Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Не жаль пражытага

Электронная книга - «Не жаль пражытага». Краткое содержание книги:

Аб мінулых гадах, аб былым і пра сённяшнія адносіны да свайго жыцця распавядае кніга Сакрата Яновіча “Не жаль пражытага”. Часам лягчэй і прасцей поўнасцю адкрыць душу перад чужым, чым расказаць пра адну невялікую падзею сваім блізкім. Сакрат Яновіч меў адвагу (вельмі рэдкую) распавесці цэламу свету пра сваё жыццё, пра 50 гадоў творчасці, год за годам, падзея за падзеяй. І хаця не ўсімі сваімі чынамі можа ганарыцца, аднак, не мае да сябе прэтэнзіі. Не мае яе і да свайго жыцця. Не мае прэтэнзіі да нікога. Кожнаму з нас прыпала жыць у пэўную эпоху, перажываць пэўныя падзеі і змены, найважнейшым, аднак, заўсёды было застацца сабой. Чытаючы споведзь Сакрата, бо менавіта так можна акрэсліць гэты твор, часам задумваешся, як бы паступіў на яго месцы ў той час пры тых абставінах. Але табе не давялося быць на яго месцы ні тады, ні зараз. Кожны мае сваё месца, і важна, каб азіраючыся назад можна было з упэўненасцю сказаць “Не жаль пражытага”. А сказаць так можа толькі шчаслівы чалавек, які мае пачуццё споўненай місіі. (Н. Г.)
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 42
Перейти на страницу:

Загранічнікі што ні вечар спадзяваліся абвесткі, што Англія з Амерыкай ужо-ўжо пойдуць вайною на бальшавікоў. Сімпатыкі АК – таксама. А кацапы маўчалі, час ад часу падміргваючы адзін аднаму. Мяне дадаткова здзіўляла тое, што нічога не кажуць у радыё пра палітыкаў, пра якіх поўна ў маёй газеце: ні слова пра Хурхіля, а ўсё пра якогасьці Чэрчыля, і няма дэ-Гаўле, ёсць дэ-Голь, можа брат дэ-Гаўля?.. Наведваліся з заказамі абутку – з матчынай радні ад Гарадка, з аповедамі, як у тым старонні ганяюць прэч банды, хто гранатамі або і вінтоўкамі. Наслухаўшыся, я склаў каліграфічным пісьмом лістоўку з тытульнымі словамі „Не забывайце, беларусы, што ў нас сталіца Мінск...” Сцібрыўшы клею ў чаляднікаў, замацаваў яе ў месячную ясноту на тэлеграфным слупе каля таго ж моста (удзень тае паперы ўжо не было). Стасько Шамрухевіч намякаў мне пасля, каб гэта я так, засранец, апошні раз... Яму было пад васемнаццаць, на сем-восем больш. Тоячыся ад яго, намаляваў я акварэлькамі мапу Беларусі і схаваў яе ў куфар (унікальны сённячы экспанат).

Пакуль увялі абавязковы прадмет рускай мовы, вучылі французскай. Пані Сасноўская з ваўкавыскіх двароў. Яна чамусьці ўпадабала маю маці, начапіўшыся купляць у яе хатнія абеды. Ніколі не здымала рукавічак, гэтак жа ў жніўную спёку. І заўсёды ў капялюху са штучнымі кветкамі. У шырозным плашчы. Уся ў чорным адзенні, удовіным. За клямку бралася двума пальцамі, перш абгарнуўшы яе паперкаю або ватаю. Асцерагалася заразы. Ежу чэрпала апалонікам сама з гаршкоў; гідзілася тлустым мясам, ныдзгала, напаўняючы сваю пасуду. Далікатна дзякавала і выходзіла, дастойна простая. Плаціла мэблікамі палацавага ўжытку, тканінамі заморскага вырабу, шалямі, шыкоўнымі сукнямі, якімі пасля ашаламляльна фарсіла ў царкве мая мацерка. Сасноўская прэзентавала сабою прыклад жыццёвае бяздарнасці, але французіць, відаць, здолела б у самім Парыжы. З ейных урокаў запамяталася слоўца „ляпіпітр”, ад якога сінелі хлопцы і заліваліся чырванню дзяўчаткі, бо нагадвала яно вульгарную назву інтымнай жаноцкасці... Смяшыў і франкафонскі акцэнт, інтанацыя, усё роўна што растапыранага п’янюгі ў лапухоўі.

