Сьцяна
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Наша Ніва
- ISBN: 985-6374-05-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Сьцяна». Краткое содержание книги:
Кніга народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава «Сьцяна» складаецца з празаічных твораў апошніх гадоў.
«Сьцяна» прысьвечаная беларускай гісторыі мінулага стагодзьдзя. Кожны твор кнігі — жорсткая сытуацыя, у якой апынаецца чалавек. Гранічная, страшная, калі ад самога цябе ўжо нічога не залежыць. Загнананаму ў пастку чалавеку даецца адна магчымасьць: захаваць сваю годнасьць. Страшнае для Беларусі дваццатае стагодзьдзе, у якім апынаецца і чытач, робячы свой выбар. На старонках «Сьцяны» адвечная праўда — застацца чалавекам у самы жахлівы час.
Во ў тым, што аднаасобна, мабыць, найбольшы ягоны грэх. Праз тую аднаасобнасьць ён за год натрываўся столькі, што іншаму хапіла б на ўсё жыцьцё.
— Гэ, таварыш… А, таварыш, — далікатна папіхнуў ён лакцём суседа ў скуранцы. — Ня ведаеце, куды гэта нас?
— На кудыкіну гару, — не адразу і зласьліва адказаў сусед, нядаўні сьледчы ўправы НКВД Сурвіла.
Гэты Сурвіла ня тое, што Аўтух, — ён і ў цемры, з заплюшчанымі вачыма мог вызначыць іхны маршрут. Даўно і добра ён ведаў гэтую дарогу — ад гарадзкога цэнтру да ўскраіны і далей, паўз прыгарадную вёску да недалёкага ляска, дзе было наркамацкае стрэльбішча. Некалі сам туды вазіў такіх жа, асабліва як служыў у камэндатуры. Пасьля ўжо, як перавялі ў сьледчы аддзел, разы два выяжджаў на практыкаваньне ў стральбе з асабістае зброі — пісталета ТТ. Раней усе чэкісты ўправы былі ўзброеныя рэвальвэрамі сыстемы «наган», а летась у першую чаргу сьледчым выдалі новенькія ТТ — спрытныя такія, пляскатыя пісталеты з чорнымі шчочкамі на рукаятках. Зь іх і стралялі. Ён тады здаў практыкаваньне на «добра». А цяпер тыя практыкаваньні будуць здаваць іншыя. На практыцы. На іхных патыліцах…
Па тым, як машыну стала кідаць з боку на бок, Сурвіла зразумеў, што яны выяжджалі з гораду. Недзе збоч у цемры туліцца невялікая прыгарадная вёсачка, а іх чакае паворотка ўлева, ад якой… Ад якой да мэты, да апошняй мяжы, лічы, што-нішто, засталося якіх паўгадзіны часу, і ўсё. Усё назаўжды скончыцца.
Тое, што хутка ўсё скончыцца, яго, аднак, ня дужа і турбавала. Да таго ён гатовы быў месяц таму, нават да суда, ведаў, яго не памілуюць. Стрэльнуць. Бо тое, што яму прад'явілі для абвінавачаньня, увогуле было папраўдзе: дапушчаў і перавышэньне, і незаконныя мэтады — і біў, і ламаў косьці — «даваў дразда». Але ж хіба ён адзін? У іхнай управе так працавалі ўсе, — стараліся, ня спалі начэй, выбівалі ўсё, што можна было выбіць з арыштаваных. А тыя, праклятыя ворагі, таксама маталі ім нэрвы, нізашто не хацелі прызнавацца — выкручваліся, ашуквалі сьледчых, і нават, ужо падпісаўшы прызнаньне, адмаўляліся ад яго на судзе. I ўсё бубнілі сваё: нічога ня ведаем, ні ў чым не вінаватыя. Ня шкодзілі, не шпіёнілі, нікога не вэрбавалі. Трэба было выбіць — і прызнаньне, і сьведчаньне, — прозьвішчы, даты, сустрэчы. Часам перабіраў, гэта праўда. Але ж на карысьць справы, не для сябе. Той Сёмух сканаў у ягоным кабінэце. Што сканаў, бяда не вялікая, але, сканаўшы, забраў усё з сабою. А на яго была надзея. Як добра далі, пачаў што-нішто паказваць. Думалі, празь яго раскруціць усю іхную арганізацыю, да таго ішла справа. А ён узяў ды сканаў…
Купцова застрэліў з таго новенькага ТТ. Але Купцоў кінуўся на яго з кулакамі. А кулакі ў двухмятровага каваля з прэсавага цэху такія, што двума ўдарамі мог увагнаць у падлогу. Добра, Сурвіла пасьпеў прымяніць зброю. Так што, як глядзець, як вінаваціць. Калі строга, паводле новай правазаконнасьці, дык, можа, і правільна, — ён вінаваты. А калі паводле рэвалюцыйнай, пралетарскай… Зрэшты, ён ня дужа і апраўдваўся — прызнаў усё. Але ў глыбіні душы хацелася спадзявацца, што пакараюць ня надта. Усё ж ён не такая контра, ня польскі шпіён ці беларускі нацыяналіст. Ён жа свой брат чэкіст. Павінны ж на тое зважаць. I цяпер яму крыўдна, што ня зважылі на розьніцу паміж ім і сапраўднымі ворагамі народа, піхнулі ў гэтую машыну зь іншымі разам. З гэтымі шпіёнамі і шкоднікамі, нацыяналістам і нават недарэзаным буржуем. Кінулі ў адну машыну і яшчэ, глядзі, кінуць у адну яму. Але ж гэта яўны апартунізм, правы ўхіл. Ці нават шкодніцтва ў саміх органах.