Палескiя рабiнзоны
- Автор: Мавр Янка
- Год: 1991
- Язык: белорусский
- ISBN: 5-7880-0558-2
- Жанр: Другие приключения
Электронная книга - «Палескiя рабiнзоны». Краткое содержание книги:
Акрамя яе ў кнігу ўвайшлі аповесці «У краіне райскай птушкі», «Сын вады», «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага».
— Але, вядома… вядома, перад богам… Я толькі хацеў сказаць, што цяпер іх параўнаць няможна. Але, вядома…
Чорны місіянер пачуў вострую прыкрасць. Ен блізка ўбачыў, як гэтыя белыя людзі, што навучылі яго лічыць усіх людзей братамі, самі не могуць і думкі дапусціць аб гэтым.
Тады Кандаракі звярнуўся да місіянера:
— Ці падумалі вы, што пагражае вам? Вы ж цяпер зусім чужы для іх, яны вас не прызнаюць, а калі вы яшчэ пачнеце казаць ім аб новай рэлігіі, тады ўсё можа быць.
— Усё залежыць ад бога, — уздыхнуў Саку, — а небяспека нас падпільноўвае ўсюды і заўсёды. Не я першы і не я апошні магу перацярпець за Хрыста.
Нашы «хрысціяне» былі вельмі здзіўлены, чуючы такія словы з вуснаў гэтага «папуаса». Яны даўно ўжо былі хрысціянамі толькі па назве. Праўда, ад рэлігіі яны не адракаліся, але рэлігійнай справай зусім не цікавіліся, і ва ўсім жыцці ім ні разу не прыходзіла да галавы накіраваць які-небудзь свой крок так, як патрабуе «закон божы».
І вось цяпер перад іх вачыма гэты дзікун збіраецца праводзіць іхнюю рэлігію ў жыццё і нават нібы навучае іх саміх хрысціянству.
— Дзіўныя справы твае, божа! — прашаптаў Кандаракі.
Увечар паўстала пытанне, што рабіць: ці ехаць наперад, ці спыніцца на начлег. Боцман і механік казалі, што ім будзе вельмі цяжка без перапынку ехаць дзень і ноч. Але і стаяць уначы на адным месцы таксама было нядобра: у цемры маглі падкрасціся ворагі.
Парашылі ехаць ноч, а адпачынак зрабіць удзень, тым болей, што пакуль рака яшчэ шырокая і глыбокая, нядрэнна будзе ехаць і ўначы.
— А ўдзень можна будзе і экскурсію зрабіць убок, — сказаў Скот.
Ночы пад экватарам цёмныя і доўгія. Усю ноч тарахцеў матор, трывожачы аколіцы. Птушкі ўздымаліся і з крыкам разляталіся ўбакі. А ў сялібах папуасаў прыслухоўваліся да гэтага шуму і думалі, што, мусіць, нешта нядобрае чакае іх.
На другі дзень выгляд берагоў значна змяніўся. Яны сталі вышэйшыя і сушэйшыя; замест ляснога гушчару віднеліся бязлесныя прасторы, сярод якіх дзе-нідзе раслі рэдкія купы дрэў, але вёсак ля берага не было. Справа ў тым, што такая рака, як Фляй, служыць тут самым галоўным шляхам. А жыць пры дарозе не зусім прыемна, асабліва на адкрытым месцы. Лёгка могуць заўважыць нежаданыя госці. Лепш туліцца дзе-небудзь наводшыбе, у гушчары, непрыкметна, каб ты мог бачыць, а цябе — не.
Рака ішла на паўночны захад. Краявід змяняўся некалькі разоў. За высокімі берагамі зноў пайшлі нізкія, зарослыя бамбукам. Тут застрэлілі некалькі дзікіх качак і, выбраўшы больш сушэйшае і зручнае месца, зрабілі прыпынак. Усе былі вельмі рады, бо ўжо ногі здранцвелі ад доўгага сядзення.
Файлу ўзяўся гатаваць качак, а Скот, Брук, Кандаракі і Ханубі адышлі крыху ад берага, каб размяць ногі. Тут яны заўважылі шырокае, густое, вельмі зялёнае дрэва.
— Вось хлебнае дрэва, — сказаў Брук. — Трэбыло б паспрабаваць «свежага хлеба».
— Вядома, — сказаў Скот, — асабліва, калі сухары трэба шкадаваць, бо можа не хапіць.
Паклікалі Файлу. Той выбраў адзін плод вагою больш за паўпуда, аднёс яго, разбіў, выбраў сярэдзіну і «замясіў цеста», з якога потым на патэльні стаў пячы каржы. Хаця кожны з нас хацеў бы пакаштаваць такога хлеба, але харчавацца ім заўсёды не пажадаў бы…
Крыху далей зноў убачылі нейкае дрэва, на якім вісела шмат чорных вялікіх пладоў. Але ледзь толькі людзі падышлі да гэтага дрэва, як плады закрычалі і паляцелі на ўсе бакі.
— Што за цуд такі? — крыкнуў Брук. Кандаракі і Ханубі рассмяяліся.
— Гэта ж лятучыя сабакі,— сказаў Кандаракі.
— Во яшчэ чаго не хапала! — буркнуў Брук.
Лятучыя сабакі падобны да нашых кажаноў, толькі значна большыя. Морда іх падобна да сабачай, за што іх і назвалі сабакамі. Таксама, як і нашы кажаны, яны лётаюць толькі ўначы, а ўдзень вісяць, зачапіўшыся заднімі лапамі і загарнуўшыся ў свае крылы.
