Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Багуслаў Радзівіл
Багуслаў Радзівіл - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Багуслаў Радзівіл

Электронная книга - «Багуслаў Радзівіл». Краткое содержание книги:

Гістарычны раман-эпапея ўкраінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай прысвечаны маладым гадам жыцця Багуслава Радзівіла — адной з самых загадкавых і супярэчлівых постацей у гісторыі Рэчы Паспалітай XVII стагоддзя.
Прыгажун і адчайны каханак, небяспечны дуэлянт і тонкі палітык, дыпламат і адважны военачальнік, які асабіста прымаў удзел у бітвах Трыццацігадовай вайны, шведскага «Патопу» і Хмяльніччыны…
Гэтая кніга дазволіць чытачу наведаць Англію часоў рэвалюцыі, Францыю эпохі Рышэлье і Мазарыні, Галандыю, Бельгію, Германію, Аўстрыю, Малдавію, Рэч Паспалітую, перажыць разам з героем прыгоды на моры і на сушы, пабыць шкаляром, а затым і студэнтам універсітэта, пасяліцца ў вайсковым лагеры, прыняць удзел у баях і паядынках, павесяліцца на балях і ў жаночых пакоях, папрактыкавацца ў палітычных інтрыгах і, нарэшце, бліжэй пазнаёміцца са славутымі асобамі сусветнай гісторыі.
1 ... 42 43 44 45 46 47 48 49 50 ... 264
Перейти на страницу:

Калі прыступ хваробы і роспачы прайшоў, князь Крыштаф, добра аддзячыўшы Мацею за лячэнне і карысныя звесткі, адправіў яго ў палац, а сам цяжкай хадой прайшоў у спальню Катарыны. Януш яшчэ сядзеў пры сястры і, убачыўшы бацьку, перасцерагальна прыклаў палец да вуснаў: «Тс-с-с!» Князь Крыштаф жэстам паказаў сыну, каб не турбаваўся, і на дыбачках асцярожна падышоў да ложка. Дачка спакойна спала. Прыслухаўшыся да роўнага дыхання, гетман з палёгкай уздыхнуў і, клапатліва паправіўшы коўдру, што збілася набок, далікатна крануўся вуснамі яе ілба.

— Я вельмі шкадую, дачушка, — са скрухай сказаў ён. — Тая праклятая карона не вартая тваіх слёз.

Раздзел 9

СА СМЕРЦЮ НЕ ЖАРТУЮЦЬ

Біржы

(жнівень 1635 года)

Біржы, радавое радзівілаўскае гняздо, што стаіць на важным гандлёвым шляху паміж літоўскай Вільняй і шведскай Рыгай, яшчэ дзесяць гадоў таму магло пахваліцца магутнай крэпасцю, акружанай абарончымі валамі, ровам з вадой і штучным возерам, для стварэння якога была пабудаваная плаціна на рэках Апашчы і Аглуюне. Падчас апошняй вайны Рэчы Паспалітай і Швецыі замак захапілі шведы, і калі князь Крыштаф змог вызваліць свае ўладанні ад варожага нашэсця, ад крэпасці засталіся адны руіны. Цяпер каля іх кіпела работа, князь-гетман загадаў адбудаваць умацаванні па апошнім слове галандскага фартыфікацыйнага мастацтва. Гэтым і займаўся спецыяльна запрошаны архітэктар Піркен. Менавіта да яго і прыбыў Багуслаў, каб паглыбіць свае веды па матэматыцы і ваеннай фартыфікацыі, неабходныя для запаветнай вайсковай кар’еры.

У вольны ад навукі час Багуслаў паляваў на звера ў навакольных лясах і практыкаваўся ў рыцарскіх забавах, да якіх меў выдатныя здольнасці і ахвоту. Упэўнена седзячы ў сядле, цяжкай дзідай лёгка ламаў драўляныя мішэні. За некалькі дзясяткаў крокаў кідаў дзіду, і тая трапляла проста ў цэль. Пусціўшы каня наўскач, зрываў кальцо і сек саламяную галаву пудзіла. Любіў страляць з мушкета і ўжо дасягнуў такога ўмення, што ніхто з самых знакамітых стралкоў гарадскога гарнізона не мог яго перасягнуць. Але больш за ўсё княжыч любіў фехтаванне. Хутка французскі афіцэр дзю Берт, які вучыў яго гэтаму мастацтву і заадно тлумачыў правілы гонару, якіх трымалася французская шляхта, ужо мала чым мог здзівіць гадаванца. На ліха, месье яшчэ лічыўся знаўцам сакалінага палявання, таму, задурыўшы галаву князю Крыштафу паляўнічымі байкамі, дамогся дазволу вучыць гэтаму і Багуслава. Здабыўшы недзе дзікага сокала, ён прэзентаваў яго княжычу.

Драпежная птушка паныла сядзела ў клетцы. Скураны каўпак прыкрываў ёй вочы, а кіпцюрыстыя лапы былі перавітыя скуранымі путамі, доўгі канец якіх француз трымаў у руцэ.

— Мы падобныя з табой, дружа, — прамармытаў Радзівіл, са шкадаваннем гледзячы на сокала. — Я таксама пакуль павінен рабіць тое, што скажуць, а не тое, чаго сам хачу.

— Спачатку трэба прывучыць сокала садзіцца на руку гаспадара, — месье працягнуў княжычу скураныя пальчаткі і міску свежага мяса, з якога яшчэ ішла пара. — Яго не кармілі два дні і не давалі спаць, таму стомленая і галодная птушка далёка не паляціць і будзе лепш слухацца.

Ён гучна і працяжна свіснуў. Галодны сокал кінуўся прэч з клеткі, але, наткнуўшыся на краты, абурана крыкнуў.

— Tres bien![56] — узрадаваўся паляўнічы і, адчыніўшы дзверцы, узнагародзіў сокала кавалкам мяса, які той прагна праглынуў. — А цяпер, прынц, надзеньце пальчатку і паспрабуйце яго паклікаць такім жа свістам. А калі падляціць, падстаўце руку. Толькі далей ад клеткі адыдзіце.

Багуслаў так і зрабіў. Сокал сеў яму на руку і зноў атрымаў за гэта кавалак дзічыны.

— І доўга мне так з яго здзекавацца? — незадаволена спытаў княжыч, бо не бачыў у такой маруднай працы нічога вясёлага.

— Qui vivra, verra[57], — паціснуў плячыма француз, але ўсё ж растлумачыў: — Пакуль не прывучым яго ляцець менавіта на ваш свіст, не патрабуючы за гэта ежы. А каб вашай светласці было весялей, я для месье Невяроўскага і Стаброўскага таксама сокалаў знайду.

Гэта была карпатлівая праца. На працягу доўгіх нудных дзён хлопцы муштравалі сваіх птушак, пакуль аднойчы задаволены дзю Берт не загадваў пачаць прытраўліванне. Галодным сокалам дэманстравалі жывых дзікіх качак з падрэзанымі крыламі ці зайца. Пасля, адпусціўшы ахвяру, пускалі і драпежніка, які каменем кідаўся на яе. Здабычу ў птушкі імгненна адбіралі, даючы яму наўзамен кавалак дзічыны.

За некалькі тыдняў француз нарэшце сказаў, што можна выходзіць на паляванне.

вернуться

56

Выдатна! (фр.)

вернуться

57

Пажывём — пабачым (фр.).

1 ... 42 43 44 45 46 47 48 49 50 ... 264
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)