Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Камандзiроўка ў Вішанькі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Камандзiроўка ў Вішанькі

Электронная книга - «Камандзiроўка ў Вішанькі». Краткое содержание книги:

У кнігу «Камандзіроўка ў Вішанькі» пісьменнік Мікола Гіль уключыў лепшыя апавяданні і аповесці з сваіх зборнікаў: «Ранішнія сны» (1973), «Тацянін чэрвень» (1978) і «Пуд жыта» (1982). У цэнтры ўвагі аўтара — людзі, іх жыццё, клопаты, радасці і цяжкасці, праблема ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей, выхаванне моладзі, маральна-этычныя канфлікты, якія ўзнікаюць на стыку горада і вёскі. Многія творы падкупляюць сваёй жыццёвай праўдай.
1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 139
Перейти на страницу:

— Дарагія госцейкі, абдорым маладую і маладога, так як яны завязваюць сёння сумесную супружную жызню і так як абое яны сіроты горкія і ні яму, ні ёй татачка з мамачкай не прыдбалі нічагуткі...

Вось і расплакалася тады Рыта. І не так ад жаласці, той, як ад сораму — пра тое Алёшка ёй потым сказаў. Ёй, Тацяне, дык і не вельмі да душы прыйшлося тое. Спярша была і падумала пра сарамлівасць нявестчыну: бач ты, багатырка знайшлася!.. Ды пасля адумалася: перад людзьмі яно нібы і няёмка. Быццам без тых падарункаў Алёшку і Рыце не было б за што рук зачапіць. А бо! Капейка, вядома, прыгадзілася, але не... І без яе б абышліся! Яна, Тацяна, дык і зусім не хацела таго дарэння: каб потым не казалі, што дзеля яго і вяселле рабіла. Ды Манька ўгаварыла. Сказала:

— Не выдумляй!Бацька з маткай сына жэняць, і багацейшыя, табе не раўня, а не адмаўляюцца, кожнаму пакладзенаму рублю жадны, а ты будзеш адмаўляцца! Хоць расход свой трохі апраўдаеш!

Яна і паслухалася. Анягож! Патрацілася нямала. І падсвінка закалола, і цялятка купіла, бо свайго ўжо здала была, і гарадскіх прысмакаў розных накупляла. А пітво адно колькі пацягнула?.. І хапіла ўсім, ніхто не пайшоў у крыўдзе... Не, няма чаго бога гнявіць, вяселле было — не горай, чым у людзей...

Схамянулася Тацяна ад успамінаў, на Кацю і Маньку ледзь не прыкрыкнула:

— Хопіць вам дзіцяці наваляцца!

Манька паднялася, атрэслася:

— Вядзі, вядзі ў хату, частуй сырадоем цыганё гэтае! — Узяла з лаўкі вядро і, не сказаўшы больш ні слова, памаршыравала вуліцаю.

Каця таксама пашлэпала да сваёй хаты.

Тады яна, Тацяна, скінула ўрэшце кручок з прабойчыка, адчыніла варотцы-веснічкі, прапусціла паперадзе сябе Рыту з Алачкай. Пасля ўжо забрала з лаўкі даёнку. Зачыняючы за сабой варотцы, казала Рвіце:

— Ідзіце, ідзіце ў хату, замочак проста так вісіць, для чужога вока...

У хаце яна замітусілася — як бы нялоўкасць нейкую адчула перад нявесткай за непарадак. Яно, сказаць, дык чэрці і не пагулялі, але ўсё адно. Яна не любіла вэрхалу і пільнавалася чысціні і парадку. А сёння як знарок тое выйшла, што нават міску, сподак, відэлец — як снедала раніцою — са стала не прыбрала: Міця якраз запіпікаў на вуліцы.

— Вы йдзіце на чыстую палавіну пакуль. Распранайцеся, аддыхайцеся з дарогі. Ты ж ведаеш, Рытка, дзе там што. У шуфлядцы, у правай, тэпці якія знайдзі, хай ногі адыдуць, а то ў гэтых клумпах адзеравянелі, пэўне... А я хуценька малачко працаджу і перакусіць чаго пашукаю.

І зноў жа — неяк уразіла яе тое, што Рыта не азвалася ні словам, цішком пайшла з Алачкай на чыстую палавіну, і ад таго ў яе не тое што не праходзіла, а ўзрастала тое першапачатковае ўтрапенне-трывога. Яна адмахвалася ад думак пра нешта благое, ды яны ўсё адно не прападалі, сядзелі ў галаве.

Працадзіла яна малако, наліла адзін гладыш, паставіла на табурэтку ля прыпечка — «пасля ў ваду апушчу», другі, меншы,— на стол. Злазіла на гарышча, адрэзала ладнаваты, на пядзю, брус паляндвіцы, кавалачак — «каб зараз з'есці, а то зваляецца» — кумпяка, выбраўшы больш любовы бок, выцягнула з печы бляху, на якой жаўцеў падсушаны сыр, збегала ў кладоўку па яйкі і масла, запаліла ў сенцах керагаз і ўзбіла на патэльню некалькі яек. Пашкадавала, што нічога не паставіла раніцою ў печ — ні булёну якога, ні тушэнні, было б добра цяпер падаць на стол чаго гарачанькага... Ну, але такой бяды, увечары ўжо прыдумае што, а цяпер хопіць перакусіць. Зняла з патэльні покрыўку, наліла на яйкі смятаны — Рыта любіць яйкі ў смятане, пачакала, пакуль смятана забулькала, пускаючы вакол жаўтлявыя скалачкі, урэшце прыкруціла керагаз, узяла патэльню чапелькай-ручкай, панесла ў хату. Ля стала таксама трошку пастаяла — ці не забылася чаго? Мо віно дастаць? Дурная завядзёнка, толькі ж... Шмыгнула за перагародку, дастала з шафкі пляшку віна, паставіла на сярэдзіну стала. Вось цяцер, здаецца, усё.

Пайшла на чыстую палавіну. Рыта была ўжо ў халаціку. І Алачку пераапранула — зняла з яе камбінезончык з замочкам, адзела чырвоную сукеначку ў белыя гарошынкі.

— То пайшлі, дзеткі, за стол. Вы ж з дарогі, прагладаліся, пэўне, ды і я ўжо вымерхалася...

За сталом гаманіла з унучкай:

— Еш, дзіцятка. Каб усё чысценька з'ела, а то баба будзе злаваць. Падумае, што Алачцы ў яе ўсё нясмачна... А ты, Рытачка, чаго сядзіш? Даставай во мяска, сыр... Ці яешню падцягвай. А мо сырое яйка прынесці?

— Не, мама, дзякую. Вы не турбуйцеся, мы і не галодныя надта.

— Як гэта — з дарогі і не галодныя? Ешце от! Ай, саўсім дурная зрабілася! Паставіла і забылася. Давай жа мы з табой віна пакаштуем. Волька, крамшчыца, казала, што салодкае, бабскае.

1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 139
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)