Меч князя Вячкі
- Автор: Дайнеко Леонид Мартынович
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Жанр: Исторические приключения
Электронная книга - «Меч князя Вячкі». Краткое содержание книги:
Нягледзячы на тое, што падзеі рамана адбываюцца ў XIII стагоддзі, яго тэматыка вельмі актуальная.
Твор прасякнуты ідэяй аб неабходнасці яднання славянскіх народаў, а таксама іх бліжэйшых суседзяў-літоўцаў, латышоў, эстонцаў, для таго, каб процістаяць ворагам.
Ён падышоў да акна, глянуў на вуліцу. Толькі маленечкі акрайчык зямлі ўбачыў ён, лужок, які не вытапталі і не скасілі, бо ён, епіскап, забараніў. Дзіцячыя галоўкі дзьмухаўцоў бялеліся пад сонцам. Мір, ціша і лагода былі там, дзе раслі дзьмухаўцы.
Ён зноў заглыбіўся ў Біблію, зноў паплыў па шырокай бяздоннай рацэ, якая цячэ праз вечнасць. Добра было нетаропка чытаць, смакуючы словы і сказы, прымерваючы ўсё напісанае ў святой кнізе да сябе, да сваёй асобы.
«Ты — скала, на якой я пабудую сваю царкву», — сказаў Ісус Хрыстос апосталу Пятру. Калі Хрыстос пакліча яго, епіскапа Альберта фон Буксвагена, да сябе, то скажа, абавязкова скажа, што ён, епіскап, скала, на якой пабудавана рыжская царква.
Не, ён, епіскап Альберт, не пясчынка. Ён толькі перад богам пясчынка, а для ўсіх астатніх, для тых, хто глядзіць на яго знізу ўверх, хто гатоў пацалаваць ягоную сандалю, ён — скала, само сонца. Як добра быць пясчынкай і адчуваць кожны міг, што ты — сонца.
Увайшоў Імануіл, знакамі, якія разумеў толькі епіскап, далажыў, што аўдыенцыі чакае клірык Генрых.
— Пусці яго, — загадаў Альберт. Вось з кім яму абавязкова трэба было пагутарыць сёння.
Генрых, схіліўшы прыгожую светлавалосую галаву, пацалаваў епіскапа ў плячо, ціхмяна, пакорліва спыніўся на парозе.
— Праходзь, сын мой, сядай, — падсунуў Генрыху пуф з гнутымі ножкамі епіскап. — Я заўсёды рады цябе бачыць.
— Дзякую, мансіньёр, — сціпла сказаў Генрых і сеў.
— У мяне сёння цудоўны настрой, — даверліва ўсміхаючыся, паклаў яму руку на плячо Альберт. — Містэрыя прайшла добра. Сэрцы тубыльцаў размякчыліся, і семя нашай хрысціянскай пропаведзі ўпадзе не на сухую зямлю, не на д'ябальскі камень. Я люблю цябе, Генрых. Так-так, я люблю цябе, як вернага сына нашай царквы, як сумленнага, чыстага душой хрысціяніна. Я не сляпы, я бачу, і ты бачыш, Генрых, што не толькі воіны веры прыплылі ў Лівонію, а прыплыло шмат бруду чалавечага, гною, ад якога задыхалася Еўропа. Гной смярдзіць усюды. Асабліва агідна смярдзіць ён у нас, у Лівоніі, бо тут, на берагах Дзвіны, яшчэ захавалася непапсаванае чыстае паветра. Ты разумееш мяне?
— Разумею, мансіньёр, — кіўнуў галавою Генрых.
— Я прывёз цябе сюды з Брэмена, каб ты напісаў гісторыю рыжскай царквы, хроніку нашай вялікай працы і нашых перамог, — епіскап устаў з пуфа, і твар ягоны загарэўся светла і ўсхвалявана. — Я даўно шукаў такога чалавека. Я глядзеў ва ўсе куткі Еўропы. І я ўбачыў цябе, Генрых. Ты, адзін ты здолееш зрабіць гэта. Ты малады, адукаваны, разумны, адданы рымскай царкве, у цябе цудоўная латынь — мова мудрасці. І ты добра ведаеш тутэйшы край, яго звычаі, мову. Ты ж з латгалаў, ці, як іх яшчэ называюць, лэтаў. Праўда, Генрых?
