Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Чарнобыльская малітва - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чарнобыльская малітва

Электронная книга - «Чарнобыльская малітва». Краткое содержание книги:

Падзеям чарнобыльскай трагедыі прысвечана шмат мастацкіх твораў і дакументальных кніг. Але сярод усіх твораў пра Чарнобыль, мусіць, асаблівае месца займае кніга Святланы Алексіевіч Чарнобыльская малітва. Аўтар кнігі неаднаразова пабывала ў чарнобыльскіх раёнах, на свае вочы бачыла пакуты і смерць тысячы нявінных ахвяр мірнага атама. Перад намі гісторыі рэальна існуючых людзей, гісторыі, запісаныя крывёю сэрца. Чытаеш, а над усім гэтым нешта такое паўстае, перад чым душа ледзянее, сэрца заходзіцца ад болю і жалобы… Але ж гэта было, было… І гэта немагчыма забыць!.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 82
Перейти на страницу:

Ранічкаю еду на рынак, адтуль да сваіх знаёмых, вару булён. Усё працерці, пакрышыць… Хтосьці прасіў: "Прывязі яблычак". З шасцю паўлітровымі слоічкамі… Заўсёды на шасцёх! У бальніцу… Сяджу да вечара. А ўвечары — зноў на другі канец горада. Наколькі б мяне гэтак хапіла? Але праз тры дні прапанавалі, што можна жыць у гасцініцы для медработнікаў, на тэрыторыі самой бальніцы. Божа, якое шчасце!!

— Але ж там няма кухні. Як я буду ім гатаваць?

— Вам ужо не трэба гатаваць. Іх страўнікі перастаюць успрымаць ежу.

Ён пачаў мяняцца — кожны дзень я сустракала іншага чалавека… Апёкі выходзілі напаверх… У роце, на языку, шчоках — спачатку з'явіліся маленькія болечкі, пасля яны разрасліся… Слаёчкамі злазіла слізістая… Плевачкамі белымі… Колер твару… Колер цела… Сіні… Чырвоны… Шэра-буры… А яно такое ўсё маё, такое любімае! Пра гэта не расказаць! Пра гэта не напісаць!

Я кахала яго! Я не ведала яшчэ, як яго кахала! Мы толькі пабраліся… Ідзём вуліцаю. Падхопіць мяне на рукі і закружыцца. I цалуе, цалуе. Людзі ідуць міма, і ўсе ўсміхаюцца…

Клініка вострай прамянёвай хваробы — чатырнаццаць дзён… За чатырнаццаць дзён чалавек памірае…

У гасцініцы ў першы ж дзень дазіметрысты мяне замервалі. Адзенне, сумка, кашалёк, туфлі — усё "палала". I ўсё гэта тут жа ў мяне забралі. Нават ніжнюю бялізну. Не ўзялі толькі грошы. Узамен выдалі бальнічны халат пяцьдзесят шостага памеру, а тапачкі сорак трэцяга. Адзенне, сказалі, можа, прывязём, а можа, і не, наўрад ці можна будзе яго "адчысціць". У такім выглядзе я і з'явілася перад ім. Спалохаўся: "Божачкі, што з табой?" А я ўсё-такі ўхітралася варыць булён. Ставіла кіпяцільнік у слоік… Туды кідала кавалачкі курыцы… Маленькія-маленькія… Пасля хтосьці аддаў мне сваю каструльку, здаецца, прыбіральшчыца ці дзяжурная гасцініцы. Нехта — дошчачку, на якой я крышыла свежую пятрушку. У бальнічным халаце сама я не магла выбрацца на рынак, нехта мне гэтае зяленіва прыносіў. Але ўсё марна, ён не мог нават піць… Праглынуць сырое яйка… А мне хацелася здабыць што-небудзь смачненькае! Быццам гэта магло памагчы. Дабегла да пошты: "Дзяўчаткі, — прашу, — мне трэба тэрмінова пазваніць маім бацькам у Івана-Франкоўск. У мяне тут памірае муж". Чамусьці яны адразу здагадаліся, адкуль я і хто мой муж, тут жа злучылі. Мой бацька, сястра і брат тым жа днём вылецелі да мяне ў Маскву. Яны прывезлі мае рэчы. Грошы.

Дзевятага мая… Ён заўсёды мне казаў:"Ты не ўяўляеш, якая прыгожая Масква! Асабліва ў Дзень Перамогі, калі салют. Я хачу, каб ты ўбачыла". Сяджу ля яго ў палаце, расплюшчыў вочы:

— Цяпер дзень ці вечар?

— Дзевяць вечара.

— Адчыняй акно! Пачынаецца салют!

Я расчыніла акно. Восьмы паверх, увесь горад перад намі! Букет агню ўскінуўся ў неба.

— Ух ты!

— Я абяцаў табе, што пакажу Маскву. Я абяцаў, што па святах буду ўсё жыццё дарыць кветкі…

Азірнулася — дастае з-пад падушкі тры гваздзікі. Даў медсястры грошы — і яна купіла. Падбегла і цалую:

— Мой адзіны! Любы мой!

Разбурчэўся:

— Што табе кажуць урачы? Няможна мяне абдымаць! Няможна цалаваць!

Мне не дазвалялі яго абдымаць… Але я… Я падымала і саджала яго… Перасцілала пасцелю… Ставіла градуснік і вымала… Прыносіла і выносіла судна… Пра гэта ніхто нічога не гаварыў…

Добра, шго не ў палаце, а ў калідоры… У мяне закружылася галава, я ўхапілася за падаконнік… Міма ішоў урач, ён узяў мяне за руку. I нечакана:

— Вы цяжарная?

— Не-не! — Я гэтак пералякалася, каб нас хто-небудзь не пачуў.

— Не падманвайце, — уздыхнуў ён.

Я так разгубілася, што не паспела нічога ў яго папрасіць. Назаўтра мяне выклікаюць да загадчыцы. — Чаму вы мяне падманулі? — спытала яна.

— Вымушана была. Калі б сказала праўду — адправілі б дадому. Святая хлусня!

— Што ж вы нарабілі!!

— Але я з ім…

Усё жыццё я буду ўдзячна Ангеліне Васільеўне Гуськовай. Усё жыццё!

Іншыя жонкі таксама прыязджалі, але іх ужо не пусцілі. Былі са мной іхнія мамы… Мама Валодзі Правіка ўвесь час прасіла Бога: "Вазьмі лепш мяне".

Амерыканскі прафесар, доктар Гейл… Гэта ён рабіў аперацыю па перасадцы касцявога мозгу… Суцяшаў мяне: надзея ёсць, маленькая, але ёсць. Такі моцны арганізм, такі дужы хлопец! Выклікалі ўсіх яго сваякоў. Дзве сястры прыехалі з Беларусі, брат з Ленінграда, там служыў. Малодшая Наташа, ёй было чатырнаццаць гадоў, вельмі плакала і баялася. Але яе касцявы мозг падышоў лепш за ўсіх… (Змаўкае.) Я ўжо магу пра гэта распавядаць… Раней не магла… Я дзесяць гадоў маўчала… Дзесяць гадоў. (Змаўкае.)

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 82
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)