Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Як на раўніннай далечы паказаўся шыфэрны дах дзедавага хутару, салдат аж адчуў хваляваньне. Тады, увесну, добра набадзяўшыся па сырых лясах і пералесках, ён забрыў сюды, бо далей ісьці ня мог, згаладнеў дарэшты. Дзедаў падворак толькі здаля нагадваў хутар, а на справе быў крайняй у вёсцы хатай. Але пакуль была вёска. Цяпер жа ад вёскі лічы не засталося нічога, апроч хіба некалькіх зьдзічэлых яблыняў у былых садках, падмуркаў ды студняў. Дамы дарэшты ўсе пабурылі, расьцягалі на дровы, а то й папалілі. На месцы некалькіх падворкаў хлопец убачыў сьмярдзючыя, парослыя дзядоўнікам пажарышчы. Ён тады абышоў усю вёску і толькі на апошнім двары знайшоў жывога чалавека, які нават спрабаваў тут гаспадарыць: набыў каня, нацягаў такі-сякі інвэнтар, меў карову і пачаў гадаваць цялушку. Вакол сядзібы распрацаваў ладны пляц пакінутай зямлі, на якой нешта ўжо расло; зямля была дбайна апрацаваная і нават угноеная. Дзед, падобна, чуўся здаровым, ня дужа баяўся атаму. Ягоны прыклад даў бегламу салдату немалую надзею.
Салдат таропка крочыў да хутара па бульбяным палетку са сьвежа акучанымі барознамі; дзе-нідзе ўжо зацьвіталі бела-сінія кветачкі. Мабыць, нішто будзе ў дзеда бульбачка, па-гаспадарску падумаў салдат.
Ён яшчэ не дайшоў да хутара і, мабыць, мала што згледзеў там, як штосьці яму не спадабалася. Штосьці там было ня так, як тады, калі ён завітаў у першы раз. Найперш не было варотаў, і ўжо з поля быў відзён голы дзедаў падворак. Але ці не пусты ён? Ні дзедавага каня, ні каровы зь цялушкай, якія некалі пасьвіліся паблізу на прывязі, нідзе не было відно. Не адзываўся таксама пранізьлівым брэхам Кудлацік. Прыцінаючы непакой, салдат паціху ўвайшоў у двор і адразу ўбачыў старога. Дзед моўчкі сядзеў на ганку і нават не зьдзівіўся ягонаму прыходу, не павітаўся.
— Што ў вас здарылася? — запытаўся салдат, ужо адчуваючы пэўна, што здарылася кепскае.
Дзед павёў на яго патухлым, няўцямным позіркам і моўчкі разьвёў рукамі. Мяркуючы па ўсім, гаварыць яму было трудна.
— Але што? Што такое?
— Ды во, — мовіў нарэшце гаспадар, — разбурылі, абрабавалі. Усё! Усю маю працу. Столькі стараўся…
Здалося, ён аж заплакаў, — зморшчыў аброслы сівізною твар і высмаркаўся на траву.
— Але хто?
— А хто ж іх ведае — хто. Прыехалі з фурай…
— З фурай?
— Ну гэтай — міжгародныя перавозкі…
— Ноччу?
— Удзень. Надвячоркам. Пагрузілі каня, карову зь цялушкай. Выграблі збажыну, ячменя з кубла… Перавярнулі ўсё дагары дном — валюту шукалі.
— Валюту?
— Ну.
— Але хто? Што за людзі? Свае, прыежджыя? — ня мог супакоіць хваляваньня салдат.
— А хто ж іх знае. Чацьвёра. Спраўных такіх. У скуранках. І з наганам. Кудлаціка застрэлілі.
— Во як!
— Вунь за хлевам ляжыць. Закапаць трэба…
Спакваля стары стаў спакайнець, рукавом заношанай сьвіткі выцер змакрэлыя вочы. Трудна падняўся з ганку. Прыгнечаны горам ён здаўся салдату быццам меншым у росьце, чым быў раней, схуднелым і бездапаможным.
— І што казалі? — дапытваўся салдат. — Можа, мяне шукалі?
— Не. І не пыталіся, рабаўнікі нейкія.
— Дык, можа, у міліцыю трэба? Заяву напісаць?
— Не. Сказалі: заявіш у міліцыю — усё спалім. Ды й міліцыя — ці не яна й навяла гэтых. Яны ж усе ў хаўрусе, — ціха, бы сам з сабой, разважаў стары, стоячы сярод спусьцелага двара. Дзьверы ў хляўкі й каморы былі расчыненыя насьцеж, у сенцы таксама. На траве ляжалі скінутыя з крукоў вароты. Відаць, стары быў моцна ўражаны тым, што тут адбылося і, падобна, паў духам. Салдат таксама быў уражаны і ня ведаў, чым суцешыць старога. Між тым ішоў час, доўга тут заставацца яму не выпадала, і ён зважліва папытаўся:
— Паесьці ня знойдзецца?
Дзед, падобна, трохі аціх у сваім горы і адчуў чужы клопат таксама. Мабыць, згаладнелы выгляд салдата закрануў у ягонай душы іншыя струны.
— Каб жа было што! У печы другі дзень не паліў. Гэта… Чакай, можа, хлеба асталася…
Ён патупаў у сенцы, пастукаў там чымсь — дзьверцамі ці шуфлядамі — і вынес хлопцу няроўна абламаны кавалак хлеба. Ладны, аднак, кавалак. Салдат адламаў ад яго частку і стаў прагна жаваць. Хлеб быў такі смачны, што ён глытаў яго, здаецца, не дажаваўшы, увесь час, аднак, пазіраючы праз вароты на дарогу і поле. Дзед зноў апусьціўся на ганак.