Сакрэт Тунгускага метэарыта. Прыгоды шасцікласніка Максіма [повести]
- Автор: Якимович Алесь Иванович
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- ISBN: 5-7880-0587-6
- Жанр: Детское фэнтези
Электронная книга - «Сакрэт Тунгускага метэарыта. Прыгоды шасцікласніка Максіма [повести]». Краткое содержание книги:
ЗМЕСТ:
САКРЭТ ТУНГУСКАГА МЕТЭАРЫТА. Прыгодніцка-фантастычная аповесць
ПРЫГОДЫ ШАСЦІКЛАСНІКА МАКСІМА. Аповесць
Мастак А. А. Арынушкін
Пеця, напэўна, доўга расказваў бы мне пра свае нягоды, але раптам дзверы расчыніліся. На парозе паказаўся Ігар Бушуеў. Ен цягнуў за руку Андрэя Скварцова, таго самага Андрэя, якога я некалі лейцамі па спіне аперазаў.
— Не ўпірайся. Ідзі, ідзі,— настойліва паўтараў Ігар.
У Андрэя быў успацелы твар, сарочка на грудзях расхрыстана. Ен стараўся вырвацца ад Ігара. Ігар сілком зацягнуў яго ў кабінет.
Пеця зачыніў дзверы, заікаючыся, запытаў у Ігара:
— Н-навошта п-прыцягнуў яго сюды?
— Насіўся што шалёны. Герой! Бегае і крычыць: «Сёння нікога не баюся». Нават на парту ўскочыў. Ледзь я яго злавіў.
Пеця, уздыхнуўшы, падышоў да Андрэя.
— Ты бегаў па партах?
А Андрэй нават вокам не маргнуў.
— Бегаў. А што вы мне зробіце?
— За вуха яго накруці,— не сцярпеў я, падказаў Пецю.
— А я мамцы скажу, — хуценька прамовіў Андрэй. «Гэты скажа. Абавязкова скажа, — падумаў я.—
Прывык, што мамка заступаецца. А не шкодзіла б вушы накруціць».
Пеця адышоўся ад Андрэя, паглядзеў на яго з ліслівай усмешкай.
— Андрэй, ты болей не будзеш бегаць?
— Буду.
Каб я не быў у кабінеце дырэктара, то, напэўна, надаваў бы Андрэю кухталёў. Ведаў бы, як са старэйшымі спрачацца.
— Ігар, — сказаў Пеця, — намалюй гэтага бегуна ў газеце. Такога, такога… Ну, сам ведаеш. Каб смяяліся.
— У нас, як у «Пінскай шляхце», выходзіць, — прагаварыў Ігар.
П'есу Вікенція Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» старшакласнікі нядаўна на школьнай сцэне паказвалі. Цікавая п'еса, смешная. Але чаму цяпер Ігар успомніў пра яе?
Пеця здзіўлена паглядзеў на Ігара.
— Ігар, я цябе не разумею.
— А што тут разумець. Як царскі чыноўнік шляхту караў? Усіх у парадак, агулам: «…сведкі, каторыя бачылі драку, а не баранілі,— па 9-ці рублёў, а ўсе прочыя, што не бачылі дракі, за тое, што не бачылі — па тры рублі». Так і ў нас. Гэты герой па партах носіцца, а ты і мяне караеш.
— Хіба я цябе пакараў?
— А хіба не? — усклікнуў Ігар. — Цэлы вечар прыйдзецца яго маляваць. Я лепей кніжку пачытаў бы.
— Пеця, давай я сам яго намалюю, — напрасіўся я. Вельмі мне захацелася зрабіць штосьці добрае. Каторы дзень толькі кепскае раблю. Хіба можна так?
— Намалюй, Максім. Калі ласка, намалюй, — узрадаваўся Пеця.
— Я мамцы скажу, — прамовіў Андрэй.
— Ідзі, ідзі ў клас, — падштурхнуў Пеця Андрэя. Андрэй выйшаў за дзверы, а Ігар чамусьці застаўся ў кабінеце. Не хацелася мне, каб ён тут заставаўся. Што, калі запытае ў Пеці, як той мяне пакараў.
— І ты ідзі,— падштурхнуў я Ігара. — Нам з Пецем трэба яшчэ пагаварыць.
А Ігар упёрся, не выходзіць.
— Ідзі, ідзі,— папіхаю яго.
— Не піхайся, — узлаваўся Ігар. — Я хацеў сказаць Пецю, што фотаапарат прынёс. На суботніку здымкі зраблю, у раённую газету іх пашлём.
— Добра, добра, — сказаў Пеця. — Ідзі.
Ігар паціснуў плячыма і выйшаў з кабінета, нечым незадаволены.
— Спакою не даюць, — паспачуваў я Пецю. Ен паглядзеў на мяне.
— А ты чаго прыйшоў?
Не ведаю, што я выдумляў бы, але Пеця раптам усклікнуў:
— Ах, зусім забыўся!..
І выскачыў з кабінета. Я толькі развёў рукамі.
«Трэба ў клас ісці,— думаю. — Скажу, што Пеця мне вымову аб'явіў. Пацешу публіку». Ды на стале зазваніў тэлефон. Рэзка, патрабавальна.
Я спыніўся. Можа, падняць трубку? Не. Аб чым стану гаварыць? Відаць, нейкі вялікі начальнік звоніць. Цікава: ведае ён ці не ведае, што сёння ў нас дзень самакіравання? Мабыць, ведае. Начальнікам усё вядома. Раскрычыцца потым. Маўляў, дазваніцца не магу, нікога ў школе няма. Што ж рабіць?