Падняліся на ўзгорак. На захад распасцёрлася бязлеснае ўзвышша. На ўсход — зарослая нізіна. На беразе, ля катэра, уздымаўся дымок. І нідзе не было відаць сяліб. Здавалася, што нашы падарожнікі і былі адзінымі людзьмі ва ўсёй краіне.
— Дзіўная рэч, — разважліва сказаў Скот. — Такі край — і быццам нідзе ніякага насельніцтва.
Кандаракі ўсміхнуўся.
— Ну, не кажыце, — сказаў ён, — я ўпэўнены, што ў гэты самы момант не адзін дзесятак вачэй сочыць за кожным нашым крокам.
— Чаго ж яны хаваюцца, дурні? — сказаў Скот. — Хіба мы ім хочам зрабіць якое ліха?
— Мусіць, калісьці хто-небудзь і нарабіў ім шкоды, — сказаў Кандаракі.
Тут Ханубі раптоўна ўзняў стрэльбу і нацэліўся.
— Што, што такое? — трывожна запыталіся другія, таксама схапіўшы стрэльбы.
— Вунь якая птушышча бяжыць, — паказаў Ханубі.
— Гэта казуар, — сказаў Скот, — не варта страляць. Ен далёка, і няма цяпер часу з ім важдацца. Сустрэнем яшчэ, калі трэба будзе.
Казуар нёсся па даліне, як вецер. Ен быў вельмі падобны да ўсім вядомага страуса, толькі на галаве меў грэбень, як у курэй, ды на шыі каралі, як у індыка. Апрача таго, у яго не было на канцах крылаў і хваста тых прыгожых белых пер'яў, з-за якіх так цэніцца страус. Наогул яго пер'е нейкае асаблівае, нібы поўсць.
Можна яшчэ адзначыць, што ў казуараў выседжванне яек уваходзіць у абавязак самца, а не самкі.
— Шкада, — сказаў Брук, — у гэтай дурной старонцы, апрача казуара, няма, здаецца, аніводнай жывёліны, на якую можна было б папаляваць. Нават ніводнага драпежнага звера.
— Затое досыць драпежных людзей, — сказаў Скот. — Але пойдзем ужо дадому. Файлу, мабыць, чакае з абедам.
Ідучы праз хмызняк, яны былі аглушаны зычным прарэзлівым крыкам какаду. Ладны гурток гэтых папугаяў сядзеў паміж галін і нібы перагаворваўся. Белыя, з ружовай шыяй і чырвоным чубам, яны ззялі на сонцы як намаляваныя.
— Вось разбалбаталіся, як папугаі! — сказаў Брук, затыкаючы вушы, і раптам чамусьці заскакаў, пабег, замахаў рукамі, зароў і пакаціўся на зямлю.
Таварышы спыніліся ў здзіўленні.
— Што гэта з ім здарылася? — сказаў Скот. — Няўжо крык какаду зрабіў на яго такі ўплыў?
— Памажыце! Восы! Восы! — выў Брук.
Хаця справа была і непрыемная, але таварышы не маглі ўтрымацца ад рогату. А тым часам і каля іх ужо загуло, і замест дапамогі яны самі пабеглі прэч.
Здарэнне было простае: Брук трапіў нагой у асінае гняздо і пацярпеў за гэта.
Ну і лаяўся ж пасля таго містэр Брук! Усім дасталося: і восам, і какаду, і папуасам, і Новай Гвінеі наогул! І было за што, бо ўвесь твар яго ўспух, вочы заплылі, і, глянуўшы на яго, цяжка было ўтрымацца ад смеху. Асабліва радаваліся Чунг-лі і Файлу, два ворагі, якія аднолькава жадалі «дабра» містэру Бруку.
Так ехалі некалькі дзён. За ўвесь час яны толькі адзін раз сустрэліся з папуасамі. З затокі выехала насустрач некалькі чоўнаў, у якіх сядзела шмат людзей, узброеных лукамі і пікамі. Па ўсяму іх выгляду і рухах відаць было, што яны выехалі на вайну.
Скот загадаў страляць, і пасля першых жа стрэлаў папуасы павярнулі назад. За імі не гналіся.
— Мне пачынае ўжо здавацца, — сказаў Скот, — што пры такіх умовах наша экспедыцыя будзе простай пагулянкай.
— Добра казаць, калі мы цяпер сядзім «дома» і ў нас пад рукою ёсць шмат зброі, нават кулямёт, бомбы і газы. А на зямлі не так лёгка будзе, — сказаў Кандаракі.
Другі раз усіх узварушыў крык боцмана Старка:
— Глядзіце, глядзіце: на левым беразе чалавек на кані!
Каб у нас закрычалі: «Глядзіце, слон на самалёце!», то менш здзівілі б людзей, чым тут словы: «Чалавек на кані».
Справа ў тым, што на Новай Гвінеі зусім няма коней. Толькі еўрапейцы па берагах прывезлі сабе іх некалькі. А каб тут, у сярэдзіне, сярод папуасаў, з'явіўся конь, то людзі перапалохаліся б больш, як мы, убачыўшы якога-небудзь неіснуючага звера.
Усе кінуліся глядзець у той бок, накіравалі біноклі, але нічога не ўбачылі.
— Гэта табе здалося, — сказалі боцману.
Але ён кляўся, што добра бачыў, як праз узгорак праехаў коннік і схаваўся за дрэвамі.