Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Хрыстос прызямліўся ў Гародні

Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Краткое содержание книги:

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 171
Перейти на страницу:

Здаючыся, ён панікнуў, забыў аб усім, што думаў. І адначасова ў яго сам сабою падабраўся голы зад. Як у раба.

— Гэй, кат, — раптам сказаў Братчык вельмі «звычайным» голасам. — Штосьці мне тут ляжаць абрыдла. Ногі, разумееш, пацерплі. Рукі, разумееш, перацягнулі, халеры. Ну, чаго там з-за дробязаў, з-за глупства. Ладна. Апостал дык апостал.

— Хрыстом будзеш, — сказаў Камар.

— Не. Апосталам. Адказнасці меней.

— Хрыстом, — з пагрозай сказаў Лотр.

— Ды я ж недавучка!

— А ён, цесля, думаеш, што ўніверсітэт у Саламанцы скончыў? — усміхнуўся дамініканец.

— Ды я ж чалавек! — таргаваўся шкаляр.

— А ён? Памятаеш, як у Лукі Хрыстова радаслоўная заканчваецца?… «Еносаў, Сіфаў, Адамаў, Богаў». І ты ад Адама, і ты ад Бога. Семдзесят шэсць пакаленняў між Хрыстом і Богам. А ўжо амаль тысяча пяцьсот год з Галгофы мінула. Значыць, з таго часу яшчэ… колькі пакаленняў прайшлі. Значыць, ты больш высакародны і род у цябе больш старажытны. Зразумеў?

Гэты бацька будучых езуітаў, гэты сябра Лайёлы плёў сваю казуістыку нават без усмешкі, дакладна, як павук. Ён і блюзнерыў з адчуваннем, што гэта неабходна справе. І гэта было глупства, але страшнае глупства, таму што яно мела падабенства праўды і логікі. Жахлівая машына ваяўнічай царквы, усіх ваяўнічых цэркваў і ордэнаў, колькі іх было і ёсць, стаяла за гэтым няспешным пляценнем.

— Зразумеў, — сціснутым голасам сказаў Братчык. — Адвязвайце, ці што.

— Ну вось, — прымірэнча сказаў Лотр. — Так яно лепей. Праўда і талент — гэта зброя слабых. Таму яны яе і патрабуюць. Ды яшчэ і з дурной стойкасцю.

Адвязаны Братчык плюнуў.

— То ж бо вы, моцныя, закруціліся, як на патэльні.

— Нічога, — паблажліва сказаў Лотр. — Думай, што хочаш, абы танцаваў па-нашаму, пан Хрыстос.

Між тым брама дагарала. Пунсавела разжараная бронзавая луска. Палавіны амаль абваліліся. Сычэў жар, на які лілі ваду.

— Малімончыкі, — нявесела жартаваў Кляонік. — «Хрысто-ос! Хрысто-ос!» Калі вы ўжо так верыце, што Хрыстос, то чаго вы пяткі свае парэпаныя падсмаліць баіцеся?

— До ўжо табе, — змрочна кінуў Гіаў Турай. — Спадзявацца — яно трэба, але волю Божую выпрабоўваць — справа апошняя.

За брамаю ўсё яшчэ шалёна ляскалі мячы. Варта, закутая ў сталь, гінула, не пускаючы абложнікаў з муроў.

— Пайшлі! — сказаў каваль.

Мяшчане з бервяном рушылі проста ў пару і дым. Ударыла ў агонь бервяно. Узвіўся фантан іскраў. Паляцелі галавешкі і вуголлі.

…Карніла, ужо без стралы, уварваўся зноў у катоўню:

— Гінем!

— А вам за што плацяць? — спытаў Жаба.

— З апошняга б'ёмся! Знемагаем! — прахрыпеў сотнік. — Хутчэй, вось-вось уварвуцца.

— Ну вось, — сказаў Лотр. — Тут справа важлівая, ролі размяркоўваем, а ты — не сказаўшыся, а ты — без дакладу.

Карніла прагна хапаў паветра.

— Дык вось, пан Хрыстос, — непарушна сказаў Лотр. — Адна перад табою ўмова: праз месяц — кроў з носа, а ўзнясіся. Каб усшэсце на славу было.

— Я, можа, і раней.

— Гэ, не. Пакуль не паробіш усіх спраў тваёй царквы — і не думай. Ты, Карніла, за ім сачы. Захоча, халера, раней узносіцца — бі яго ў маю галаву і цягні сюды.

— Гэта Бога?

Лотр пачырванеў:

— Ты што, вышэйшы за святога Паўлу?! — гаркнуў ён. — А Паўла «раздзіраў і шкамутаў царкву, уваходзячы ў дамы і цягнучы мужчын і кабет, аддаваў у цямніцы».

За нізкім лобам у сотніка нешта варочалася. Хутчэй за ўсё, непамернае здзіўленне.

— Ды ну?

— Настаўнікі нашы кажуць! Намеснікі Божыя! Выканальнікі ягонай волі! Першыя правадыры царквы на зямлі!

— Дзіўна…

— Імем Хрыста клянуся.

Сотнік выцягнуўся:

— Слухаюся.

— Сачы. І глядзі, каб не прывабіў цябе філасофіяй і пустою спакусай.

Па сотнікавым твары адразу было відаць, што спакусіць яго ніякай філасофіяй немагчыма.

— Гэтыя філосафы маюць нахабства пра жыццё і смерць разважаць. А жыццё і смерць — гэта наша справа, царкоўнага суда справа, моцных справа. І гэта нам разважаць, жыццё там каму або смерць, і нікому больш…

Лотр абвёў вачыма бадзяг. Убачыў Роскаша, які трымаўся ўсё з той жа годнасцю, ганарліва адставіўшы нагу.

— Значыцца, так, — сказаў Лотр. — Ты, Багдан Роскаш, за шляхецкую ўпартасць тваю, зныня — апостал Фама, Тумаш няверны, іначай званы Блізнюк.

Чырвоны, як памідор, твар «апостала Тумаша» пачырванеў яшчэ больш:

— Мала мне гэтага па роду майму.

— Хопіць. Лявон Конаўка, рыбак.

— А! — тытунёвыя вочкі нядобра забегалі.

— Цябе з рыбакоў ледзь не першага завербавалі. Быць табе Кіфай, апосталам Пётрай.

Конаўка пачухаў лысіну, якая пачынала прабівацца між буйных кучараў, падступна ўсміхнуўся:

— А што. Я гэта заўсёды ведаў, што ўзвышуся. Я ж… незаконны сын караля Алеся. Кроў! Дык першым апосталам быць, гэта мне — лузанцы.

1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 171
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)