Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Мяжа па даляглядзе - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Мяжа па даляглядзе

Электронная книга - «Мяжа па даляглядзе». Краткое содержание книги:

Першая кніжка маладога празаіка Максіма Клімковіча вабіць чытача незвычайнасцю мастацкай формы, загадкавасцю ўчынкаў герояў. Яна напісана у традыцыях авантурна-прыгодніцкага жанру эпохі сярэдневякоўя, дзе шмат містыкі, жахаў, інтрыг, трагічных завязак і развязак, усплёскаў рамантычнага кахання. Асобна вылучаецца дэтэктыўны раман «Сцэнарый смерці», дзе праглядваецца сучаснасць, аднак і тут аўтар не мяняе сваёй манеры пісаць «пад старадаўнасць»... 
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 60
Перейти на страницу:

Пачалося ўсе з жанчыны, як і большасць гісторый у гэтым свеце. Дакладней, з дзяўчыны, бо і я тады быў яшчэ юнаком. А скончылася дванаццаць год таму. Жахліва — магу кідацца такімі лічбамі. Але ж, што зробіш, расказваць гісторыі з уласнага жыцця падарожным — таксама прыкмета старэння.

Яе імя — Марына. Мы жылі ў суседніх маёнтках. Бачыліся раз на тыдзень, як нашыя бацькі з'язджаліся ў госці. Мо таму, што ў нас не было другога выбару ці, можа, так было наканавана, але ж мы пакахалі адно аднаго. Я не стану апісваць яе партрэт, бо гэта марная трата часу. Няхай пан прыгадае сваю першую каханку і возьме яе партрэт за ўзор — так яму будзе лягчэй разумець мяне.

Марына была адзіным маім госцем на дні нараджэння — першым, які я памятаю. З таго часу ўсе настолькі звыклі бачыць нас разам, што нашае каханне нікому не кінулася ў вочы. Мы спакойна і без аніякіх перашкод праводзілі цэлыя дні разам і нават паспелі дамовіцца, што ажэнімся. Адно баяліся сказаць бацькам, бо ў іх наконт гэтага былі іншыя планы.

За сваім каханнем мы страцілі апошнюю асцярожнасць, нават паспявалі цалавацца ў прысутнасці яе маці, калі тая на хвілінку адварочвалася да акна. Такое, вядома, не магло добра скончыцца.

Аднойчы надвячоркам яе ж маці і заспела нас у альтанцы. Не ведаю, як доўга яна назірала за намі, толькі гукнула Марыну тады, калі мы ўжо сядзелі вельмі прыстойна, адно што абняўшыся, і ляніва цалаваліся. Марына падхапілася, паспела мне прашаптаць: «Да заўтра» — і пабегла за маці, якая павольна ішла да палаца.

Самае дзіўнае, але я не асэнсаваў гэтага здарэння ў той дзень. Назаўтра, як быццам бы нічога і не адбылося, я пасля абеду паехаў да Марыны. Мяне нават не пусцілі ў дом. Давялося вяртацца і расказваць усе ад пачатку свайму бацьку.

Назаўтра раніцай мы паехалі разам. Яго прапусцілі, мяне не. Добрых паўдня я прастаяў пад Марыніным акном. Шчыльна ссунутыя фіранкі не варухнуліся. Раптам адчыніліся невялікія дзверы чорнага ўвахода, і на ганак таропка выйшла нейкая дзеўка, паклала пад сцяну складзеную ўдвая паперку, махнула мне рукой і вярнулася. Я на ўсялякі выпадак счакаў, потым падняў паперку, зайшоў у парк і разгарнуў яе.

«Фабіян,— пісала Марына,— заўтра я разам з маці перабіраюся ў горад. Як будзем праязджаць карчму за мястэчкам, я ўдам, што страціла прытомнасць. Прыдумай што-небудзь, каб мы пабачыліся сам-насам». Яшчэ там былі пацалункі, абяцанкі, якія маюць цікавасць толькі для мяне і наўрад ці хвалююць пана.

План склаўся адразу. Трэба было неадкладна скакаць у мястэчка, знайсці там лекара і класці перад ім на стол манеты да таго часу, покуль ён не згадзіцца выпадкова апынуцца недалёка ад карэты, калі Марына страціць прытомнасць. Потым ён павінен дапамагчы перанесці Марыну ў загадзя куплены мной пакой у карчме і сказаць, што ёй нельга кранацца з месца пару дзён, што хвароба вельмі складаная і сам ён не бярэцца лячыць, а таму трэба самой маці ехаць у горад да лекара князя, бо толькі той зможа дапамагчы ў гэтай хваробе, толькі ў яго есць патрэбныя лекі, але ён вельмі важны чалавек, і таму толькі асабістае запрашэнне пані прымусіць яго паехаць. А каб княскі лекар ведаў, што трэба браць з сабой, ён напіша яму запіску, вядома, на лаціне, якую сама маці і перадасць з рук у рукі. За Марынай дагледзіць пакаёўка. А мой пакой будзе, вядома, сумежным з Марыніным.

Нарэшце на ганак выйшаў бацька. Ён сказаў, што Марыніна маці не мае нічога супраць мяне асабіста, але не хоча, каб яе дачка болей сустракалася са мной, бо гэта зашкодзіць і майму, і яе далейшаму жыццю. Яна просіць прабачэння за апошнія два дні, калі загадала не пускаць мяне ў свой дом. Але спадзяецца, што я зразумею яе, і запрашае мяне наведаць яе ў любы час, пасля таго як вернецца з горада, каб мець магчымасць пагаварыць са мной асабіста. Што вінаваціць у здарэнні адну сябе, а ніяк не мяне з Марынай.

Я сказаў бацьку, што сам не лічу тое здарэнне чым-небудзь сур'ёзным. Але ў мяне моцна падпечаны настрой, і я хацеў бы пабыць адзін колькі дзён, з'ездзіць у мястэчка, да касцёла, пахадзіць на паляванне. Відаць, пасля Марынінага ліста нельга было падумаць, што я збіраюся канчаць жыццё самагубствам з-за няшчаснага кахання.

— Так з імі і трэба, з бабамі,— нечакана груба сказаў бацька,— нашто яны яшчэ існуюць, толькі на гэта,— сказаў і аддаў мне свой кашалёк, поўны грошай.— Трымай, пагуляеш. Шкода, абяцаў не пускаць цябе ў горад. Але і тут пагуляць можна няблага. Глядзі, каб маці не даведалася ні пра Марыну, ні пра грошы. Мы дамовіліся маўчаць. Маўчы і ты.

Дома мне хутка падрыхтавалі стрэльбы, пісталеты, і я разам са слугой, з парай сабак паехаў нібыта ў паляўнічы домік на лясное возера. Слугу я без тлумачэнняў сагнаў з каня перад самым лесам, пакінуў яму сабак, стрэльбы і загадаў тры дні не казаць носа ў палацы. А сам з двума коньмі, з кашальком, поўным грошай, скіраваў у мястэчка.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 60
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)