Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Нарэшце мы апынуліся ў Менску, злезлі з цягніка. Падбеглі да нас рыкшы, самыя сапраўдныя хлапчукі, упрэжаныя ў тачкі. Дзікасць несусветная. Узвалілі мы аднаму такому свае рэчы, ён і павёз. Гляджу на Русака й кажу: «Вось і прыехалі мы на Беларусь, каб бедны хлопчык валок нашыя рэчы». Русак падышоў да хлопчыка, упрогся разам з ім у тачку, і так яны йшлі пасярод вуліцы.
Менск ляжаў паранены, разбіты, адны руіны й нішчата. Я пачала плакаць, нервы мае не вытрымалі. Не магла глядзець на шэрых, убогіх маіх землякоў, на іх твары худыя й на кантраст — сытых немцаў...
Нам паказалі будынак, дзе быў Кангрэс. Мы прыехалі позна, Кангрэс ужо адбыўся. Да нас падыходзілі людзі, знаёміліся з намі. Мяне ўсе ведалі з літаратуры. Твары людзей чырванелі з нейкага неспакою, аказалася, яны выступалі горда, моцна супраць усіх ворагаў Беларусі й супраць немцаў, не скрываючы гэтага. Кангрэс гэты дазволілі нехрысты толькі адступаючы, калі гінулі ўжо самыя, тады толькі згадалі пра нас. Людзі разумелі гэта.
Да мяне падышоў Вітушка, сказаў, што завязе мяне да Арсенневай[114]. Калі апынуліся ля ягонай машыны, такога нейкага «казла», ён спыніўся й кажа: «Ларыса Геніюш, я ненавіджу немцаў, я толькі й толькі беларус, але нам трэба здабыць яе для народу, гэту зямлю нашу, і трэба нам усё дзеля гэтага выкарыстаць... Я мусяў сказаць вам гэта».— «А я й так гэта ведала».
Мы паехалі да Кушаляў[115]. Наталля Арсеннева была сама ўдома, мы прывіталіся. Я памылася. Раптам увалілася ў хату поўна моладзьі, яны хацелі, каб я пабыла з імі, у іхняй кампаніі гэты вечар. Наталля Арсеннева іх ветліва ўсіх выправадзіла. Мяне ўлажыла ў пасцель, і я, плачучы, як дзіця, заснула. Вечарам збудзьілі мяне, прыйшоў Кушаль. Мала ў жыцці я сустракала так шляхотных, бескарысных патрыётаў, якім быў Кушаль. Ён, як і Вітушка, жыў і дыхаў толькі тым, што мог нешта рабіць для Беларусі.
Мы былі ў такім становішчы, што нам нельга было абмінуць найменшай магчымасці, дзе можна было б заявіць аб тым, што мы людзі й зямля гэтая — наша зямля! Аб сабе з нас мала хто думаў, думалі аб народзе, аб справе. Нам нельга было падняць наш народ, але старацца захаваць яго фізічна, ратаваць яго ад ворагаў, ад абыякавых, штурхаючых сёлы на гібель, было неабходна.
«Малая розніца між немцамі й рускімі для нас»,— адказаў мне Кушаль, калі я ганіла немцаў. «Яны нелюдзі, але й тыя нічога добрага, акрамя лагероў і смерці, пакуль што не прыняслі нам». Я змоўкла. Пачалася трывога, і мы спусціліся ў склеп, дзе я адчувала сябе як у Празе, бо публіка была там еўрапейская. Аказалася, што ў гэтым доме жывуць немцы й склеп супольны. Назаўтра з Наталляй Арсенневай мы пайшлі ў Дом ураду. Нас агледзелі, далі пропуск, і мы падняліся наверх. Сустрэў нас першы Кастусь Езавітаў. Ён быў несказана рады з нашае сустрэчы, бо даўно ўжо шмат пісаў мне, называючы мяне салаўём беларускай эміграцыі. Прыйшоў да нас і Юрка Віцьбіч[116]. Ён сабраўся ад’язджаць, раскрыў свой чамаданчык і паказаў мне, што, акрамя кашулі, узяў з сабою ў дарогу маю кніжку... Назбіралася моладзі. Нехта нас фатаграфаваў. Пасля Езавітаў пазнаёміў мяне з Радаславам Астроўскім[117]. «Я чуў пра вас»,— сказаў мне Астроўскі, нейк крыху непрыязна глянуўшы на мяне. «I я пра вас чула»,— кажу яму ў адказ. Прэзідэнт спяшаўся, сказаў усім сабрацца ў вялікую залю. Мы туды пайшлі таксама. На цэнтральнай сцяне вісеў вялікі партрэт Астроўскага. Людзей сабралася поўна. Астроўскі загадаў усім эвакуявацца, каб пайшлі атрымаць трохмесячную зарплату й збіраліся ўцякаць. Людзі заварушыліся. Я ўбачыла свайго знаёмага яшчэ з дзяціных гадоў. Ён падышоў да мяне, і я крыху супакоілася, бо ведала, што гэты харошы чалавек выратуе мяне з найгоршага. Мы зноў паехалі да Кушаляў, але без Наталлі. Яна пабегла да бацькоў Адамовіча[118], якія былі самыя, яна наагул найменей думала пра сябе, памагала іншым.
