Маскоўская Аўтаномная Акруга
- Автор: Тымнэтыкай Сергей
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Маскоўская Аўтаномная Акруга». Краткое содержание книги:
Твор чукоцкага пісьменьніка Сяргея Тымнэтыкай будзе цікавы беларускаму-літвінскаму чытачу тым, што аўтар, спрабуючы паказаць рэальныя дачыненьні расейцаў-маскавітаў да сваіх суседзяў, перакуліўшы іх дзеля гэтага з ног на галаву, побач з чукчамі і маскавітамі ўвёў у дзеяньне раману, як галоўных герояў, яшчэ і літвінаў. Тым самым ён падкрэсліў, што літвіны-беларусы таксама маюць багатую і старажытную гісторыю і маглі б стаць годным эўрапейскім народам. Калі б умовы склаліся спрыяльна для ніх.
У расейскім тэксце размовы паміж літвінамі адбываюцца на літвінскай (беларускай) мове. Паколькі ў перакладзе на беларускую мову асноўнага тэксту гэтая асаблівасьць губляецца, я вырашыў вылучыць тыя беларускамоўныя фразы літвінскай лацінкай.
Таксама дазволіў сабе ўнесьці маленькую карэкціроўку, замяніўшы ў адным сказе назву Менск на Вільню. Калі аўтар дапускае той варыянт, што Літва датрывала да нашых дзён у межах свайго росквіту, дык і сталіцай, безумоўна, засталася б Вільня - палітычны, эканамічны, культурны і рэлігійны цэнтр Літвы, славянскае, а не жамойцкае места. Менск ніяк не мог прэтэндаваць на статус сталіцы, цалкам магчыма, што ён застаўся б невялікім правінцыйным местам. Таму ў размове паміж Уладзімерам і Вынтэнэ, калі ён, гаворачы пра стасункі Літвы з суседзямі, кажа: Цяпер Кіеўская Русь – незалежная ад Менску. - я сваім одумам зьмяніў фразу наступным чынам: Цяпер Кіеўская Русь – незалежная ад Вільні.
- Другі аўтобус? – не зразумелі літвіны.
- Аўтобус другога маршруту…
***
Музэйны Цэнтр “Спадчына Масквы” складаўся з чатырох заляў. Першая была прысьвечана ледавіковаму перыяду, другая – дачукоцкай Масковіі, трэцяя – першым чукоцкім пасяленцам. А апошняя, вядома ж, сучаснай Маскве.
У “ледавіковай” залі літвіны не затрымаліся. Абмінуўшы плястыкавага маманта, яны пасьпяшаліся далей. У другой залі было прасторна. Экспанатаў раз-два і ўсё. Маскоўскі народны строй – мужчынскі і жаночы. Лапці, картузы, какошнікі, сарафаны… Потым – макет "ізбы". З печкай, услонамі, сталом. Начыньне – драўляныя лыжкі, талеркі. Прылады працы – прымітыўныя, іржавыя. Са зброі былі кісцень, самастрэл і алебарда. Вось і ўсё.
Значна больш багатай выглядала заля першапраходцаў. Літвінаў аднак яна не зацікавіла, ды й Вынтэнэ…
Галоўнай аздобай чацьвёртай залі быў плякат: “Рукі працоўных пераўтварылі суворы калісьці край”. На сьценах – здымкі фабрык, аэрадромаў і аўтавакзалаў. Яшчэ, праўда, макет парахода, які хадзіў паміж Казаньню і Цьвер’ю.
Вынтэнэ спадабалася фатакартка цьвярскога порту. Мястэчка было малое, нават меньшае за Маскву. Але вось рака… Рака зачароўвала…
- Падабаецца табе выява? – спытала Хрысьціна.
Яна абняла дзяўчыну… і адразу ж адпусьціла. Яе далонь дакранулася да далоні Вынтэнэ.
Вынтэнэ зірнула на літвінку. Тая ўсьміхалася.
- Рака Волга назву носіць.
- Я ведаю… - сказала Вынтэнэ. – Проста фотка прыгожая.
- Жаданьне тваё, калі, паехаць на Цьвер ня цяжка.
