Сарока на шыбеніцы [calibre 0.9.44]
- Автор: Альгерд Бахарэвіч
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сарока на шыбеніцы [calibre 0.9.44]». Краткое содержание книги:
Мой Fischer-Weltalmanach за 2006 год прапануе пачынаць аповед пра краіну зь яе тэрыторыі. Па шчырасьці, лічбы ня ёсьць маёй улюбёнай стравай. Але я прыкладна ўяўляю яе тэрыторыю: прыкладна пятнаццаць Монтэнэгра, або пяцьдзесят адзін Каба-Вэрдэ. Насельніцтва: каля дзесяці мільёнаў чалавек, калі не лічыць жыхароў гэтых нашых знакамітых ВКЛ, “віртуальных канцлягераў” – колькі дакладна ў краіне такіх паселішчаў, ведаюць адно чытачы забароненай фашыстоўскай прэсы (я, на жаль, да іх не належу), але і яны памыляюцца, канцлягеры ж віртуальныя, каму ў галаву прыйдзе займацца перапісам эльфаў. Аднак, мяркую, вынік ня надта паўплываў бы на агульную колькасьць маіх суайчыньнікаў. Пра сталіцу тактоўна прамаўчым... Валюта – даляр (неяк нават няёмка называць яго амэрыканскім). Мова... Ну, насельніцтва, зноў жа такі выключаючы тых, хто адпачывае ў ВКЛ, упэўненае, што размаўляе па-расейску. Далей мой Fischer-Weltalmanach раскрывае таямніцу знаходжаньня амбасадаў замежных краінаў у Бэрліне. Няма нічога прасьцей: недалёка ад Трэптаў-парку яно знаходзіцца, гэтае прадстаўніцтва, сам бачыў, з вакна кавярні, падыйсьці не рызыкнуў. І сайт у іх ёсьць: Чаго наш консул ня можа зрабіць для вас? – напісана на афіцыйнай старонцы амбасады, і гэта, пагодзімся, цягне на словы дзяржаўнага гімна. Улічваючы тое, што Полігімнія – адзіная з музаў, якой тут ніколі не адмаўлялі ў візе, у гэтым няма нічога дзіўнага.
Рэлігія, дзяржаўныя органы, урад, гаспадарка... Крыжы, укрыжаваньні, скрыжаваньні, крыжаванкі, “крыжыкі-нулікі”... Нецікава. На нашым гербе трактар, а наш сьцяг белы: вось вам эканоміка, а вось вам і зьнешняя палітыка. Трактар на патрэбу лёгка стане танкам, а вось арлоў, якія красуюцца на некаторых чужых, быццам бы дэмакратычных гербах, у ластавак не пераробіш (сказаў, уздыхнуўшы, дзядзька Ягор, зьбіраючыся раніцай у нядзельку на выбарчы ўчастак).
Пра гісторыю альманах не згадвае, а яна заслугоўвае ўвагі. Рэч у тым, што паводле фашыстоўскай вэрсіі, гісторыя нашай белай краіны налічвае ўжо пяць стагодзьдзяў. У гэта цяжка паверыць. Я, напрыклад, разумею Франка, які заўжды ня можа стрымаць усьмешкі, калі чуе пра нашыя Вялікія гістарычныя нулі. Але ж большасць лічыць, што краіне ўсяго пару дзясяткаў гадкоў. На чыім я баку? Ні на чыім, бо ведаю: гэтая краіна нарадзілася разам са мной, са мной і адыйдзе ў нябыт. Бо яна – частка майго цела, гэтая краіна; тэрыторыя, якая заслужыла пакараньне, дзяржава, замерлая ў чаканьні помсты. Яна ж насамрэч не настолькі няісная, каб пазьбегнуць кары. Пра яе напісана ў любым даведніку. Белым па белым, белым па белым, белым па белым.
Чаго мне там не хапала?
***
За вакном старанна, нібы жанчыны на занятках шэйпінгам, машуць рукамі ветракі-генэратары – зрэшты, ня ўсе: вунь адзін стаіць зусім нерухома, нібы крыж на даху таямнічае падземнае царквы, якому аднаму дазволена глядзець на неба. Сівы кантралёр з завушніцамі ў абодвух вушах аддае мне мае квіткі ды, бадай што, бярэ пад казырок – субкультурная ветлівасьць, зь якой я ніколі ня звыкнуся. Цяпер можна зноў павярнуцца да вакна, там зьмяняюць адзін аднога зь вясёлым чыгуначным пошчакам паўночныя краявіды, дзе-нідзе яшчэ рэклямуючы для паўсонных пасажыраў альпійскія падарожжы, ледзь дацягваючыся каналамі-ўказальнікамі да плямаў сьнегу між яркай, з выклікам, травы. Яшчэ пару тыдняў, і палі тут запахнуць гноем, на радасьць усіх ворагаў глябалізацыі, запахнуць зусім як у нас, але гэта мяне ня цешыць. Любое падабенства я ўспрымаю тут як уласную паразу, хаця насамрэч мне слушна заўважылі нядаўна: “Ты падобны да футбольнага заўзятара, які прыехаў на край сьвету пабалець за чужую каманду”. Побач са мной заклапочана, бы стаматоляг, узіраючыся ў разяўленую пашчу свайго ноўтбука, сядзіць хлопец гадоў дваццаці пяці, і ягоны ручны сьвет, у якім бог ведае што робіцца, едзе разам зь ім, дый з усімі намі заадно, у гэты невялікі партовы горад. У падарожнай сваёй дрымоце я забываю, дзе знаходжуся, і вельмі зьдзіўляюся, калі чую ад яго нешта не па-расейску. Па шчырасьці, я не разумею ані слова, але ківаю ў адказ, і ён зноў задаволена ўтаропліваецца ў экран.
Я пераходжу ў вагон для курцоў. Побач нехта скручвае самакрутку, сьпераду дыміцца паголеная патыліца. Прыемна апынуцца сярод падобных да цябе самагубцаў. Я ведаю, што ніколі болей не патэлефаную Вераніцы, набіраю нумар і чую яе голас. Узрадаваны голас, але цеплыні я не адчуваю, скразьнякі яе калідораў дзьмуць скрозь слухаўку, водар казённых дываноў напаўняе вагон. Нехта за маёй сьпінай чхае. Мы размаўляем зь Веранікай ні пра што, пра нейкія тэлефонныя тарыфы, пра надвор’е, нібыта тут Афрыка, а там Антарктыда, тысяча кілямэтраў стомэтроўка для антыцыклёну. А потым я пачынаю злавацца, і намаўляю сябе спыніцца, і злуюся яшчэ мацней.