У жыдоўскай бажніцы ладзілі школьныя акадэміі „з нагоды” і неадлучныя ад іх вучнёўскія канцэрты. Пані Кулакоўская рыхтавала на артыстку сваю лялечку з даволі ардынарным па бацьку тварыкам. Нязменна дэкламавала гэтая песта Krakowiaczek jeden, miał koników siedem, hop sa-sa, hop sa-sa... Яе кракаўскі строік асацыяваўся з папуасамі. Фатаграфаваў асабіста Кулакоўскі, мала, што высокі пад неба... Меў ён выгляд немца на савецкіх фільмах, і пакрыкваў, зрэшты, бы ўнтэр: Cicho, bydło!

Эх, танцы на Пакрову! Пад бажнічнаю амфілядаю рэзаў на гармоні – цыганскай пароды – Лёнік з Новай, за якім млелі паненкі. А ў польку падсвістваў, бы чорт на сухой вярбе... Пыліла забава, што людзей не пазнаць! Тады ўрываўся шалёны Тадзік з Пагулянкі і камандаваў: – Stop muzyka, bić budu! Бабы ўзнімалі вэрхал: – А каб ты аблез, Тадзік! Кавалеры дзыгалі без аглядкі ў расхлябешчаныя вокнішчы. Яны добра ведалі, што прыйшоў ён не адзін; у цёмных сенях маячылі ўзброеныя польскія пагранічнікі Тадзікавага швагра-паручніка; нагамі сукаталі мазурыкі ад нецярплівасці да мардабою. Тым, хто не паспеў вышмыгнуць, неўзабаве даставалася ад іх укаплех карабінавымі прыкладамі. Грэлі па гарбе і задніцы, што аж не змяшчалася назаўтра срака ў нагавіцах. Панны па-рыцарску заставаліся недатыкальнымі.

Пагулянцы верхаводзілі ў крынскіх атракцыях. Памалу, аднак, загасаў бандыцкі фальклор у гэтым колішнім фабрычным квартале. Даўжэй трымаліся патаемкі для аматараў „водкі і поткі”.

Мяне ахапіла цудатворная манія быць інжынерам-аграномам яшчэ да заканчэння пачаткоўкі (хадзіць у сярэднюю, затым у вышэйшую – падалося марнай стратай часу). Зубрыў напамяць цэлыя старонкі агранамічных парадаў у тым „Рольніку...”, а некаторыя практычна рэалізаваў у хляве і агародзе. Куры несліся і ўзіму, але, на жаль, пасыпаліся на мяне двойкі ад настаўнікаў, што закончылася нежартоўнымі дзягамі і вакацыйнай папраўкай з хабарамі педагогам.

Першая спроба выйсці ў жыццё наўпрасты не ўдалася. Абдумваў наступную.

* * *

Ажно не верыцца, што калісьці адзін аднаго забівалі за мяжу! У веснавое ворыва ўздымаўся гевалт у палетках Александроўкі, Аношкавіка або ў бок Разбойніка. За лішнюю баразну. Да заюшанасці лупцаваліся Антыфоны, мажныя мужчыніскі; па-бабску галасілі Сямы. І тыя і тыя браты родныя; між чужымі не так даходзіла да мардабояў. Гэтае правіла відаць і ў агульнаграмадскім жыцці: наймацней ненавідзім блізкіх.

Сённяшнім днём адшукаў я злашчасныя палоскі, на якіх бярэцца расці тым часам самасейны маладняк. Ахапіла мяне задуменне, бы над нечай магілаю... За маёй памяці за тую зямлю пралівалі кроў, а цяпер яна, вось, анікому не патрэбна. Дзеці – плойма Антыфонянак і Антыфончыкаў ці Сямак – пахаваўшы склератычных бацькоў, разбегліся па свеце. Унукі, пэўна, і чуць не чулі пра мужыцкія бітвы дзядоў за дадатковую скібу раллі. Спецыяльна пацікавіўся я іх маладым лёсам – амаль ніхто не ўсядзеўся хаця б у Беластоку; пішы на амерыканскія, нямецкія, бельгійскія адрасы. У Канаду пасылай пісьмы. Міф Амерыкі, які памятаю, – гэта нешта па-шакаладнаму пахкае, блішчастае, адэкалоннае, а ежа абавязкова сальная, патэльня скварак з вярхом, збан смятаны на стале, печаныя індзюкі, салодкае гультайства ды манна з нябёсаў. – Ого, Амэрыка, а брат ты мой! – пагаворваў Смаркаты Ёзік. – У Амэрыцы, а брат ты мой, жыць і не паміраць!