Усім было загадана сабрацца ўжо з рэчамі ля будынка, дзе быў Кангрэс. Я пачала пакаваць рэчы Кушаляў, завязваць усё ў клункі. Кушаль паглядзеў па хаце й кажа: «Трэба каб нашае сэрца было пры нас, глупства ўсё гэта, набытное». Пакідалася многае. Насмажыла я нейкай яешні, накарміла ўсіх, і мы паехалі на той панадворак, дзе ўжо сабралася многа людзей. Не відно было чамаданаў: клункі, клункі. Сэрца сціскалася, гледзьячы на гэтых людзей. Куды ехаць, да каго ехаць? Мы, якіх павыклікалі з-за граніцы, мелі права ад’ехаць цягніком. Было нас даволі. Сябры выпрасілі нейк персанальную машыну Астроўскага й злажылі туды свае рэчы. Пасадзілі мяне ў машыну, каб ехала за імі, калі прыйдзе шафёр. Поўная машына партфеляў, чамаданчыкаў, і я сяджу ля іх, вартую. Твар у мяне заплаканы, хоць усе да мяне тут добра адносяцца, але горад у руінах гняце несуцешна. Немцы едуць, гаргечуць, а мы тут седзьімо, чакаем варожае ласкі — згінь ты, прападзі... Падышоў да мяне Алесь Салавей[119], прысеў — такі прыгожы юнак, прадэкламаваў мне мае вершы. З маленькім клуначкам і маладой жонкай з дзецям на руках падышоў яшчэ адзін паэт. Гэта ўсяго іх багацця. Душаць слёзы. Для ўсіх багатая мая Беларусь, жывуць тут і пасуцца розныя адшчапенцы, толькі для сваіх дзяцей яна такая няшчодрая. А яны яе любяць, нясуць жыццё сваё ёй у ахвяру й гінуць, і вецер заносіць пылам сляды іх. Між іншым, той паэт з жонкаю трапіў да баўэра ў Нямеччыне. Памерла дзіцятка іх, не было ў чым пахаваць, аж кляты фрыц злітаваўся: даў дзве дошчачкі беларусянятку памершаму. Закапалі малое, як жывёлінку.
114
Арсеннева Наталля (1903–1997) — паэтка і грамадская дзеячка; падчас Другой сусветнай вайны працавала ў рэдакцыі «Беларускай газеты». З 1950 г. жыла ў ЗША.
115
Кушаль Францішак (1895–1968) — палітычны і вайсковы дзеяч; муж Н. Арсенневай.
116
Віцьбіч Юрка (сапр. Серафім Шчарбакоў; 1905–1975) — пісьменнік, грамадскі і культурны дзеяч; з 1944 г. жыў у Нямеччыне і ЗША.
117
Астроўскі Радаслаў (1887–1976) — палітычны дзеяч, прэзідэнт Беларускай Цэнтральнай Рады (абвешчаная ў 1943 г. у Менску).
118
Адамовіч Антон (1909–1998) — беларускі пісьменнік, гісторык і літаратуразнавец; пасля Друнгой сусветнай вайны жыў у Заходняй Нямеччыне і ЗША.
119
Салавей Алесь (сапр. Радзюк Альфрэд; 1922–1978) — паэт і перакладчык; падчас Другой сусветнай вайны жыў у Рызе, працаваў у рэдакцыі часопіса “Новы шлях”. З 1949 г. жыў у Аўстраліі.