Пратэст здрадніка адхілілі, апеляцыя да шляхецкіх прывілеяў была прызнаная ў становішчы Рыгора Осціка недарэчнай, бо, як заявіла скліканая ваенная Рада на чале з каралём, толькі людзі з чыстым сумленнем маюць права карыстацца шляхецкімі прывілеямі, але не махляры i здраднікі (Kraushar 1891: 393).
Неадкладнае пакаранне злачынцы тлумачылася ваенным часам i павінна было стаць перасцярогай для іншых. У чарговы раз праявіўся рашучы, энергічны характар Стэфана Баторыя. Але калі ўчынак Осціка не выклікаў у грамадстве ніякіх пачуццяў, акрамя пагарды i гнеўнага асуджэння, то не зусім законна праведзены суд над здраднікам выклікаў у часткі шляхты пэўную незадаволенасць: шляхта балюча пераносіла нават самае дробязнае парушэнне cвaix прывілеяў.
С. Лаўрэнці цалкам падтрымліваў палітыку ўзмацнення ўлады караля i асуджаў свавольства шляхты; аўтарская пазіцыя ўтварала, такім чынам, палітычны элемент у маральна-філасофскай па свайму характару паэме. Палітычная накіраванасць паэмы не ўступала да гэтага моманту ў канфлікт з яго мастацкай структурай, не перашкаджала пciхалагічнаму выяўленню пачуццяў героя (вядома, псіхалагічнаму на ўзроўні таго часу).
Ухваліўшы бездакорнасць суда над Осцікам вуснамі самога Осціка, узяўшыся апраўдаць дзеянні караля ў вачах яго праціўнікаў, – ці не парушыў С. Лаўрэнці ў фінале паэмы гармонію паміж мастацкім зместам твора i яго маральна-палітычным падтэкстам, ці не перайшоў мяжу дазволенага ў выяўленні ад імя героя сваіх уласных думак i пачуццяў?
Цікава, што найбольш праблематычнаму ў адносінах пciхалагічнай праўды фіналу твора (праслаўленне караля, ягонага суда i г. д.) папярэднічае яго найбольш паэтычная, вобразна-экспрэсіўная частка. Смяротны прысуд ужо вынесены, герой паўстае на парозе пакарання за свае rpaxi i памылкі, надыходзіць час прасвятлення, падвядзення вынікаў зямнога існавання. І аўтар, сумленна прайшоўшы побач з героем увесь яго складаны i супярэчлівы жыццёвы шлях, на нейкі момант нібы пакідае свайго героя сам-насам з загубленым жыццём i ўсведамленнем непазбежнасці хуткай смерці:
O, nieszczęsna godzino, w ktorą jestem spłodzon,
A z mej uczciwej matki na ten świat narodzon.
Zaprawdę bym był wolał w żywocie matki mej
Umrzeć, niżli doczekać tak śmierci haniebnej.
Wolałabys, o matko, na me miejsce spłodzić
Kamień, niż na tę hańbę mnie syna urodzić.
O, nieszczęśliwe ciało, czegoś doczekało,
Iż katowskie karanie dziś będziesz cierpiało?
I ktoż cię da pogrzebu schować doprawadzi?
Żaden iście, bowiem to poczciwemu wadzi.
Gdym sobie bujał z młodu, miałem orszak ludzi,
Teraz mię opuścili nawet właśni słudzy.
(Laurenci 1972: 113)
Пранікнёны маналог героя на парозе смерці напоўнены максімальна змрочнымi фарбамі, адчаем i безвыходнасцю, усведамленнем трагічнасці загубленага жыцця. За прасвятленнем i пакаяннем надыходзщь час апошняга развітання, аўтар зноў займае месца побач з героем, каб ягонымі вуснамі выказаць словы ўдзячнасці каралю i Айчыне, і тутзноў узнікае пытанне аб псіхалагічнай дакладнасці паэмы С. Лаўрэнція.
Рэч у тым, што ў паэме два ўзроўні: эпічны, падзейны i лірычны, пачуццёвы. На першым узроўні, эпічным, падрабязна паведамляецца пра нікчэмнае жыццё Осціка, ягоную здраду, пакаранне i суд. На гэтым узроўні прасвятленне i пакаянне героя адбываюцца адпаведна хадзе падзеяў, у канцы паэмы. Але на другім узроўні, лірычным, які выяўляе пачуццёвае ўспрыманне героем сваіх учынкаў, ix маральную ацэнку, Осцік з’яўляецца “прасветленым" ад самага пачатку, бо ўвесь “Лямант..." – гэта, па-сутнасці, споведзь, успаміны грэшнiкa, які пакаяўся. На першым узроўні вобраз Осціка – дынамічны, рухомы, ён ускладняецца з кожным новым злачынствам, фактам біяграфіі. На другім узроўні Осцік – статычны, вызначаны, духоўная эвалюцыя яго ўжо адбылася, i заканамерна, што ахвяраў Осціка-злачынцы Осцік-“прасветлены" называе “беднымі дзеткамі", “пакутнікамі-мужамі", “сумленнымi жонкамі".