Мусіць, трэба ўсё-такі падымаць трубку. Скажу, што дырэктар слухае. Хіба здагадаецца начальнік, хто з ім гаворыць?
Я падняў трубку.
— Алё, школа слухае.
Не паварочваецца язык сказаць «дырэктар слухае». А з трубкі даносіцца:
— Гэта дырэктар?
Я набраўся смеласці.
— Але, дырэктар. Толькі не Мікалай Аляксандравіч, а Пеця Швайдзюк. У нас сёння дзень самакіравання. Вы ведаеце?
— Ведаю, — адказвае трубка. — Колькі саджанцаў вам трэба?
«Старшыня калгаса звоніць, — здагадаўся я. — Нарэшце знайшоў яго тата».
Я ўздыхнуў вальней. Уладзімір Паўлавіч — старшыня калгаса — можна сказаць, свой чалавек. Ен і ў нашай школе часта бывае. Вось як у мяне выйшла. З самім старшынёй калгаса па тэлефоне гавару. Будзе чым пахваліцца.
— Уладзімір Паўлавіч, гэта вы?
— Не, — грыміць з трубкі,— я Пётра Канстанцінавіч.
Вось дзіва. Пётра Канстанцінавіч… Не ведаю такога.
— Пётра Канстанцінавіч я! Мой сын да вас у школу ходзіць. Мне ад вучнёўскага камітэта пісьмо прыслалі.
Я так і сеў у крэсла. І быццам прыліп да яго. Ні ўстаць, ні паварухнуцца.
Пётра Канстанцінавіч… Гэта ж мой тата. Як я адразу не здагадаўся? Голасу роднага бацькі не пазнаў…
— Дык колькі саджанцаў вам трэба?
Я сказаў першае, што прыйшло ў галаву:
— Дзесяць.
— А хопіць?
— Угу, — выдыхнуў я.
— Да пабачэння.
Я моўчкі паклаў трубку.
Хутка сустрэнуся з татам. Вось не чакаў! На ўсю школу мы з Косцем абняславімся. Граматна напісалі пісьмо… Бегчы трэба, тату па дарозе пераняць, расказаць яму пра ўсё. Каб толькі ў школе не даведаліся…
І тут у настаўніцкую ўвайшоў Пеця. Я адразу кінуўся да яго.
— Пеця, з калгаса званілі. Саджанцы ў іх. Прасілі, каб хто-небудзь са школы прыйшоў.
Пеця паглядзеў на мяне, як на якое дзіва.
— Пра што ты? Спакойна растлумач.
— Яблыневыя саджанцы ў калгас прывезлі. Нам дзесяць штук даюць. Казалі, каб забралі мы. Дазволь мне забраць. Усё роўна ў нас цяпер праца. Я хутка збегаю, Пеця, добра.
— Бяжы, — прамовіў Пеця. — Толькі каб прынёс. Узяўся за гуж — не кажы, што не дуж.
Гуртам і ў бядзе лягчэй
Выскачыў я на калідор, ледзь Ігара з ног не збіў — той паспеў убок адскочыць. Штосьці крыкнуў Ігар наўздагон, але я ўжо дзверы зачыняў. Няма калі гаварыць, кожная хвілінка дарагая: трэба хутчэй да калгаснага праўлення бегчы.
Я прыпусціўся па дарозе. Прабег сто метраў, дзвесце — спацеў. «Не, лепей няспешна прайдуся, — думаю. — Яшчэ падумаюць людзі, што з урокаў уцякаю».
Да праўлення калгаса было не вельмі далёка: кіламетр, не болей. Гэты кіламетр я хутка прайшоў. І чым бліжэй падыходзіў, тым часцей тахкала маё сэрца, бо прадчуваў: нялёгка мне будзе.
Каля праўлення ні свайго бацькі, ні Косцевага я не застаў. І тады накіраваўся ў калгасны сад, здагадаўся, што там яны саджанцы выбіраюць.
У калгасным садзе працавалі толькі жанчыны-калгасніцы. Я некалькі разоў абышоў сад вакол, узіраўся пільна-пільна, ды дарэмна. Толькі цяпер зразумеў, што неяк размінуўся з імі.
Я сеў на пажоўклую траву, прытуліўся плячыма да ствала яблыні. На душы было трывожна, сумотна. І не дзіва. Хіба будзеш радавацца пасля гэтулькіх няўдач?
Я разумеў, што трэба вярнуцца назад, у школу, знайсці Косцю і разам з ім шчыра прызнацца ва ўсім тату, Вользе Пятроўне, Мікалаю Аляксандравічу, Пецю. Папрасіць у іх і ў сваіх аднакласнікаў прабачэння. Але хіба гэта лёгка?
Я сядзеў і думаў. Чаму са мною так здарылася? Чаму са мною, а не з кім іншым? Чаму? Я ўявіў, як наша школа выходзіць на суботнік. З шумам, з гоманам… Болей не мог заставацца адзін, у гэтым садзе. Усхапіўся і шпарка пакрочыў у школу.
На школьным двары мяне сустрэў Пеця. Ен стаяў і глядзеў на мяне.
— Пеця, — сказаў я, падышоўшы бліжэй, — пакліч Косцю, нам трэба…
— Косці няма, — перапыніў мяне Пеця.