Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Героі Элады». Краткое содержание книги:

Шмат вякоў назад на Балканскай паўвыспе пасяліўся народ, які потым пачалі называць грэкамі. У адрозненне ад сучасных грэкаў, мы называем той народ старажытнымі грэкамі, або элінамі, а іх краіну - Эладай.
Эліны пакінулі народам усяго свету багатую спадчыну: велічныя збудаванні, якія і да нашых дзён лічацца самымі прыгожымі на свеце, цудоўныя мармуровыя і бронзавыя статуі і вялікія творы літаратуры, якія людзі чытаюць і цяпер, хоць яны напісаны на мове, на якой даўно ўжо ніхто не гаворыць на зямлі. Гэта «Іліяда» і «Адысея» - гераічныя паэмы пра тое, як грэкі бралі ў асаду горад Трою, і пра вандроўкі і прыгоды аднаго з удзельнікаў гэтай вайны - Адысея. Гэтыя паэмы спявалі вандроўныя спевакі, і створаны яны каля трох тысяч гадоў таму назад.
Ад старажытных грэкаў засталіся нам іх паданні, іх старажытныя сказанні - міфы.
1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 47
Перейти на страницу:

Убачыўшы Геракла, чорны пастух з крыкам уцёк у лес. Потым з лесу тройчы пачуўся страшны рык, і з-за дрэў паказаўся велікан Герыён. Тры тулавы, што зрасліся разам, крочылі на шасці нагах, тры галавы пазіралі грозна на Геракла, шэсць рук пагражалі яму. Геракл узняў свой лук - страла засвістала і ўпілася ў грудзі велікана. Адразу ж бяссільна схілілася адна галава, дзве рукі павіслі, як цявінкі, уздоўж цела, дзве нагі перасталі рухацца і валакліся за астатнімі, замінаючы ім. Але велікан быў ужо гэтак блізка, што Геракл не паспеў стрэліць другі раз. Ён узняў сваю дубінку і аперазаў Герыёна па другой галаве. І гэта абвяла таксама, і яшчэ дзве рукі апусціліся, і ўжо чатыры нагі матляліся ўнізе і заміналі Герыёну ісці. Тады Геракл адкінуў дубінку і схапіўся з веліканам урукапашную. Магутнымі рукамі ён абхапіў яго, і яны пачалі дужацца. Два мёртвыя целы перашкаджалі велікану, лішнія рукі матляліся бездапаможна па баках, лішнія ногі штурхаліся паміж нагамі - і неўзабаве прыйшлі Герыёну канцы.

Цяпер Геракл мог гнаць чырвоны статак. Чорны пастух уцёк. Чырвоны пастух забіты, і сам велікан валяўся на зямлі вялізнай мёртвай глыбай. Але статак не хацеў слухацца героя, валы не краналіся з месца. Геракл пачаў шукаць вакол, чым можна было б іх пагнаць, і знайшоў каля забітага пастуха чырвоную дудачку. Ён прыклаў яе да вуснаў, дудачка заспявала, і чырвоныя валы паслухмяна ўсталі з зямлі і пайшлі за Гераклам. Акружаны чырвоным статкам, стаяў Геракл на беразе акіяна і чакаў.

Увечары прыплыла залатая лодка, і Геракл папрасіў Геліёса перавезці яго са статкам на зямлю.

- Што скажуць людзі, калі ўбачаць, што Сонца вяртаецца назад? - сказаў Геліёс.

Але смелы герой спадабаўся богу Сонца, ён аддаў яму сваю лодку, а сам застаўся начаваць на выспе.

У залатой лодцы Геліёса Геракл давёз чырвоны статак да краю зямлі і пагнаў яго цераз горы, цераз чужыя краіны - у Грэцыю.

Па дарозе здарылася з імі шмат прыгод. Каля ракі Тыбра велікан Как украў у яго некалькі валоў. Гераклу давялося з ім біцца, і герой забіў велікана.

