Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі
150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі

Электронная книга - «150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі». Краткое содержание книги:

Гэтая кніга — падарунак нашым чытачам, якія некалі прыхільна сустрэлі “100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі”. Тады мы атрымалі шмат лістоў-водгукаў з пытаннямі, на якія чытачы не знайшлі адказу ў той кнізе. Яны цікавіліся, што такое шляхта, хто такія лісоўчыкі, ці былі беларускія казакі, як адбывалася ў нас Кастрычніцкая рэвалю-цыя, за што змагаліся ваяры “Зялёнага Дуба” і г.д. Адказамі на гэтыя ды іншыя пытанні і дапоўнена сучаснае выданне, якое фактычна ёсць ужо новай кнігай. Асаблівая ўвага ў ёй аддадзеная малюнкам. Iлюстрацыйны шэраг параўнальна з папярэднім выданнем значна абноўлены і пашыраны. Шмат якія карты і схемы спецыяльна зробленыя для гэтага выдання. Мы палічылі патрэбным таксама даць да некаторых ілюстрацый разгорнутыя подпісы. Дапытлівы чытач знойдзе тут цікавыя звесткі, якія паглыбяць веды пра колішнія падзеі ды асобаў, пашыраць уяўленне пра асаблівасці гістарычнага працэсу ў нашай краіне. Каб зручней было карыстацца кнігай, гэтыя тэксты мы адасобілі ад асноўнага матэрыялу, падаўшы іх іншым шрыфтам. За апошні дзесятак гадоў у нас выдадзена багата навукова-папу-лярнай ды асветніцкай гістарычнай літаратуры. Як справядліва заўважыў наш калега Міхась Чарняўскі, гэтулькі яе не надрукавалі за ўсю нашу папярэднюю гісторыю. Каб дапамагчы чытачу зарыентавацца ў гэтых выданнях, мы намерыліся хоць збольшага пералічыць іх пры канцы кнігі.
1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 88
Перейти на страницу:

С.Косаў меў рэдкі талент пісьменніка-палеміста. У сваіх творах ён бараніў асветніцкую дзейнасць настаўнікаў-наватараў, заглыбляўся ў гісторыю, раскрываючы характар шматвяковых дачыненняў паміж усходнеславянскімі мітрапалітамі і канстанцінопальскімі патрыярхамі, развязваў заблытанае пытанне пра час хрышчэння беларускіх і ўсіх славянскіх земляў. Быў ён і выдатным багасловам: адным з першых найбольш поўна і ўсебакова паказаў адрозненні дагматычнага вучэння Ўсходняй царквы ад рэлігійных дактрын арыянаў, кальвіністаў і лютаранаў, распрацаваў нормы хрысціянскай маралі і этыкі датычна ўмоваў грамадскага жыцця ХVІІ стагоддзя.

Як найвышэйшы духоўны пастыр С.Косаў зрабіў вельмі шмат для асветы беларускага народа, развіцця пісьменства і кнігадруку. Пад яго апекай і пільным наглядам дзейнічалі навучальныя ўстановы, працавалі манастырскія скрыпторыумы і друкарні. Мітрапаліт спрыяў падрыхтоўцы шэрагу куцеінскіх кнігадрукаў (Трыфалагіён, 1647; Дыёптра, 1651, 1654; Псалтыр, 1650; Новы Запавет з Псалтыром, 1652; Буквар, 1653; Лексікон, 1653), выданняў Магілеўскай друкарні (Буквар, 1648 і 1649), а таксама Віленскай брацкай друкарні (Малітоўнік, 1652; Буквар, 1652).