- Я б хацела… Але ж мы ляцім да Белавозера?
- Страшна не. Пасьля вяртаньня часу хапае наведаць Волгу.
- Ведаеш, мне вельмі спадабаўся Крэмль, - сказала Вынтэнэ.
- Пакажам іншае яшчэ таксама, - паабяцала літвінка.
Падышоў Вінцук.
- Маладыя пані ісьці не жадаюць да абедзенага месца? – прапанаваў ён.
- Скажыце, вы – сужэнцы? – спытала Вынтэнэ.
- Шлюб не, - адказаў Вінцук.
- Ёсьць мы каханкі, - дадала Хрысьціна.
***
У гэлікоптэры страшна шкамутала. Літвіны, здавалася, прызвычаіліся да такіх умоваў. Яны перамаўляліся і глядзелі ў вакно. Выгляд насамрэч адкрываўся дзівосны. Унізе – суцэльны лес. Дзе-нідзе блішчаць рэкі і азёры. Яранг нідзе не відаць. Ды й наогул аніякіх слядоў чалавечай дзейнасьці. Усё тут, як у мінулым…
Вынтэнэ было не да краявідаў. Ёй было блага. Уладзімер узяў яе за руку.
- Страшна не, страшна няма нічога, - паўтараў ён. – Прыляцім хутка ўжо зусім.
Ён цалаваў дзяўчыну ў шчаку. Лашчыў па галаве, быццам малое.
- Ды што ты, Уладзь, - сказала Вынтэнэ. – Са мной усё добра.
Яна заплюшчыла вочы.
- Прыляцім ужо амаль, - чула яна. – Доўгасьці няма зусім…
Потым было Белавозера – стойбішча на тысячу жыхароў. У цэнтры яшчэ захаваліся старажытныя руіны. Складана сказаць, што гэта была за яранга і для чаго яна прызначалася. Але, мусіць, нешта вялікае і значнае. І, вядома ж, дачукоцкага часу. Вынтэнэ зрабіла здымкі.
Доўга затрымлівацца не давялося. Усюдыход павёз экспедыцыю ў “дзярэўню” Глушкава. Аказалася, што “дзярэўня” зусім ня ўласнае імя. Гэта проста маскоўскае слова, якое абазначае “стойбішча”.
Глушкоўскае сельскае паселішча налічвала сотню чалавек. Галоўная вуліца называлася “Моладзевай”. На яранзе з бэтону вісела шыльдачка: “Вясковая рада”. Рада была падрапаная, яе не пашкодзіла б пафарбаваць.
- Дык вы, значыцца, зь Літвы? – спытаў старэнькі маскавіт.
- Зь Літвы, - адказаў Уладзь. – Здагадацца як Вы здолелі?
- Я тут, аднак, старшыня, - патлумачыў дзед. – Мяне становішча абавязвае ведаць. Ды ўжо ўся вёска ведае. Зухі бадай ужо разьнесьлі вестачку.
- А моваю маскоўскаю гаворыце Вы?
- Як жа ж не гаварыць, гутарым паціхеньку…
Уладзь перайшоў на маскоўскую гаворку.
Стары зьдзівіўся.
- Ды дзе ж вы так навучыліся? – спытаў ён па-чукоцку.
Уладзь ізноў загаварыў па-маскоўску. Старшыня завагаўся і пераўшоў на родную мову.
- З чужынцамі-прыежджымі на чукоцкай яны гаворку падтрымліваюць, - шапнула Хрысьціна Вынтэнэ. – Нават калі прыежджы маскоўскаю размаўляе.
- А чаму? – спытала анадырка.
- Сорам маюць да сваёй гаворкі. Думаюць: карыстаешся роднай мовай, значыцца дзікун, нячукча.
Вынтэнэ зрабілася сумна.
- Няўжо гэта мы іх такімі зрабілі? – прамовіла яна.
- Віны няма пэрсанальна ад цябе…
Літвінка палашчыла яе па плячы.
