Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Исторические детективы » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

Чорны замак Альшанскі
1 ... 40 41 42 43 44 45 46 47 48 ... 110
Перейти на страницу:

— Гэй, тубыльцы! — загарлаў нейкі «піжамны» з падножкі. — Тут у буфеце піва няма?! Бо ў вагоне скончылася!

І тут я здзівіўся выразу жорсткай, неўблажымай нянавісці на твары Высоцкага. Такім звычайна лагодным і заўсёды добрым твары.

— Такім, як ты, няма, прыхадзень, — працадзіў ён. — І ўвогуле, каці, — гэта ўжо ўголас, — табе люру* глахтаць. Або ўвогуле г…

* Lura (польск.) — памыі.

Жыццярадасны «прыхадзень» жыва забраўся назад у вагон, як слімак у сваю ракавіну. Можа й, паспрачаўся б, але ўбачыў — стаяць трох. Хаця я і Шаблыка былі тут ані сном, ані духам…

…Калі мы селі ў амаль пусты вагон і зусім пустое яго аддзяленне, я спытаў Высоцкага:

— Ну чаго вы яго так?

— Ат, — усё яшчэ сапучы, сказаў ён, — ты тут калаціся чорт ведае куды, вяртайся на досвітку назад, а ён — «тубылец». А колькі ж тут памерзнута, колькі памокнута, пастраляна колькі, пабіта…

— Рацыя, — сказаў я. — Я таксама аднойчы ехаў. Лістапад. Золь. Прысмерак. Пейзажы паабапал чыгункі, самі ведаеце, якія пасля немцаў. Ну стаім, курым у тамбуры. І тут нейкі маёр глядзіць на туман ды дождж і кажа: «Правільна немцы гэтую краіну «шайзэланд» называлі». Я тут не вытрымаў: «Калі табе жонка са мной ці з кім іншым рогі наставіла, то не крычы пра сваю ганьбу. Калі слабак, то такой зямлі не лай», — і не стрымаўся: «А калі ты зараз не зробіш, як кажуць твае нацысты, «хальт маўль»*, то я зараз дзверы адчыню і цябе — з поўнага ходу пад адхон выкіну…» Ён чамусьці заторкнуўся. Пайшоў да сябе.

* Заторкніся (ням.).

Морда мая, відаць, нават пры адным успаміне зрабілася незвычайная, бо Высоцкі глядзеў на мяне, нейк занадта прыглядаючыся.

А мне стала раптам сорамна і ўспаміну, і таго, як я тады расхваляваўся.

Цягнік калаціла на сутыках. Высоцкі адвёў вочы, таксама расхваляваны.

— А чаму вы тут возным? — спытаў я. — У вас жа нейкая асвета ёсць. Гледзячы па мове дый манерах.

— Ну, раз усе Альшаны ведаюць па плётках і ўсё адно раскажуць, то лепей ад мяне.

— Верна. Плёткі ў такіх мястэчках да страшнага суда дажывуць.

— Асвета, ясна, так сабе. Чатыры класы польскай гімназіі. Вышыблі за ўдзел у патрыятычным гуртку. А пасля — вайна.

— То падвучыліся б недзе на бухгалтарскіх ці нейкіх агранамічных там курсах.

— Не. Усё-ткі і той і той — фігуры на сяле. А я гэтымі складанасцямі па вушы наеўся. Траюраднага брата палякі павесілі перад самым вераснем.

— За што?

— А бог яго ведае. Я з ім амаль незнаёмы быў. Нібыта забіў правакатара, а тыя падстроілі справу так, што забойства крымінальнае. Ну і ясна, можа, хто і заступаўся, а шырокая грамадскасць — не… Другі, стрыечны, расстраляны немцамі за падполле проста на вуліцы. Хто кажа ў Кладна, хто кажа, што вывезлі ў Беласток. Так што бачыце, нашаму брату куды ні кінься. Лепей я ўжо тут. Спрос, як расейцы кажуць, малы, адказнасці няма. Ціха — і гары яно ўсё.

РАЗДЗЕЛ XІІІ НАРАДА ДВУХ КАВАЛЕРАЎ, АДНАГО ЎДАЎЦА І АДНАГО ЖАНАТАГА

Раніцай я пазваніў у Кладна Максіму Смыцкаму, аднаму з лепшых, калі не лепшаму, знаўцу горада і гісторыі яго і наваколля. І, на шчасце, застаў яго дома.