— Праўда, мансіньёр, — успыхнуў і ўстаў Генрых. — Я з лэтаў, з тых, што жывуць на рацэ Імера. Калі мне было шэсць гадоў, мае бацькі аддалі мяне заложнікам у Тэўтонію, а самі неўзабаве памерлі. Я — тэўтон.
Ён цвёрда, нават з нейкім выклікам глядзеў на Альберта.
— Сядай, — мякка паляпаў яго па плячы епіскап. — Што ты ўжо напісаў, сын мой?
— Я не спяшаюся адразу пісаць сваю хроніку, мансіньёр. Я размаўляю з людзьмі, з тэўтонамі і тубыльцамі, я шмат езджу па Лівоніі. Мне трэба на свае вочы ўсё бачыць. Так рабіў славуты Герадот. І заўсёды пры мне пергамен, усё цікавае я заношу на яго. Я яшчэ не шыю кажух, я толькі выкройваю рукавы і хлясцік.
— А калі ж ты пачнеш, сын мой, шыць кажух? — засмяяўшыся, спытаўся Альберт, якому вельмі спадабалася красамоўства Генрыха.
— Я пачну пісаць хроніку тады, калі мы, людзі, што сцяной стаяць за бога, возьмем пад божую ўладу, далучым да рымскай царквы ліваў і лэтаў, земгалаў і кураў, селаў і эстаў.
— Ты сапраўдны сын царквы, Генрых, — усклікнуў епіскап. — Абяцаю табе: калі ты атрымаеш сан свяшчэнніка, я зраблю цябе канонікам, членам капітула. Мне патрэбны разумныя адданыя людзі. Бачыш мой алтар? — ён паказаў у глыбіню пакоя. — Тут я кожны дзень спраўляю месы, вячэрні і чытаю на ноч малітвы. Клянуся гэтым святым алтаром, што я не забудуся пра тваю вернасць рыжскай царкве і мне.
— Мансіньёр, — усхвалявана ўзняўся са свайго месца Генрых, — я аддам жыццё за божую справу.
— Добра, сын мой, — па-бацькоўску ўсміхнуўся епіскап. — Я веру табе. А зараз адкажы мне, Генрых, адкажы, як на святой споведзі: каго ты лічыш галоўным ворагам рымскай царквы?
Ён вельмі ўважліва глядзеў на Генрыха, як бы пранізваў таго шэра-стальнымі вачамі.
— Мясцовыя плямёны, вядома, не дужа горнуцца да нас, — пасля некаторага роздуму загаварыў Генрых, — яны лічаць, што мы прыплылі да іх з-за нашай беднасці, каб тут, на берагах Дзвіны, узбагаціцца, набіць кішэні золатам. Але святая царква зможа справіцца з імі, бо яны разрозненыя, пастаянна ваююць, грызуцца між сабой. Яны нас не любяць, гэта праўда, але вымушаны будуць з цягам часу скарыцца. Іхнія старэйшыны, такія, як, напрыклад, Каўпа, ужо сёння нашы саюзнікі. Галоўныя нашы ворагі, мансіньёр, гэта — Полацк, Ноўгарад і…
Ён на хвіліну змоўк.
— І хто яшчэ? — моцна сціснуў яму плячо епіскап.
— І Ордэн братоў святой Марыі, ці, як яны сябе называюць, мечаносцы, на чале з магістрам Венна.
