Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 268
Перейти на страницу:

— Ото даюць, сволачы! — злосна азіраецца баец. — Такі драп наладзілі… і хоць бы табе хто! Не вайна, а расправа. Я вунь кідаўся, кідаўся з тым вашым бязногім. Чалавек з дваццаць мы затрымалі. Ды ўрэшце самі напароліся…

Я ў нейкім няўцямным зняменні. Думкі паблыталіся. Запальчывая гарачнасць не дае мне даўмецца, як дзейнічаць лепш. Я толькі адчуваю, што Юрка гіне, што я не ўратую яго, не паспею. Мяне кідае ў жах ад таго нутранога хрыпу, якім ён заходзіцца. З рота яго ўсё пузырыцца крывавая пена, і мне здаецца, што ён задыхаецца. Я раз-пораз затрымліваю хаду і няспрытна падхопліваю яго за галаву, якая жахліва адкідваецца долу. Юрка то стогае, то раптам змаўкае, і мне здаецца: канец!

У канцы тыну мы прадзіраемся праз тугія, як дрот, галіны вішанніку на ўзмежку. Новая блізкая чарга кладзе нас у бур’ян. Як толькі яна мінае, мой памагаты ўсхопліваецца і адхінае мяне ад Юркі.

— Пастой! Давай я!

Доўгі, рукасты і, відаць, дужы, ён адным махам узвальвае на спіну Юрку. Прыгнуўшыся, шырачэзным крокам шыбуе ў снег. Я азіраюся — танкі ўжо ўсе ўцягнуліся ў сяло. На касагоры па той бок пуста. Неўзабаве яны будуць тут.

Абедзвюма рукамі абапіраючыся на карабін, я бягу за чалавекам. Цяпер мне куды лягчэй, калі б не нага…

— Чорт пабяры! — кажа ён, няспрытна паварочваючыся да мяне пад ношай. — Выскачыў без гімнасцёркі. З ёй і ўсе дакументы накрыліся. Далося ж, на халеру, заначаваць у крайняй хаце!

«Заначавалі! — механічна паўтараю я, бо іншага і не чую. Іншае не даходзіць да мае свядомасці. — Заначавалі. I праспалі, праваронілі ўсё на свеце…»

— А вы хто? — пытаюся я ззаду.

— Я? Ды старшына з ДОПа. Еўсюкоў. Не чуў такога? — кажа ён, шырока сігаючы па снезе.

Хто яго ведае, можа, і чуў. Сапраўды, у ДОПе — не ў батальёне: там нават сяржанты вядомы ўсёй дывізіі. Толькі цяпер я ўжо не прыпомню. Цяпер гэта і няважна. Я адкідваю прэч жардзіну, якая замінае, і мы пералазім у суседні гарод. Наперадзе бяжыць Каця з немцам.

— Нічога! — супакойвае мяне або, можа, самога сябе старшына. — Стрымаюць! Павінны ж стрымаць! Што гэта за безабразіе такое!

Так, сапраўды, няшчасце, пракляцце! Ну і сяло! Ну і ранне! Што толькі робіцца! Душа гарыць болем і крыўдай. Толькі што зробіш?

Раптам мы чуем: Каця з немцам штось крычаць нам і паварочваюць між хат да вуліцы. Я аж прыпыняюся: і слыхам улоўліваю на секунду, як дзесьці непадалёк за хатамі грукоча фурманка. У грымоцці выбухаў мы не адразу ўчулі яе і, мабыць, спазніліся. Старшына кідаецца бягом. Я зноў адстаю. Мы перабягаем закіданы саломаю двор і выскокваем на вуліцу. Пасярэдзіне дарогі проста на нас шалёна імчыць нечым нагружаная з каптуром фурманка.

18

— Стой! Стой! — крычу я з роспаччу і лютасцю, бо адчуваю, што гэта — апошняя наша магчымасць уратавацца. Другой ужо не будзе.

— Стой! — раве Еўсюкоў.

На мае рукі ён звальвае з сябе Юрку і кідаецца проста пад капыты коней. Але пара рыжых, відаць, напалоханая не менш за людзей, шалёна праносіцца міма. З-пад капытоў на мяне пырскае ашмёткамі снегу. У возе цэлая гара нейкіх цюкоў і зверху на іх, як на брычцы з сенам, — баец. Другі на перадку апантана паганяе коней.

— Стой! Хусаінаў, стой!

Старшына кідаецца наўздагон. Падвода, завярнуўшыся ледзьве не ўпоперак вуліцы, спыняецца. Да яе ўжо бягуць Каця з немцам — ім бліжэй. Я з усіх сіл валаку пад пахі Юрку. Ён усё ў непрытомнасці і страшэнна цяжкі. Ногі мае вязнуць у мяккім, як пясок, перацёртым коламі снезе — хоць бы паспець! Ззаду нас закрывае паваротак, дзе мы ўначы наскочылі на прыдзірлівага капітана. З таго канца вуліцы яшчэ не відно. Танкі яшчэ нас не бачаць.

— Тр-р-рах! Тр-рах! Ціў-у… Бах!

Гэта ўсё яшчэ там, за павароткам, адкуль, на нашае шчасце, выскачыла гэтая фурманка. Але што гэта — здаецца, мы ўсе ў яе не ўлезем: столькі грузу! Добра, што хоць там нейкі старшыновы знаёмы. Можа, паложым Юрку… Старшына падбягае да фурманкі і хапаецца за вяроўку, якой звязаны груз.

— Скідай шмуццё! Згружай усё! Хутка!.. — задыхана крычыць ён таму, на самым версе воза.

Але той, відаць, не спяшаецца разгружацца. ён яшчэ ніжэй угінаецца на сваім грузе і штурхае ездавога:

— Пашол! Нелзя скідай! Не разрешал!

— Ты што, ачмурэў? Параненыя! — крычыць старшына і зрывае з воза вяроўку.

Два цюкі цяжка звальваюцца на дарогу, некалькі іх кідае ўбок старшына. Баец на возе ўскоквае на шырока расстаўленыя ногі.

1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)