Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II». Краткое содержание книги:
У мяне будзе дзіця, – сказала Гелена. – Ад каго, спадзяюся, не важна. Гэты чалавек звязаны з другою, і рассекчы гэты вузел можа толькі бог.
Майка і сапраўды не адчувала грэблівасці. Наадварот, шчымячы жаль.
Смерць? – спытала яна.
Бог. Спадзяюся, вы не асудзіце мяне, калі даведаецеся, што я кахала, кахаю і заўсёды буду кахаць яго.
Гэта было б ханжаства... Што ж рабіць, калі зямныя законы супраць?
Божыя.
І няхай... няхай... Усё адно. Гэта ўсё адно шчасце.
Што ж тады сказаць аб тых, хто сваім капрызам разбураюць шчасце?.. І калі быць з каханым не грэх, то што тады грэх?
Майка апусціла веі.
– Нейкім чынам балбатня чэлядзі аб гэтай акалічнасці дайшла да пана Алеся. Ён заўсёды ставіўся да мяне добра. Я думаю, яму стала не пад сілу жыць. Вы ведаеце, гэтыя абрыдлівыя плёткі... Адна з іх, самая хлуслівая, пару тыдняў таму дайшла да яго. Толькі гэтым ды яго дабрынёю я магу растлумачыць тое, што ён мне прапанаваў, – Гелена зрабіла паўзу.
Звінела за ракою жніво.
– А прапанаваў ён мне ні больш ні менш як прыкрыць мой “грэх”. Я дарую яму, ён жа нічога не ведаў, а пасля яму было ці не ўсё адно... І вось таму я і прыйшла да вас. Мне здаецца, тое, што здарылася, гэта ўжо занадта.
Гелена прыціснула далонь да грудзей:
– Сёння ён зрабіў гэта. Заўтра падставіць галаву пад кулю. І вось я пытаюся ў вас, – у голасе была відавочная пагроза, – ці сапраўды вы вырашылі назаўсёды парваць усе сувязі з гэтай фаміліяй?
Я... не ведаю.
Вырашайце.
Майка сапраўды не ведала, што ёй рабіць.
– Ён памрэ, Міхаліна Яраслаўна, – нібы адчужана да яе, сказала Гелена. – Нельга так жорстка.
І гэты амаль умольны тон вярнуў Міхаліне ўпэўненасць:
– Я ўсё ж не да канца разумею вас. Мне здаецца, жанчына здольна на высакародныя ўчынкі толькі ў імя асабістай прыхільнасці.
Карыцкая зразумела: дзяўчо заганарылася. Трэба было адразу ж пасадзіць яе ў лужыну.
– Вы лічыце, што ў імя асабістай прыхільнасці жанчына можа пайсці і на такі высакародны ўчынак? Мне здаецца, да такой ступені жаночае каханне не даходзіць.
Майка не глядзела на яе. Яна ледзь не калацілася ад супярэчлівых пачуццяў: крыўды на гэтую жанчыну і захаплення ёю. І яшчэ яна падумала аб тым, што яна патрэбна яму і добрая, і благая, усякая. Іначай бы гэта не было каханне.
Гелена ўстала і апусціла на твар цёмны з мушкамі вэлюм:
– Вось і ўсё, што я хацела сказаць. Ва ўсякім разе, раю паспяшацца, калі вы не хочаце назаўсёды страціць яго.
Майка глядзела на яе, і, нібы адказваючы на яе думкі, жанчына сказала:
– Адкуль я ведаю? Можа здарыцца ўсё. І потым, заўтра рана ён едзе ў Пецярбург. Магчыма, на некалькі год... Што яму тут?
Схіліла галаву.
– Бывайце.
Майка глядзела, як госця спускаецца са сходаў на круг гонару, і невядомая трывога расла ў яе душы.
“Як ідзе... Якая прыгожая... У сто разоў прыгажэйшая за мяне”.
Яна не ведала, што рабіць.
Чаго яна прыходзіла? – спытала Тэкля.
Так. Загадай, каб запрэглі коней.
Калі Тэкля вярнулася, Майка сядзела ля балюстрады і сціская пальцамі галаву.
Прычоску папсуеш, – паддала жару Тэкля. – Едзь ужо.
Добра.
А Ілля?
Скажы яму, што я не прыму яго сёння. Ні заўтра, ні паслязаўтра.
...Коні, запрэжаныя ў лёгкую брычку, імчалі да гасцінца. Налева – будзе Загоршчына. І заўтра ён едзе. На гады...
Яна сядзела, трохі падаўшыся наперад. Тонкі твар быў трохі бледны.
На ростанях яна памарудзіла трохі. Боль рос, але расло і пачуццё ўніжэння. І, аднак, трэба ехаць.
Яна раптам сцёбнула коней і нечакана моцным рыўцом лейцаў звярнула направа.
– Но! Но! – голас яе зрываўся.
І каб ужо ні аб чым не думаць, ні на што не звяртаць увагі, забыцца, яна пагнала коней па гасцінцы. Прэч ад Загоршчыны! Далей! Далей!
Усё было скончана і ў Загоршчыне, і ў Вежы. Чакала дарога. Чакаў Пецярбург, Кастусь, універсітэт. Апошні вечар, уласна кажучы, Алесю не было чаго рабіць. Хіба што развітацца з наваколлем.
Пан Даніла, які прыехаў разам з унукам у Загоршчыну, увесь дзень хадзіў злосны, чапляўся да ўсіх і ледзь не лаяўся, а потым раззлаваўся на Алеся за спачувальныя вочы і прагнаў прэч.