Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі
Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі

Электронная книга - «Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі». Краткое содержание книги:

“Пасьля “Зямлі пад белымі крыламі” Ўладзімера Караткевіча я ня ведаю іншай кнігі пра Беларусь, якая была б напісаная з такой любоўю, пранікнёнасьцю і верай, як кніга Паўла Севярынца.” Уладзімер Арлоў, пісьменьнік. “Гэтая арыгінальная аўтарская энцыкляпэдыя глыбока ўразіла мяне тым, як горача любіць яе стваральнік нашу мілую Бацькаўшчыну і як шмат ужо ведае пра яе. І я быў бы шчасьлівы, каб шчырую малітву Паўла Севярынца за Беларусь пачуў і паўтарыў кожны мой зямляк, асабліва малады.” Генадзь Бураўкін, паэт.
1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 88
Перейти на страницу:

Магнаты – магутныя рухавікі беларускай гісторыі. Мікалай Радзівіл Чорны за 12 гадоў літаральна перавярнуў ВКЛ Рэфармацыяй; Леў Сапега збудаваў на груньце Статуту дзяржаву закону; Міхал Клеафас Агінскі ў XIX ст. адзінаасобна спрабаваў вярнуць ВКЛ на арэну геапалітыкі. Апошнім з магутных магнатаў быў спонсар нацыянальнага руху пачатку XX ст. Рыгор Скірмунт.

Магнат – самая ўдалая рыфма да слова "мэцэнат". Беларускія магнаты фундавалі кнігадрукаваньне, музыку, жывапіс, тэатар, навуку. Адныя Радзівілы былі вартыя цэлага міністэрства культуры. Яўхім Храптовіч заснаваў Адукацыйную камісію РП і сабраў у Шчорсах знакамітую бібліятэку, Тышкевічы ахвяравалі большасьць сваіх багацьцяў на ўнікальны музэйны збор, Агінскія спансавалі тэатар і опэру... І ўсё гэта праз акупантаў дасталося лепшым скарбніцам сьвету ў Маскве, Бэрліне, Піцеры, Варшаве, Нью-Ёрку.

Магнаты былі фактычнымі лідэрамі канфэсійных партыяў. Мікалай Радзівіл Чорны застаўся ў нашай гісторыі ў першую чаргу як правадыр кальвінскага руху, Канстаньцін Астроскі – як галоўны апякун і абаронца праваслаўя, фундатар цэркваў і брацтваў, Хадкевічы – як заснавальнікі дзесяткаў касьцёлаў і кляштараў.

Магнаты – сіла й слабасьць гісторыі ВКЛ. Нямногім магнатам Госпад Бог даў многае, і многа зь іх спытаў. Магнацкая пыха, самадурства й разбэшчанасьць, выкарыстаныя захопнікамі, урэшце рэшт і давялі Беларусь да міжсобных войнаў ды здачы. Большасьць магнацкіх родаў разарыліся, здрабнелі, вырадзіліся.

Але беларускія магнаты залатога веку і пасёньня – шыкоўны ідэал для нацыянальнага бізнэсу. "Магнат" па-беларуску значыць ня "мафія", не "наменклатура" й не "алігарх". Магнат для беларускага пэрсаналісцкага мэнталітэту – гэта нешта сярэдняе паміж патрыярхам і супэрмэнам.

І калі чуеш чарговы раз па тэлевізіі пра Абрамовіча – ну, таго самага Абрамовіча, 25-га ў сьпісе найбагацейшых людзей сьвету, які нядаўна набыў футбольны клуб "Чэлсі" – узгадваеш, што ў Варнянах, Астравецкі раён, ад сядзібы магнатаў Абрамовічаў застаўся адно вялізны, зь лёнданскі стадыён памерам, выпусташаны парк; падлічваеш, што адзіны мільярдэр беларускага паходжаньня ў стане зафундаваць аднаўленьне чыста ўсіх родавых гнёздаў вялікалітоўскае магнатэрыі – і міжволі адчуваеш гонар за Радзіму.

Трэба жыць у Беларусі XXI стагодзьдзя, каб зразумець, як нам не стае сёньня Радзівілаў, Сапегаў і Хадкевічаў. Уплывовых гаспадароў. Прыроджаных лідэраў. Проста буйных асобаў.

Усё шасьцёркі ды валеты?.. Туз, панове! Беларусы, нацыя кнігадрукаваньня й міжмоўя, слова й вобразу, яшчэ ўразяць сьвет топ-пэрсонамі са сьпісу часопісу "Форбс" – сузор'ем бліскучых мэдыя-магнатаў.

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ

“НЕ – ЗА – ЛЕЖ – НАСЬЦЬ!” – скандавалі беларускія маніфэстацыі эпохі развалу Савецкага Саюза.

Незалежнасьць! – гэта крык душы белай Беларусі, якой неабходна застацца чыстай сярод бруду, крыві й гвалту.

Незалежнасьць! – тое, што жыло ў напружаных жылах жаўнераў Слуцкага чыну, што вышыбалі зь беларускіх галоваў стрэламі ў патыліцу, што вырывалі, быццам прызнаньні на допытах, цэлымі старонкамі зь беларускай паэзіі й прозы.

Незалежнасьць! – так гучыць у беларускім вымярэньні Божы цуд вольнае волі, свабоды выбару й асабістае адказнасьці.

Імкненьне да дзяржаўнай незалежнасьці – імпэратыў беларускай гісторыі. Самастойнасьць, саматоеснасьць, самасьвядомасьць былі абавязковай умовай рэалізацыі нацыянальнай ідэі. У розных іпастасях незалежнасьці – Полацкім княстве, Залатым веку ВКЛ, БНР, Рэспубліцы Беларусь – мы дасягалі вяршыняў. Вуніі й саюзы, аслабляючы незалежнасьць, у выніку разбуралі цэласнасьць нацыі. Наяўнасьць незалежнай, сьвядомай, духовай Беларусі ў геапалітычным цэнтры Эўропы заўжды ўспрымалася імпэрыямі як яўная пагроза. Самыя вядомыя героі беларускай гісторыі – змагары за незалежнасьць. Усяслаў Чарадзей адстойваў незалежнасьць ад Кіева й Ноўгарада, Вітаўт – ад крыжакоў і татараў, Леў Сапега – ад Польшчы й Масквы.

1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 88
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)