— Мечаносцы! Мечаносцы! — у гневе закрычаў Альберт і аж трасянуў кулакамі.— Асінае гняздо, якое я калісьці сагрэў сваім дыханнем. Клубок гадзюк. Начныя драпежныя птушкі, якія кожны момант стараюцца клюнуць мне проста ў вока. А я ж, Генрых, сам, сам упрошваў у Рыме папу Інакенція, каб ён дазволіў стварыць гэты пракляты ордэн. Я думаў займець моцнага саюзніка, аднадумца ў вайне супраць язычнікаў, а што маю? Магістр Венна са сваёй бандыцкай шайкай амаль кожны тыдзень шле на мяне даносы ў Рым. Ён патрабаваў адну трэць усіх заваяваных зямель. Я даў яму адну трэць, я дазволіў яму браць усе магчымыя даходы з гэтых земляў. Ён пабудаваў замак Вендэн, у якім адчувае сябе, як імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі. І што ж? Дзе ўдзячнасць? Мечаносцы сёння крычаць, каб рыжская царква выдзеліла ім трэць яшчэ не заваяваных земляў. Разумееш? Яшчэ не заваяваных! Так можна падзяліць усё: сонечныя промні, паветра, гром нябесны, месяц, які плыве над галавой…
Ён, цяжка дыхаючы, змоўк, знясілена прашаптаў:
— На адной зямлі жыць побач з гэтымі пачварамі… Якая пакута, сын мой…
І столькі стальной злосці, столькі гнеўнага болю было ў вачах, што Генрых міжволі ўздрыгнуў. Двух зусім розных людзей, двух Альбертаў фон Буксвагенаў, толькі што бачыў ён перад сабой. Адзін — ціхі, з ласкавай усмешкай, з цеплынёй у галубіным позірку.
Глядзіш — і здаецца, залаты німб іскрыцца над танзурай82. Другі — страсны ў нянавісці, суровы, як пякельнае полымя, з пухірамі пены ў куточках вуснаў.
«Які ж ён, сапраўдны епіскап Альберт?» — падумалася Генрыху, але ён са страхам адагнаў ад сябе гэту грэшную думку.
— Купцы і ўсе гараджане за нас, мансіньёр, — асцярожна сказаў Генрых. — Ім абрыдлі ваўчыныя апетыты мечаносцаў, яны хочуць вольна гандляваць, яны хочуць спакою і міру ў Лівоніі. Я асмелюся параіць: на землях, якія належаць рыжскай царкве, крыху аслабіць царкоўную дзесяціну, замяніць яе больш лёгкім аброкам. Мясцовыя плямёны, іхнія старэйшыны будуць нам удзячныя, зразумеюць нас, і калі раптам надыдзе час выбару, калі неабходна будзе рашаць, на чый бок стаць, яны стануць на наш бок, бо магістр мечаносцаў Венна на сваіх землях дзярэ з тубыльцаў па тры шкуры.
— Я падумаю, сын мой, — паабяцаў епіскап.
У гэты час увайшоў Імануіл, знакамі, незразумелымі для Генрыха, пачаў нешта тлумачыць епіскапу. Радасць успыхнула на твары ў Альберта, і ён не хаваў яе.
— Кароль кукейноскі Вячка просіць у мяне аўдыенцыі,— весела сказаў ён Генрыху. — Я быў упэўнены, што ён прыбяжыць на мой двор.
— Вячка ў Рызе? — здзіўлена ўскінуў бровы Генрых. — Люты вораг царквы просіць аўдыенцыі? Я нічога не разумею, мансіньёр.
— Ты хочаш яго ўбачыць? — замест адказу спытаўся Альберт.
— Вельмі хачу. Я ніколі не бачыў д'яблаў.
— Пакліч Вячку, — загадаў Імануілу епіскап. — І няхай разам з ім зойдзе тлумач83.
Праз нейкі час увайшоў тлумач Фрэдэрык, які часта плаваў у Полацк і ведаў мову полацкіх крывічоў, а за ім і Вячка. Князь Кукейноса быў апрануты ў чорны дарожны плашч, пад якім зіхцела кальчуга. Галава была непакрытая, і густая хваля светлых валасоў падала на высокі смуглы лоб.
82
Танзура — выбрытае месца цемені ў каталіцкага духавенства.
83
Тлумач — перакладчык.