Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій
Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій

Электронная книга - «Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій». Краткое содержание книги:

Цяжка быць дурнейшым за самога сябе, але суседзі мяне пераканалі: -- Інакш з цябе пісьменніка не атрымаецца. І сапраўды. Ужо наступнае маё апавяданне без аніводнай заўвагі прынялі ў часопіс і нават ухвалілі: -- Ну вось, нарэшце вы знайшлі сябе! А суседзі зноў: -- Дурняў друкуюць пры жыцці, а вар’ятаў і пасля смерці. Я пазычыў пугу і цяпер шторанак выганяю аблокі на пашу. З пугаю на плячы я пільную далягляд, каб якая хмарка не вылузнула за небакрай. А ноччу, калі людзі і аблокі паснуць, я запальваю газнічку і, падхапіўшы матыля на гусінае пёрка, сягаю ў мроі. Аднак і там, лунаючы, я ніколі не забываюся на межы дазволенага апошнімі пастановамі ўраду. Яшчэ на падысподзе небяспекі я абрываю матылю крылы, бо дырэктар выдавецтва мусіць быць пэўны, што ад майго розуму яму не прыбудзе лішняга клопату. Вось чаму мне вельмі не падабаецца, калі сёй-той на вёсцы кажа: бачыш, які разумны ў Васіля сын. Мы з паперай за хлеў ходзім, а ён з яе грошы робіць…
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 52
Перейти на страницу:

Гэта вам не жартачкі падпаліць столькі зямлі. Каб такую справу аблічыць і ўсё як мае быць падрыхтаваць, не адзін дзень змарнуеш.

Пакуль вучоныя лічылі-пералічвалі, мы і хаты адбудавалі і скаргаў можа на сто вёрст напісалі.

Раптам – гарыць. І там, і тут – усюды гарыць. Няма куды бегчы.

Паўскідалі мы начальнікаў на плечы і таўчэмся з нагі на нагу. А як абедзьве добра апячэ, дык падскокваем.

Вучоныя ў роспачы, замежны адмыслоўца плача, як бабёр, а мы нічога сабе. Скачам патрошкі і на свой гаротны лёс наракаем…

Апошнім часам пайшлі сярод нас чуткі, быццам неўзабаве нам зноў Бога вернуць. Сёй-той захваляваўся, што тады з начальнікамі будзе?

І ўсё да мяне ходзяць пытацца.

А скуль я ведаю?

--Адчапіцеся,-- кажу. -- Так ці гэтак, але ж неяк будзе.

-- І то праўда,-- пагаджаюцца.-- Бо ніколі яшчэ не было, каб неяк не было.

Эпітафія

Калі вецер забаранілі, а сонца ашалела -- процьма кусачых аваднёў абсела яго з усіх бакоў. Урэшце ён не вытрываў здзеку і скамянеў.

Авадні зноў ускінулі свае джалы – толькі цяпер абламаліся іх джалы…

Магутны, ён ляжаў абок раллі, як прыступка ў нябёсы. І не варушыўся нават тады, калі яго апякалі маланкі.

Вялікімі святамі мы ішлі да каменя і маліліся там, а ў нядобрыя дні спяшылі да яго вастрыць косы і сякеры. Мы не ведалі, што ён думаў пра нас, але побач з ягонай трывушчай і нам было лягчэй адольваць жыццё.

Потым мы вярталіся да хаты, а ён заставаўся. І тады да яго туліліся буры ды завеі. А ціхімі зорнымі начамі побач збіраліся вякі і стагоддзі. Яны прыходзілі сюды з усімі зданямі і прывідамі былога. Тады ля каменя было не пратаўчыся…

Аднойчы падвячоркам тут запыніўся чалавек з далёкай стараны і пасля ўжо не схацеў вяртацца дадому. Ён збудаваў кузню ускрай вёскі і з тае пары мы мелі цвярдзейшыя за крэмень сярпы ды падковы.

-- Добры ў нас каваль,-- хвалілі мы.-- Толькі і ён не можа зрабіць жалеза мяккім.

-- Навошта вам мяккае жалеза? -- дзівіўся каваль…

Не хутка, не адразу, аднак вырабіў ён кавалак жалеза, мякчэйшага за воск.

-- А цяпер выкуй з яго долата,-- прыдумалі мы.--І каб было вострае, як джала.

Каваль абурыўся з нашых вымудраў, але ён быў не абы якім майстрам. І аднойчы ў нядзелю мы сабраліся усім народам і рушылі да каменя. Каваль вынуў з кайстры долата і я мяккім жалеззем вылашчыў на камені два словы:

Уладзімір Караткевіч.

Тут ізноў наляцелі авадні, толькі джалы ў іх ужо былі даўно паабламаныя. .

Далей нам заставалася адно дачакацца, калі вызваліцца вецер і аслоніць аблокамі шалёнае сонца.

Каб у пару забуяла бульба

Былі мы і быў ён. Мы ведалі чаго хацелі, а ён хацеў проста жыць. Садзіць бульбу і слухаць цёплым адвячоркам, як у ліпах гудуць хрушчы…

Але не мы першыя прыдумалі, што ніхто не мусіць заставацца сам-насам. Да таго ж нас было многа, а ён быў адзін. І мы паабрывалі хрушчам крылы.

Зараз ён прыйдзе і стане слухаць наш рэй.

Ён, як мела быць, засумаваў, толькі зноў не пайшоў да нас. Цяпер ён слухаў свой сум і мы не ведалі, што нам рабіць далей?

Так, нас было шмат і мы былі разумныя, а ён быў адзін і дурны, як варона, але ўпотайкі кожны з нас здагадваўся, што ўсе мы разам толькі рэха ягонага суму.

-- Трэба пайсці да яго і запытацца, што яму ад нас патрэбна?—аднойчы сказаў нехта.

І мы пайшлі і запыталіся, а ён адказаў:

-- Каб у пару забуяла бульба.

-- Хіба ад нас залежыць, у які час радзіць бульбе?

-- Тады навошта вы?

-- Каб нас было шмат.

-- Дзён таксама шмат, але што з таго?

-- З дзён і людзей складаецца жыццё. Хіба та гэтага не ведаў?

-- Я ведаю адно. Зранку трэба ісці на поле, а вечарам да хаты, дзе ў ліпах гудзе сум.

І мы не знайшліся, як тут яшчэ запярэчыць чалавеку, у якога

ёсць свой сум і непазбыўны клопат, каб у пару забуяла бульба.

Першае каханне

Мы і жагнуцца не паспелі, а Богусь ужо сядзеў на чырвоным даху касцёла. Аднак гэтага яму падалося мала і ён усцягнуўся на самы крыж.

Першы анёл, які вяртаўся (мяркуючы па стомленых рухах) аднекуль здалёк, толькі прабуркатаў незадаволена: “Што, іншага месца не знайшлося?”, а другі, яшчэ зусім маладзенькі, аж аслупянеў, убачыўшы Богуся. Анёлак стаяў слупам у паветры і лыпаў вачыма.

-- Гэй, ты, лупавокі, -- закамандаваў Богусь,-- злётай ў вёску па Маню.

Маня хутка прыбегла і, нічога не пытаючыся, засакатала, як сячкарня:

-- Дурны ты, Богусь! Каб меней піў гарэлкі, а болей чытаў кніжак, дык ведаў бы, што першае каханне існуе не дзеля таго, каб закаханыя бралі шлюб, а каб потым усё жыццё з замілаваннем успамінаць тыя шчаслівыя хвіліны…

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 52
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)