Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Евангелле ад Іуды
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 2000
- Язык: белорусский
- ISBN: 985-6576-14-8
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Евангелле ад Іуды». Краткое содержание книги:
Анея не глядзела на яе.
— То што, даслаць бізун?
— Дашліце яго гародзенскім айцам царквы. Ён з іх крыху юру выпусціць. А я ні маліцца, ані бічавацца не буду. І вы не робіце — і я не буду.
— У нас д'ябальскіх думак няма.
— У каго ж яны тады ёсць? Кажу: бізун пакіньце сабе.
— Што ж гэта, паня такая?
— Нельга ўзняць руку на плоць Божую. У мяне можа быць сын.
— Адку-уль?
— Не ведаеце, як бываюць дзеці? Дзіўна, мне здавалася, што менавіта вы павінны ведаць гэта лепей за ўсіх… Я г о н ы сын.
Твар ігуменні пайшоў плямамі.
— Не магу… Не магу, — яна раптам зарагатала. — Дык ты думала, ён Бог? Шалбер ён, прайдзісвет, шкаляр, які з калегіюма вылецеў. Апосталы ягоныя — зладзеі ды канакрады. Яго пад бізунамі прымусілі Богам быць. Хрысто-ос! Ды ён з васковага Хрыста ў храме за шэлег порткі здыме.
Жанчына паглядала ёй у вочы і зразумела — праўда.
І раптам загучала музыка начнога саду, шолах дрэў, гукі пацалункаў. І пачула яна зноў ягоныя словы аб тым, што ён шкаляр, што «дзеля яго самога», што «а каб я быў іншы». І ўбачыла яна месячны дым, і неба, і гукі далёкіх званоў, і спевы анёла, які казаў аб тым, што боязі няма, і другія спевы, у якіх ганец з любоўю і тугой казаў: «Кахаю».
Ён не хацеў падманваць яе. Ён казаў пра ўсё, і толькі яна была глухая, была дурніца і чакала прывіду… А прывід быў жывы. І ён шаптаў ёй дзівосныя словы, ніколі дагэтуль не чутыя на зямлі, узятыя з неба… І, значыцца, было ўсё адно, хто ён.
— А прывід быў жывы, — ціха сказала яна, і вочы яе з нянавісцю зірнулі на ігуменню.
Тая не зразумела яшчэ, што прайграла:
— Разумееш? Прайдзісвет!
— А мне ўсё адно, — усміхнулася Анея. — Магчыма, я і хацела пасці? І менавіта з ім.
Аблічча было нязломна-незалежнае. Ігумення яшчэ знайшла сілу іранізаваць:
— Пасці? То ішла б адразу ў наш кляштар.
— А мне вашы зладзеі з вялікай дарогі без патрэбы. У мяне — мой. Мне ўсё адно, хто ён, — яна ўперла рукі ў бокі. — Параўнаць з вашымі ніжнікамі, дык ён вышэй за Бога. І яго вы не адбярэце ў мяне, добрага, моцнага, пяшчотнага. І мяне нельга ад яго адабраць. І я не ўздыму рукі на ягоную плоць!.. А кляштар ваш не ў імя Марты і Марыі, а ў імя вялікай блудніцы і самога сатаны, у якога другое імя — Лотр!
…Марта і Марыля раніцай наступнага дня правялі іх да раздарожжа. І Марыля спытала, ці прыйдзе Хрыстос яшчэ… да яе. А ён адказаў ёй, што, відаць, не, што занадта далёка ідзе ягоны шлях. І тая пайшла дадому, здзіўляючыся яго незразумелай святасці. Таму што яна не паставілася б да яго жорстка. А Марта ішла і ў душы радавалася яе няўдачы.
…І зноў дарога. Поўныя сумы за спіною. У скрыні ў Іуды бразгаюць грошы, і, значыць, можна ісці далёка-далёка. А перад Іліяшам бяжыць свіння. Адна з двухсот Лазаравых. Таму што Лазар — сальнік. Свіння харошая, пярэстая.
Радасна глядзець на Божы свет. Але не ўсім.
У Пятра балела галава. Ішоў і звягаў:
— У падзяку за ўваскрэсенне паднеслі яны нам хваробы.
— А малодшая была нішто, — сказаў Андрэй.
— Не з тваім… гэна… лычам… — абарваў яго Піліп. — Яна… гэна… ад Братчыка не адыходзіла. Аж старэйшая… узраўнавала. І чаго глядзеў чалавек?
Магдаліна ўсміхнулася трохі пагардліва. У бліжэйшым мястэчку трэба выпусціць голуба і напісаць, што Юрась, нават калі і не шукае схопленую, нікога не хоча, і, значыць, гэта занадта сур'ёзна. Значыць, калі ён даведаецца праўду — гневу яго не будзе мяжы.
І ўсё ж ён быў не такі, як тыя, з кім зводзіў яе лёс дагэтуль. Яна адчувала нават міжвольную зацікаўленасць да яго. Цень павагі, калі яна здатная была да павагі.
Раздзел ХІХ. Індульгенцыі
Кажуць, аднаму чалавеку напляваць было на веру і пекла, а патрэбная яму была бяскарнасць. І гэты адзін купіў індульгенцыю і тут жа даў патаўпешкай па галаве суседу.