Палова маладых Крынак ужо ў Амерыцы. З тых хатаў, у якіх не мелі хлеба да Вялікадня. Яны адтуль, з таго раю, і не паяўляюцца тут. Нават дзеля хвальбы ўдачаю. Вельмі магчыма, што не прызнаюцца там да родавага паходжання ды крынкаўскай цэркаўкі або касцёліка. Раз нехта сапраўды прыехаў быў летам – брат без новай жонкі ў Чыкага і яго сястра без новага мужа, але з чорнаскурым дзіцянём на руках. Не сентыментальныя гэта адведкі – у галоты айчына тамака, дзе грошы; каб быць патрыётам, трэба перш заможнасці, беспраблемнасці быту. Зляцеліся яны хаваць удаву матку і збываць будынкі. На паніхідзе мардатыя мужыкі вытрэшчваліся на яе негранё. – Адкуль яно ў цябе такое? – дапытваліся, пахаваўшы нябожчыцу. – Well, адкуль?! – абурылася з ангельскім акцэнтам унучка мясцовага задрыпаніка. – З тых варот, што ўсёй народ! – успомніла афарызм зацюканай маці, нараджаўшай штогод па дзіцяці. – Not offend!

Я выбег успамінамі на паўвеку дапераду. Іначай нельга, каб зразумець пераломныя саракавыя.

Я і мае равеснікі паслі кароваў і авечак. Не для заробкаў, а таму, што басота выперлася ў Беласток і на Прусы. На ўсе Крынкі аднаго знайшлі пастуха, Супруна з Новай. Знюхаўшы сваю унікальнасць, ён запатрабаваў варункаў – трэба смакаты ад гаспадыняў і памочнікаў. Клялі Супруна, але згаджаліся. А калі жаніўся, закідалі яго падарункамі, каб шлюбная лойка не павалакла разяву некуды ў фабрычны Шлёнск. Бываць з ім на пашы ў Доўгім Лузе не было сонна – распавядаў пра пасцельныя выпадкі з бабаю ўночы. Я, дзесяцігодак, мала што з таго цяміў, прадчуваючы, аднак, якуюсьці таямніцу кшталту „Мцыраў” Лермантава, кнігавіцу якога час-часом пачытваў на гарышчы, дабраўшыся да матчынага куфра. Сексуальнае ўсведамленне з’явілася ўва мне позна, апынуўшыся ўжо ў рэдакцыі „Нівы”, калі аказалася, што жанчыну варта мець не толькі, каб гатавала і мыла яна бялізну, цыравала шкарпэткі (пра гэта раскажу пасля).

Даволі парадаксальнае ўсё тое, узважыўшы, што ад малога бачыў я жарэбныя кабылы, мацёры, кныроў, сабак на сучках, трусоў у тлумным сексе... У чатырнаццаць прыснілася сваячка ў капусце. Ананізм лічылі тады страшным. Мала таго: хадзілі чуткі, што ад яго сохнуць мазгі і ўсенька канчаецца пакутнай смерцю. Сорам каму сённячы казаць пра тое: засмяяцца не рассмяецца, а падумае, што табе – дах паехаў! Пасля поначнай дыскатэкі ў Крынках учора я пратаў са свайго траўніка рознапамерныя прэзерватывы. У гэтым мястэчку, у якім у маю маладосць кавалеры не зусім ведалі, чаму жэняцца яны; здараліся „цэлкі” пасля двух гадоў ад шлюбу (як потым я дазнаваўся).

Крынкі цікавыя мне яшчэ і тым, што ў іх бытуе сярэднявечча з наважытнасцю, прычым у неблагой гармоніі. Нядаўна глядзеў пажар стадолы Чэся, яўна падпаленай ягоным цесцем, якому ён не дагадзіў. Цесць дзівіўся потым следствам паліцыі; не ўшанавала гэтага ганаровага падпалу. Упершыню ў жыцці я ўбачыў – пры іншай нагодзе – як банда дзяўчат нашпарыла шайку хлопцаў. Блізу двухметровага росту дзеўка акірачыла паваленага на траву півошнага танцора, з лёскатам угрэўшы яму па мухаедах. – Popamiętasz mnie, skurwysynie!

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 42
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)