***
Старшыня забыўся на комплекс непаўнавартасьці . Яны з Уладзем гаманілі па-маскоўску. То спрачаліся, то пагаджаліся, то жартавалі. Вынтэнэ не разумела ні слова.
- Пра што яны? – час ад часу пыталася яна ў Хрысьціны.
Тая перакладала павольна, зь цяжкасьцю падбіраючы чукоцкія словы. Вынтэнэ зразумела, што заўтра - нейкае сьвята, і што этнографам дазволілі прыняць удзел у ім. Сьвята называлася мудрагеліста: "Кра́сная Го́рка". Відавочна, яно сымбалізавала прыход вясны.
Старшыня запрашаў да сябе ў хату.
Начаваньне будзе адбывацца там, - казала Хрысьціна. – Ежа ўвечары таксама ў тым збудаваньні.
- Хата ў мяне невялікая, - сказаў старшыня. – Ды месца ўсім хопіць. Цяснота – не крывота.
Ён патлумачыў, што жанчынам дадуць асобны пакой. Мужчынам жа – Уладзімеру й Вінцуку – прыдзецца спаць на падлозе, каля печкі.
***
За вакном зрабілася зусім цёмна. Гаспадар запаліў газавую лямпу. Госьці сабраліся вакол стала.
- Зараз “malitva” будзе прачытана ім, - шапнула Хрысьціна. Здавалася, што яна ўзяла Вынтэнэ пад сваю апеку.
- Што?
- Malitva.
Вынтэнэ ня стала перапытваць.
Старшыня махнуў рукой – таксама, як і Ўладзімер каля “carkva” ў Крамлі. Літвіны паўтарылі жэст. Стары загаварыў. Астатнія паўтаралі сьледам. “Гэта каб адганяць духаў” – здагадалася Вынтэнэ. Дзіўна. Літвіны ж такія адукаваныя людзі. Няўжо яны ва ўсё гэта вераць? Вынтэнэ ня была рэлігійнай. Да шаманаў хадзіла толькі на сьвяты, ды й тое – за кампанію. Яе стамлялі доўгія абрады, сьмяшылі заклінаньні. “Не, я не атэістка, - думала дзяўчына. – Я веру ў духаў. Але чаму я павінна камунікаваць зь імі праз шаманаў?!” Яна глядзела на тубыльцаў. Іх твары былі ўрачыстымі. Яны сапраўды верылі. І вера яднала маскоўскага дзікуна й прафэсара зь Менску…
***
На вячэру была грэчка зь мясам. Вынтэнэ ўпершыню ў жыцьці пакаштавала ялавічыну. Амаль як аляніна, толькі смачнейшая. А можа, ёй так здалося? Проста надта ўжо тут хвайна! Неяк усё проста. І, адначасова…
Гаспадар пляснуў сабе ў лоб.
- Эх, як жа гэта я забыўся! – Сказаў ён па чукоцку. – У мяне ж водачка прыхаваная!
Ён палез за печку.
- Што такое “жводачка”? – не зразумела Вынтэнэ.
- Harełka, - шапнула Хрысьціна.
Больш зразумела ня стала.
Стары прынёс пляшку з празрыстай вадкасьцю. Пасьля напой разьлілі у шклянкі. Ад “harełki” ішоў моцны запах. Амаль атрутны. Вынтэнэ здагадалася, што гэта.
- Я не ўжываю наркотыкаў! – сказала яна.
Усе паглядзелі на яе.
- Бойся не, - сказала Хрысьціна. – Калі ты бачыш, мы п’ем усе, благога няма зусім.
- А як жа эфэкт прызвычайваньня?!
- Ад разу аднаго нічога ня будзе, - сказаў Уладзь.
Ён сядзеў насупраць. У ягоных рукох была шклянка.
- Navučy jaje pić, - сказаў Вінцук Хрысьціне. – bo apiačecca jašče.
Тая нахілілася да Вынтэнэ.
- Выдыхнуць трэба паветра ўсім ртом… Такім чынам вось. – Літвінка паказала. – Пасьля каўток робіш – адразу, усё. Рэшты няма. І дыхаць няма, не адразу. Каўтаеш – і адразу ежа есьці шмат… Зразумела?