Вятрак – птушка вольная
- Автор: Ткачев Василь
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вятрак – птушка вольная». Краткое содержание книги:
Князь Манамах любіў адпраўляцца на паляванне раптоўна, знянацку—быццам бы ладзіў нейкія іншыя справы, а потым клікаў да сябе цівуна, ставіў яму задачу, першым усковаў на каня, а за ім – і ўся яго дружына. Па дарозе князь, каб з большай карысцю скарыстоўваць час, цікавіўся, што і як расце на палях, заглядваў у клеці і свірны, іншы раз заходзіў і ў хаты смердаў, пытаўся, ці не крыўдзяць іх ягоныя людзі. Бо князь разумеў: зямля трымаецца на смердах і халопах, і калі яны разарацца—будзеш даведзены да галечы і сам.
Паляванне на берагах Убарці князю Манамаху на гэты раз не ўдалося—раз’юшыны дзік сарваў з бядра князя меч, і пакуль яму падалі новы, той вострымі ікламі пакусаў каня за ногу . І збег на вачах у разгубленых ахоўнікаў.
– Няхай жыве,– паглядзеў князь услед дзіку і загадаў цівуну падаць яму торбачку з жалудамі.–Тут многа дзікоў водзіцца, а дубоў расце мала. Дзікам няма ежы. Яны галодныя і злыя. Будзем садзіць дубы.
Князь зняў з галавы шолам, перасыпаў туды жалуды і паўтарыў на гэты раз больш гучна і цвёрда:
– Будзем садзіць дубы!
Кожны падыходзіў да князя, запускаў руку ў шолам, браў свой жолуд. Першы жолуд закапаў у зямлю сам Манамах. А вяртаючыся з палявання , гаварыў сваім людзям:
– Дубы няскора вырастуць і пачнуць атрасаць на зямлю жалуды. Але нашчадкі нам дзякуй скажуць, бо сёння мы зрабілі добрую справу...
Дубкоў у лесе вырасла шмат, але ўсіх іх абагнаў адзін дубок—той, што быў пасаджаны самім князем Уладзімірам Манамахам. Пражыў той дуб амаль пяцьсот гадоў, а калі памёр, то побач з ім, трухлявым, пацягнуўся да сонца тоненькі дубок – сынок таго вялізнага , магутнага дуба. І вырас гэты дубок яшчэ больш тоўстым і высокім, чым ягоны бацька.
Калі сёння ўзабрацца на той дуб, то далёка відаць усё наўсцяж. Палі, лясы, азёры, рэкі... Прыгажосць! Як і марыў князь Манамах, да гэтага дуба прыходзяць дзікія кабаны, падбіраюць вялікія—з указальны палец дарослага чалавека акурат—жалуды, апетытна хрумстаюць. І адкуль ім, дзікам, ведаць, што некалі жыў грозны і адначасова добры князь на Русі Кіеўскай Уладзімір Манамах, і што гэта ён даўным-даўно паклапаціўся, каб ім было больш сытна сёння.
Не ведаюць яны, дзікі, і пра тое, вядома ж, што прыходзяць сілкавацца не проста да дуба, а—да Цар-Дуба.
Праехаць да Цар-Дуба аказалася справай нялёгкай. Прайшлі на Палессі зацяжныя восеньскія дажджы, і яны нарабілі клопату—сапсавалі ўшчэнт дарогу, якая і да іх, дажджоў, не надта была добрай: яміны, разбітыя коламі трактароў і грузавікоў каляіны... І ўсцяж заліта ўсё гэты раз вадой. А праехаць да Цар-Дуба трэба абавязкова – Пятро Мікітавіч Аўдзееў даў слова ўнуку Мікітку паказаць яго, а калі даў, то і стрымаць належыць. Ехалі ж сюды яны здалёку—ажно з Харкава, гэта горад такі ёсць на Украіне, куды закінуў пасля вайны лёс маладога беларускага хлопца, там Пятро скончыў вайсковае вучылішча, пакахаў украінскую дзяўчыну Ганку, і вось цяпер яна, ужо Ганна Сідараўна, праводзіла іх абодвух, дзеда і ўнука, у няблізкую дарогу, хвалявалася вельмі: ці даедуць жа яны да таго дуба, ці знойдуць? Яшчэ Ганна Сідараўна баялася, што шмат часу прайшло з тае пары, то і дуба , пэўна ж, ужо даўно няма. На што дзед адказаў упэўнена і пераканана: «Ты, бабуля, не ведаеш аднаго—той дуб немец не змог знішчыць, каб знала, не толькі што!.. Ён—помнік, ахоўваецца дзяржавай. Ды і малады яшчэ той дуб—яму ўсяго пяцьсот гадоў дзесьці...» А Мікітка, слухаючы дзеда, здзівіўся не на жарт: «Нічога сабе малады! Уго-о!» І таму яму яшчэ больш карцела паехаць да Цар-Дуба ў госці. Хутчэй бы. А неяк дзед і сказаў унуку:
– Збірайся, Мікіта. У цябе якраз вакацыі... Я чаму цябе да дуба хачу цяпер звазіць, глыбокай восенню? Не здагадваешся?
– Не-а,– шчыра прызнаўся хлопчык.
– Каб ты паглядзеў, якія вялізныя жалуды вырастаюць на тым дубе. А ўбачыць іх можна толькі ўвосень. Уражваюць, нічога не скажаш, жалуды Цар-Дуба. Надта ж вялізныя! Ды што я табе іх расхвальваю? Сам убачыш.
І вось цяпер яны спыніліся на ўскрайку лесу, вырашаюць, што рабіць далей. Таксіст, схадзіўшы на разведку дарогі, вярнуўся пахмурны, пакруціў галавой:
– Не прайду...
Дзядуля разліўчыўся з таксістам, той падзякаваў і набіваўся прыехаць за імі, каб забраць і адвезці назад у Лельчыцы на аўтастанцыю, але Пятро Мікітавіч адмовіў яму ў такой паслузе, спаслаўшыся на тое, што яшчэ невядома, колькі яны прабудуць тут, у Данілевічах. Данілевічы—не проста вёска, гэта радзіма Пятра Мікітавіча, і ён дакладна не ведаў, калі яна адпусціць яго, аднак быў упэўнены—толькі ні сёння.