На свити трохи есть такых.
Катлярэўскі. Энеіда
«Дык ты думаеш, зямляк, што кепска пойдзе наша пшаніца?» гаварыў чалавек, з выгляду падобны да заезджага мешчаніна, жыхара якога-небудзь мястэчка, у саматканых, запэцканых дзёгцем і засаленых нагавіцах, другому ў сіняй, там-сям ужо залапленай світцы і з вялізным гузам на ілбе.
«Ды думаць няма чаго тут; я гатоў ускінуць на сябе пятлю і матляцца на гэтым дрэве, як каўбаса перад Калядамі на хаце, калі мы прадамо хоць адну мерку».
«Каго ты, зямляк, задурваеш? Прывозу-ж, акрамя нашага, няма зусім», запярэчыў чалавек у саматканых нагавіцах. — «Так, гаварыце сабе, што хочаце», думаў сам сабе наш знаёмы, не прапускаючы ніводнага слова з гутаркі двух негацыянтаў: «а ў мяне дзесяць мяхоў у запасе».
«Вось яно і ёсць, што калі дзе ўбілася чартоўшчына, дык чакай столькі карысці, як ад галоднага маскаля», падкрэслена прамовіў чалавек з гузам на ілбе.
«Як чартоўшчына!» падхапіў чалавек у саматканых нагавіцах.
«Ці чуў ты, што пагаварваюць у народзе?» гаварыў далей чалавек з гузам на ілбе, наводзячы на яго скосу панурлівыя свае вочы.
«Ну!»
«Ну, вось табе і ну. Засядацель — каб яму не давялося болей абціраць губы пасля панскай слівянкі — вызначыў для кірмаша праклятае месца, на якім, хоць трэсні, ніводнага зярняці не збудзеш. Ці бачыш ты той стары, раскіданы хлеў, што вунь-вунь стаіць пад гарою?» (Тут цікаўны бацька нашай красуні падсунуўся яшчэ бліжэй і ўвесь ператварыўся, здавалася, ва ўвагу). — «У тым хляве безупынна водзяцца чартоўскія шашні; і ніводзін кірмаш на гэтым месцы не праходзіў без бяды. Учора валасны пісар праходзіў позна ўвечары, толькі зірк — у слухавое акно выставілася свіное рыла і зарохкала так, што ў яго мароз падраў па скуры; таго і чакай, што ізноў пакажацца чырвоная світка!»
«Што-ж гэта за чырвоная світка?»
Тут у нашага ўважлівага слухача валасы сталі дуба, са страхам адвярнуўся ён назад і ўбачыў, што яго дачка і парубак спакойна стаялі, абняўшыся і напяваючы адзін аднаму нейкія любоўныя казкі, забыўшыся пра ўсе світкі на свеце. Гэта разагнала яго страх і прымусіла звярнуцца да ранейшай бесклапотнасці.
«Эге, ге, ге, зямляк, ды ты майстар, як бачу, абдымацца! Хапі мяне чорт, калі я не на чацверты толькі дзень пасля вяселля навучыўся абдымаць сваю Хвеську нябожчыцу, ды і то дзякуй куму: быўшы дружкам, на троп паставіў».
Парубак заўважыў адразу-ж, што бацька яго любай не хапае зор з неба, і ў думках пачаў складаць план, як-бы схіліць яго на сваю карысць.