Потым адзін вол зваліўся ў мора; хвалі аднеслі яго ў Сіцылію, і Гераклу трэба было, пакінуўшы статак на Гефеста, плыць на выспу і біцца з царом Сіцыліі, які не хацеў аддаваць вала.

Нарэшце, ужо непадалёку ад Аргоса, Гера, якая ўсяляк старалася перашкодзіць Гераклу, напалохала валоў, і яны разбегліся. Ледзьве сабраў іх Геракл і прывёў у Мікены. А цар Еўрысфей падарыў увесь чырвоны статак сваёй заступніцы Геры.

Адзінаццаты подзвіг. Геракл даходзіць да краю свету і здабывае яблыкі Гесперыд

Даўным-даўно, калі на светлым Алімпе багі спраўлялі вяселле Зеўса і Геры, Гея-Зямля падарыла нявесце чароўнае дрэва, на якім раслі залатыя яблыкі.

Гэтыя яблыкі вярталі чалавеку маладосць, і той, хто змог бы іх дастаць, ніколі б не састарыўся.

Але ніхто з людзей не ведаў, дзе знаходзіцца сад, у якім расла дзівосная яблыня.

Пакуль Геракл, па загаду цара, хадзіў па зямлі і змагаўся са страшыдламі, Еўрысфей у сваім палацы старэў і з кожным днём рабіўся ўсё больш слабым і баязлівым. Ён пачаў ужо баяцца, што Геракл, перамогшы ўсіх на свеце, перастане яго слухацца і сам захоча стаць царом над усёй Грэцыяй. Еўрысфей вырашыў паслаць Геракла так далёка, каб ён не вярнуўся назад. Цар загадаў герою здабыць тры залатыя яблыкі з дрэва маладосці.

Геракл выправіўся ў свет шукаць залатыя яблыкі. Ён зноў абышоў усю Грэцыю з канца ў канец, пабываў у халоднай паўночнай краіне гіпербарэяў* і прыйшоў да ракі Эрыдану, дзе ўжо быў адзін раз. Німфы пазналі яго, пашкадавалі і навучылі, каб ён папрасіў парады ў марскога цара Нерэя, які бачыў усё, што схавана ад вока людзей.

* Так старажытныя грэкі называлі народ, што жыў на самай поўначы Грэцыі.

Геракл пайшоў да мора і пачаў клікаць марскога цара. Хвалі хлынулі на бераг, і на шустрых дэльфінах усплылі наверх вясёлыя Нерэіды, дочкі марскога цара, а за імі паказаўся ўдалечыні стары Нерэй з доўгай сівой барадой. Геракл завабіў яго на бераг, абхапіў сваімі магутнымі рукамі і сказаў, што не выпусціць яго, пакуль ён не скажа, дзе расце чароўная яблыня Геры. Нерэй раптам перакінуўся ў вялікую рыбіну, і яна выслізнула з рук Геракла. Ён хуценька наступіў ёй на хвост - рыбіна засыкала і ператварылася ў змяю. Герой схапіў змяю і хацеў задушыць - змяя перакінулася ў агонь. Геракл зачэрпнуў вады з мора, каб заліць агонь, - агонь ператварыўся ў ваду, вада пацякла ў мора. Герой перагарадзіў ёй дарогу і выкапаў ямку сваёй дубінкай - вада ўзнялася з ямкі і стала дрэвам. Геракл выцягнуў меч і хацеў ссекчы дрэва - яно перакінулася ў белую птушку. Геракл узлаваўся, схапіў свой лук і ўжо напяў цеціву. Тады Нерэй прыняў свой першапачатковы выгляд і расказаў Гераклу, што дрэва маладосці расце на краі свету, у садзе німф Гесперыд, дачок тытана Атланта, што пільнуе яго стовокі дракон, а Гесперыды сочаць, каб ён не заснуў ні ўдзень ні ўночы, і што дарога на край свету ляжыць цераз Лівійскую пустыню. Геракл загадаў, каб Нерэй перанёс яго цераз мора ў Лівію, і пайшоў шукаць край свету.

1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 47
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)