— Слухай, Максіме, ты гісторыю з Альшанскім замкам чуў?

— Дружа, ты мяне за дзіця лічыш. Хутка пасадзіш за парту і прымусіш вучыць…

— Што?

— Ну, «сам сабе катлетку смажыў і запэцкаўся ў сажу» або «ў Мані верны быў баран, сабаку вярнейшым не быць: куды б дзяўчынка ні пайшла — баран за ёй бяжыць».

— Угм. Ты яшчэ ўспомні «Anna und Marta baden». Замак у Альшанах бурыць хацелі…

— Хто?… Ах, сек тваю векі… Хто?!

— Гэтага сказаць не магу. Слова даў. Абяцалі не расцягваць. То вось ты як «ахова помнікаў культуры» пра гэта помні і пры выпадку настраш. Дошку новую павесьце.

— Ах чорт! І яшчэ легенда за ім такая прыгожая. Халлера!

— Магчыма, яна і мае пад сабою нейкі грунт.

— Які?

— А ты пра бунт Валюжыніча чуў? І пасланне біскупа Кладзенскага?

— «В лесу родилась елочка».

Ён быў вельмі падобны да Мар'яна. Гумар у нас амаль ва ўсіх адзін: гумар эпохі і яе манера жартаваць. І ўсё ж ён быў не тое, не тое. Хаця і энцыклапедыя на дзвюх нагах.

І тут мне нешта цюкнула ў галаву:

— Максіме, што ты знаеш аб расстраляных у апошні дзень немцамі ў Кладна?

— Ёсць такі помнік. Стэла, праўдзівей. Толькі тут іх палову нібыта расстралялі. Частку далей, пад Беластокам. І невядома, каго дзе. Расстраляныя былі палякі і беларусы. Ва ўсякім разе, і там і там адэкватныя і двухмоўныя стэлы.

— Тэкст памятаеш?

— Памятаю, але лепей, дзеля вернасці, па картатэцы.

Хвіліна паўзы.

— Ёсць, слухай, — і далей тэкст.

Tu spoczywaja zwloki 22 bojownikow Ruchu Oporu, zamordowanych przez hitlerowcow w dzien 17.VІІ.1944І далей пералік прозвішчаў:A.Oblocki z Krakowa.P.Romski……Яшчэ прозвішчы і пасля, як апошняе пацвярджэнне:І.Stankiewicz z Olszan.W.Wysocki z Kladnaoraz 17 osob nieznanych.Czesc ich pamieci.І ніжэй па-беларуску:Тут спачываюць астанкі 22 байцоў Руху Супраціўлення, замардаваных гітлераўцамі ў дзень 17.VІІ.1944 годаА.Аблоцкі з Кракава.П.Ромскі…………І.Станкевіч з Альшан.В.Высоцкі з Кладна,а таксама семнаццаць чалавек невядомых.Вечная слава памяці герояў.

— Дзякуй, Максіме. Да сустрэчы. — Я павесіў трубку.

Чаму мне стукнула ў галаву спытацца пра гэта? У гісторыі гэтай усё было загадкай, і таму даводзілася прыглядацца да ўсіх. Што азначаў чалавек пад вокнамі? Выпадак у музеі? Усыпленне сабак? Забойства (так, я падсвядома ведаў, што то было забойства, і нават жадаў гэтага, іначай гэта была б занадта дурная смерць)? Запіска, напісаная маёй рукой? Дзіўныя і дзікаватыя людзі ў Альшанцы (а я ўмудрыўся праверыць: ніхто з іх ужо два месяцы не быў у нашым з Мар'янам горадзе)? Урэшце, уся гэтая гісторыя са старой легендай, і дзіўная яе сувязь з сучаснасцю, і дзіўны паварот старой казкі. Ды і ўвогуле, куды мог падзецца такі чалавек, як Валюжыніч? Хаця. Мог жа Кучум пасля апошняга разгрому пагнаць каня, і сляды яго, як кажа вялікі гісторык, «загубіліся ў цемры гісторыі». І гісторыя гэта — мая гісторыя, а не тая — дужа паскудная, дужа шмат у чым страшная гісторыя.

1 ... 40 41 42 43 44 45 46 47 48 ... 110
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)