На працягу ўсяго жыцця Сільвестар Косаў заставаўся не толькі добрасумленным хрысціянінам, але й самаахвярным патрыётам Бацькаўшчыны. У гэтым ён і сёння — прыклад для праваслаўных герархаў Беларусі. У сярэдзіне ХVІІ стагоддзя С.Косаў паўстаў супраць памкненняў маскоўскіх свецкіх і царкоўных уладаў падпарадкаваць сабе нашу мітраполію. Шмат аб чым гаворыць і той факт, што мітрапаліт адкрыта асудзіў тагачасную агрэсію Масквы, адным з першых выкрыў дэмагогію «единения трех славянских народов», за якой хаваліся звычайная хлусня ды прага чужога дабра.

79. Ці былі ў Беларусі казакі?

Слова казак цюрцкага паходжання. Па-турэцку яно азначае «разбойнік», а на мове полаўцаў — «вартавы». У славянскіх жа мовах так называлі вольнага чалавека, зуха. Казацтва з'явілася ў ХV стагоддзі ў нізавіне Дняпра, на свабоднай, нічыйнай зямлі — гэтак званым Дзікім полі. У пошуках лепшага жыцця сюды збягалася нямала сялянаў, бедных месцічаў не толькі з Украіны, але і з Беларусі ды іншых, больш аддаленых земляў, а таксама авантурнікі і проста злачынцы, якія хаваліся ад дзяржаўных уладаў. Дзеля абароны ад ардынцаў яны арганізоўваліся на вайсковы лад, а неўзабаве і самі распачалі рабаўнічыя набегі на туркаў і татараў.

Як добрых ваяўнікоў казакоў ахвотна наймалі на службу князі і магнаты. Яны служылі ў гарадах і замках, асабліва на ўскраіне нашай дзяржавы. У часе цяжкой абарончай вайны з Маскоўскім царствам гаспадар Жыгімонт Аўгуст афіцыйна прыняў пэўную колькасць запарожскіх казакоў на дзяржаўную службу. Так з'явіліся рэестравыя казакі, званыя ў дакументах Запарожскім, або Нізавым, войскам.

У Расеі казацтва з'явілася ў ХVІ стагоддзі і арганізавалася, праўдападобна, паводле ўзору дняпроўскіх ватагаў (перш данское, потым волжскае, яіцкае, церацкае, сібірскае).

Беларускіх жа казакоў не было. Існавалі толькі вайсковыя фармаванні казацкага тыпу, якія ўзніклі ва ўзброеных сілах Вялікага Княства Літоўскага ў ХVІ стагоддзі. Гэта былі аддзелы конніцы, узброеныя «па-казацку». Звычайна яны мелі панцыр, прылбіцу, сагайдак (лук з калчанам), шаблю, рагаціну. З ХVІІ стагоддзя, каб не блытаць з украінскімі казакамі, іх часта называлі панцырнымі.

Гэтакім парадкам, вайсковая казацкая арганізацыя была народжаная спецыфічнымі ўмовамі — вольным, бязлюдным стэпам і заўсёднай небяспекай. Беларусь жа здавён была заселеная сталым жыхарствам, мела густую сетку гарадоў і мястэчкаў, жыла «па-старыне». Казацтва тут проста не магло з'явіцца. (Асобны выпадак — «беларускі» полк Канстанціна Паклонскага, фармаванне якога ў 1654 годзе было інспіраванае маскоўскай акупацыйнай уладаю і не было добраахвотным. Да таго ж, трываў ён нядоўга: калі гэты полк распачаў дзеянні супраць акупантаў, царскія ўлады зліквідавалі яго.)

Ад казакоў беларусы шмат нацярпеліся. У 1595 годзе — ад Налівайкі, які паліў Магілеў і без літасці выразаў яго жыхароў, у 1602–1603 гадах — ад Дубіны, загон якога, вяртаючыся на Ўкраіну, шкоду чыніў «горш за ліхіх непрыяцеляў або злых татараў». Баючыся казацкіх наездаў, беларускія месцічы трымалі зброю напагатове. Прыкладам, як толькі магілеўцы ў 1618 годзе пачулі, што ў Падняпроўе прыйшлі казакі атамана Сумы, яны адразу ж выставілі на гарадскія валы гарматы.

1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 88
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)