Пасля Жыццё [Пасляжыццё, be]
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Пасля Жыццё [Пасляжыццё, be]». Краткое содержание книги:
Гэтай кніжкай мы хочам падкрэсліць, што лічым Быкава аўтарам, чытанне якога жыццёва неабходнае для разумення простых чалавечых каштоўнасцяў. Бо вайна паміж геройствам і лайном унутры кожнага з нас, на жаль, не скончыцца ніколі.
Пад адной вокладкай сабраныя пяць твораў розных часоў напісання. Аповесць «Атака» і апавяданне «Жалезны камандзір» не так даўно былі знойдзеныя ў гарадзенскім архіве аўтара і адносяцца да 1960-х гадоў. Аповесць «Афганец» і апавяданне «Бутэльчына» створаныя ўжо ў незалежнай Беларусі, і гаворка ў іх таксама ідзе пра сучаснасць. Акрамя таго, у зборнік ўвайшла незавершаная аповесць «Бліндаж», распачатая ў 1987 годзе. Усе тэксты выходзяць у аўтарскай рэдакцыі.
Пры афармленні кнігі нам хацелася падкрэсліць актуальнасць прозы Васіля Уладзіміравіча, таму за аснову была ўзятая коміксавая стылістыка. Дызайн выдання — гэта нашая рэфлексія на тое, што адбываецца ўнутры зборніка. Кожная ілюстрацыя — своеасаблівы кейген да таго ці іншага твора і гэтага тома ў цэлым.
Яшчэ здаля згледзеў ля дзьвярэй свайго гаража дзяўчынку, дачку Ленку, якая раз-пораз стукала маленькім ку-лачком ў жалезныя дзьверы, нібы там хто зачыніўся. Калі ён падышоў, яна нават ня ўзрадавалася ад тае сустрэчы і, мабыць, каб хутчэй разьвітацца, сунула ў ягоныя рукі пакамечаную паперку.
− Дзядзя сказаў, каб пазваніў.
У паперцы былі шэсьць лічбаў тэлефону і ўсё. Ленка пабегла да маці, а ён стаяў, думаў: хто б гэта мог быць? Але тады прыпамятаў нядаўнюю сустрэчу са Шпаком − няйначай то ён. Значыць, штосьці прысьпічыла каменданцкаму прапаршчыку.
Каб пазваніць з аўтамату, патрэбна была магнітная картка, якой Ступак ня меў − не купляў прынцыпова, бо нікому званіць не зьбіраўся. А дадому ў сваю кватэру дачка не запрасіла, мусіць, так распарадзілася жонка. Што ж, пасьля ўсяго, што здарылася, ён туды і ня пойдзе. Ужо на зьмярканьні ля гаражу зьявіўся на сваім «Запарожцы» Аляксей, у якога Ступак пазычыў на дзесяць хвілінаў ягоную картку і выйшаў да аўтаматаў на вуліцу.
Ён прадчуваў правільна, то быў Шпак, які тут жа з уласьцівым для гэткіх людзей напорам абрынуў на яго цэлы паток словаў.
− Слухай, дзе ты прападаеш, ёсьць дзела, нада сустрэцца, я да цябе падскочу, скажы толькі, дзе ты жывеш, у якім раёне?
− А што такое?
− Не тэлефонны разгавор, трэба асабіста, куды пад’ехаць? Я зараз, праз дзесяць хвілінаў на машыне.
Ступак бяз жаднае ахвоты да тае сустрэчы назваў адрас, сказаў што будзе чакаць у двары.
I праўда, хвілінаў праз дваццаць з вуліцы на падворак жвава, нават ліха ўляцела вішнёвага колеру «Пежо-605». З пярэдняга сядзеньня шафёра праз апушчанае шкло выглядвала ўсьмешыстая фізіяномія Шпака.
− Прывет! Ідзі, сядзем.
Ступак абышоў машыну і, лёгка расчыніўшы дзьверцу, апусьціўся на мяккае пярэдняе сядзеньне побач з шафёрам. На заднім хтось моўчкі сядзеў, не прамовіўшы да яго ніводнага слова. Мабыць, слухаў. Шпак быў усё ў тым жа камуфляжы, толькі з пагонамі − кароткімі міліцэйскімі пагончыкамі на апушчаных плячах, дзе слаба азначаліся па чатыры зоркі − тры разам і адна вышэй, як бы асобна. Тое падзівіла Ступака − калі пасьпеў? Дэмабілізаваліся разам прапаршчыкамі, а гэты, глядзі, ужо капітан. Капітан міліцыі. Чаму ж тады ён вышэй за КДБ?
Мусіць заўважыўшы недаўменьне на твары Ступака, Шпак тым часам ня стаў нічога тлумачыць, толькі павярнуўся ад руля і дабразычліва заўсьміхаўся.
− Ну, як жывеш, сябрук? Кажуць, бяз працы, ага?
− Хто кажа?
− Людзі кажуць.
Значыць, ужо ведае, падумаў Ступак, які таксама пачаў пра штокольвечы здагадвацца. Найперш − з кім мае справу.
Пачалася доўгая напорыстая размова − і што, і дзе, і чым займаўся дагэтуль, пра заробкі і грошы, і як справы ў сям’і. Шпак пытаўся пра ўсё, а той, з задняга сядзеньня, усё маўчаў ды пільна, неяк нават адчужана слухаў. Ступак адказваў скупа, зусім не хацелася яму ва ўсім раскрывацца перад колішнім сябрам ды гэтым незнаёмым, і ён усё думаў: куды Шпак гне? Ужо ці не пранюхалі яны пра ягоны намер? Мабыць жа, не адна толькі цікаўнасьць была ў галаве сябра, нешта ж ён меў болей важнае.
Так яно і сталася. Скурыўшы па тры ці чатыры «Мальбара», якімі гасьцінна частаваў, Шпак нарэшце прыступіў да галоўнага.
− Слухай, ёсьць прапанова паслужыць. Ты таго варты. А што − афганец, ветэран і так далей. Узнагароджаны баявым ордэнам за выкананьне інтэрнацыянальнага доўгу…
Далей Ступак слухаў кепска, з першых жа словаў ён быў агаломшаны − паслужыць? Каму? Але каму − можна было здагадацца. I тут у ягоную галаву шыбанула рызыковая думка: а што? Можа, і добра. Можа, гэта менавіта тое, што яму трэба.
− Дык гэта… Ладна.
− Во і добра! Лічы, папярэдне дамовіліся. А цяпер чакай, мы паклічам.
Давайце, клічце, зласьліва думаў Ступак, ідучы да свайго гаражу. Мабыць жа, дасьцё зброю, што мне і трэба. Залічайце ў АМАП.
Шэраг наступных дзён мінуў у напружаным, доўгім чаканьні. Звычайна Ступак сядзеў ці ляжаў у гаражы за прычыненымі дзьвярыма, праз шчыліну ўвесь час пазіраючы на падворак − ці не паявіцца там зноў Шпак. Мусіць жа, павінны быў паявіцца, паклікаць ці што сказаць. Пра які адмысловы спосаб зносінаў яны не дамаўляліся, і Ступак думаў, што будзе скарыстаны ранейшы. Аднак ішоў час, беглі дні і ночы, а Шпак не паяўляўся, і ніхто ад яго не паяўляўся таксама. Можа, яны там перадумалі, пачаў сумнявацца Ступак.