Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Данута». Краткое содержание книги:

Каласальная розніца ў выхаванні, зусім розныя слаі грамадства, далёкія адзін ад аднаго ў зацікаўленнях, звычаях, традыцыях, і Вялікае Каханне, якое аднаму нясе ганарлівасць, пыху і пагарду, другой – адданасць і пакуту. Вясковы хлопец, якому з дзяцінства далбілі пра злых каталікоў і нядобрых паноў, для якога пачуцці – непатрэбная распуста, якую неабходна душыць у сабе, бо трэба “быць цьвёрдым”, і гарадзкая паненка, генеральская дачка, каталічка, якая аддаецца пачуццям, рамантычнасці, якая ахвяруе і звычаямі, і выхаваннем, і верай, і добрым імем дзеля Кахання, дзеля вялікага пачуцця, якому аддаецца поўнасцю і без астатку. Трагічны фінал, які дэманструе цьвёрдасць не таго, хто хацеў паказаць сябе цьвёрдым, нязломным, ганарлівым, які грэбаваў рамантычным пачуццём, а цьвёрдасць далікатнай асобы, якая не дазволіла вырваць з сэрца каханне, адданасць, якая, ахвяруючы жыццё, засталася вернай сваім ідэалам.
1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 120
Перейти на страницу:

Я ад прыроды такі: калі мяне нешта ўсхвалюе, збіраюся і куды-небудзь іду.

У гэтую нядзелю я хадзіў па Вільні больш за ўсе дні. Хадзіў як бы падросшы, цяжэйшы, дужэйшы, разумнейшы ад таго, што нёс у сабе новыя ўяўленні, пачуцці і радасць. Дзе там хадзіў! Узрушаны ўвагай Данусі, я насіўся па горадзе як на крылах, а ва мне ўсё калабродзіла. Адначасна было так прыемна, бытта Дануся ішла побач. Усюды бачыў яе прысутнасць.

Вось — кіёск. Па дарозе ў ліцэй яна кожны дзень глядзіць на яго. Быць таго не можа, каб чалавек не пакідаў на прадмеце штосьці ад свайго позірку. На сініх фанерных сценках абавязкова ёсць сляды і Данусіных вачэй. Вось і я гляджу на кіёск...

Цікава, калі глядзець на яго Данусінымі вачыма, ён дакладна такі сіні, якім здаецца мне? Магчыма, у яе ўяўленні сіні колер выглядае зусім інакшым?..

Мне, нібы пасля першай вясенняй навальніцы, зрабілася лягчэй дыхаць, весялей жыць. Я прамянеў здароўем і шчасцем, з пачуццём перавагі сустракаў залётныя позіркі дзяўчат. Каб яны, бедныя, ведалі, якімі вартымі жалю, смешнымі і наіўнымі мне здаваліся!..

Я быў упэўнены, што абавязкова зноў сустрэнуся з Данусяй. Яна ж такая простая, зусім не падобная на фанабэрлівых паненак віленскай знаці, якія не лічаць цябе нават за чалавека.

Ад радасці, што ўсё наперадзе, захацелася бегчы дахаты, легчы на ложак і праспаць увесь гэты час, абы толькі не пакутаваць ад чакання. Эх, каб які чараўнік зрабіў мяне на гэтыя дні нячулай скалой, як бывае ў казках!..

Позна ноччу, вяртаючыся дадому, я стаіўся каля генеральскай брамкі і зноў пачаў вартаваць.

Выйшлі дзве дамы, спыніліся на тратуары. Адна з іх была генеральша. Яна, мусіць, праводзіла сяброўку.

Дамы некалькі хвілін меркавалі, ці трапна апрануліся. Дзіўна. Пра гэта яны гаварылі сур'ёзна, нібы ў тым, якое адзета паліто, увесь сэнс чалавечага жыцця на зямлі.

— Пані Вацлава,— спыталася незнаёмая,— колькі зарабляе цяпер ваш муж?

Геяеральша нешта прабумболіла.

— I пані не мае даўгоў?

— Не.

— О Езус Коханы! Мой муж атрымлівае ў два разы больш, і я вечна ў даўгах!

— Эканомлю, ласкава пані, і трымаю добрых служанак.

Толькі цяпер я здагадаўся, што незнаёмая — жонка ваяводы, пані Бацянская.

— О, та-ак, добрая служанка — вялікае шчасце ў доме! — з перакананнем пацвердзіла яна, цяжка ўздыхаючы.— Але адкуль такіх узяць у наш час? Каралі і служанкі цяпер не ў модзе, кажа мой муж. Ваша Антося заўсёды дома, калі б я да пані ні зайшла! А сёння, на-прыклад, я сваіх служанак адпусціла з вечара да раніцы. I хоць ведала, што яны правалочацца з салдатамі, але падумала: няхай сабе выйдуць на волю...

— Таму я і трымаю адну старую, другую ідыётку і нікуды кроку лішняга ступіць не дазваляю,— дзялілася вопытам генеральша.— Нявольнікі няўдзячныя. Няўдзячныя нават за волю!

— Праўда, праўда, ласкава пані! — жыва падхапіла яе Бацянская.— Гэта і мой муж кажа! А яшчэ гаворыць, што праз некаторы час іх абавязкова трэба мяняць, бо надта хутка псуюцца. Ды я такая добрая — анёлам мне б толькі быць! Адгэтуль і грошай заўсёды не маю, даводзіцца пазычаць у вас...

Генеральша яе супакоіла:

— Не трэба сябе так касціць, дарагая пані, вы тут ні пры чым! Варшаўскія вяльможы выязджаюць на нас!.. Пан Бэк, Славой-Складкоўскі за кошт дзяржавы трымаюць слуг, па тры лімузіны!.. Маюць вілы ў Закапанэ, яшчэ будуюць сабе і ў Жэневе, а ты заедзеш у Цурых і тулішся ў пансіянаце, бы жабрачка!..

Генеральша кранула ў Бацянскай набалелы мазоль.

— Ой, пані Вацлава! — з жарам загаварыла яна.— Іхнія жанкі якіх толькі падарункаў не прывозяць з загранічных камандзіровак!.. Бэк узяў сваю кікімару ў Берлін, і Рыбентроп саболевае футра ёй падараваў!.. Мой гаворыць: «За што мы кроў пралівалі ў легіёнах?! А хто такі Славой? Такая самая выскачка!»

— Бо жывуць ля залатога карыта,— растлумачыла генеральша. — Пахапалі сабе смачнейшыя кавалкі, а нашых мужыкоў, сапраўдных герояў «Цуду над Віслай», у глушыню спіхнулі слухаць злавеснае карканне гэтых варон!.. Здаецца, з торбай пайшла б па свеце, ды ніхто не заўважыць!..

— Глушыня-а, пані Вацлава, страшэнная! Нікуды не вылезеш — пясок, камарыльня, хваробы, а з-за дзікунскага дыялекту ні з кім не абмяняешся на вёсцы і словам!.. Ужо лепш чалавек знаходзіўся б у якой-небудзь Афрыцы!.. Мой гаворыць, калі выдзяляць там Польшчы калоніі, напросіцца ў прэзідэнта губернатарам у Мадагаскар!.. Хопіць з-за камуністаў псаваць тут нервы! У Афрыцы брыльянтаў, кажуць, многа ў пясках!.. I дзеці прагнуць так экзотыкі!.. Сланы... Пальмы... Свежыя фрукты... Негры...

1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 120
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)