можа зморшчыцца строгі гісторык:
«Факты выбраў на свой капыл.
Гэтак нехта напіша скора —
Ленін думаў і… пра Капыль…»
Думаецца, няма чаго яму моршчыцца: факты адпавядаюць іх жыццёвай і паэтычнай прыродзе і асэнсаваны яны па-сапраўднаму глыбока і па-майстэрску. Хачу адзначыць не толькі рост майстэрства, але і сталасць, маштабнасць паэтычнай думкі Г. Бураўкіна, які здолеў (і ўражанне такое, што — без цяжкасці) напісаць рэч з вельмі прасторнымі духоўнымі даляглядамі.
Працэс пазнання, шлях да ісціны, у тым ліку да ісціны мастацкай, цяжкі і супярэчлівы. Г. Бураўкін яго адольвае настойліва і энергічна.
Прымаю гэты свет раскуты
З яго журбой і барацьбой.
Іду,
гатовы на пакуты,
На неспакой і вечны бой,—
так сказаў ад імя ўсіх Г. Бураўкін. Гэта — яго крэда.
Арыенціры памяці
(Васіль Зуёнак)
Равеснік Рыгора Барадуліна, ён і пачынаў разам з ім, аднак першую кнігу выдаў значна пазней за яго. Гэта было (калі не лічыць зборніка вершаў для дзяцей пад назвай «Вясёлы калаўрот» — 1965) «Крэсіва» — кніга лірыкі, што ўбачыла свет у 1966 годзе. Цікава зараз перачытваць першыя кнігі нашых знакамітых паэтаў. У іх, як і, відаць, ва ўсіх першых кнігах, шмат дэкларацый, рытарычных зваротаў, воклічаў, абяцанняў. Былі яны і ў Васіля Зуёнка. Адчувалася, што гэты паэт любіць прастор!
Мільёны год,
мільёны год
Да сонца
З цемені ірваўся.
Мільёны год,
мільёны год
Іду,
Іду —
І не спынюся.
На ніве смерці і жыцця
Мне вечна
юным быць аратым,
Бо ўсіх пачаткаў
я — працяг
І ўсіх працягаў
я — пачатак.