Чорная страла
- Автор: Стивенсон Роберт Льюис
- Язык: белорусский
- Переводчик: Виктор Константинович Гордей
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Чорная страла». Краткое содержание книги:
— Хто ідзе? — крыкнуў іх камандзір.
— Уіл Лоўлес, клянуся распяццем; і ты ведаеш мяне як свае пяць пальцаў, — адказаў расстрыга пагардліва.
— Скажы пароль, Лоўлес! — запатрабаваў камандзір.
— Ты дурань, і няхай паможа табе неба, — адказаў Лоўлес. — Хіба ты не пазнаеш мяне? Усе вы звар'яцелі на гульні ў салдацікі. Калі жывеш у лесе, трэба жыць па-лясному; і вось вам мой пароль: кукіш!
— Лоўлес, ты паказваеш кепскі прыклад. Скажы пароль, дурань! — крыкнуў камандзір.
— А калі я яго забыў? — сказаў Лоўлес.
— Хлусіш, не забыў; а калі забыў, я ўсаджу стралу ў тваё тлустае чэрава, клянуся небам! — адказаў камандзір.
— Бачу я, вы не разумееце жартаў, — сказаў Лоўлес. — Дык вось вам пароль: «Дэкуорт і Шэлтан», а вось і карцінка да гэтага пароля: Шэлтан у мяне на спіне, і я нясу яго да Дэкуорта.
— Праходзь, Лоўлес, — сказаў дазорца.
— А дзе Джон? — спытаў манах.
— Вяршыць суд і збірае чынш, быццам пан! — адказаў вартавы.
Так яно і было. Калі Лоўлес дайшоў да харчэўні, што стаяла ў сярэдзіне сяла, ён убачыў Эліса Дэкуорта, акружанага сялянамі сэра Дэніэла. Ён вельмі спакойна збіраў з сялян чынш і выдаваў ім распіскі ў атрыманні грошай. Відаць было, што сялянам гэта зусім не падабаецца, — яны выдатна разумелі, што ім давядзецца плаціць яшчэ раз.
Калі даведаўся, каго прынёс Лоўлес, Эліс зараз жа адпусціў сялян. Твар яго выказваў і жывое спачуванне, і трывогу; ён загадаў аднесці Дзіка ў задні пакой харчэўні. Там юнаку перавязалі раны і самымі простымі сродкамі прывялі яго ў прытомнасць.
— Мілы хлопчык, — сказаў Эліс, паціскаючы яму руку, — ты знаходзішся ў гасцях у сябра, які любіў твайго бацьку і ў памяць аб ім любіць цябе. Адпачні крыху, ты яшчэ не зусім апрытомнеў. А потым ты раскажаш мне ўсё, што з табой здарылася, і мы разам падумаем, як дапамагчы табе.
Гадзіны праз дзве, калі Дзік, усё яшчэ вельмі слабы, трошкі выспаўся, Эліс падсеў на яго ложак і папрасіў імем яго бацькі расказаць, як ён уцёк з Тэнстолскага замка Мот. У шырокіх плячах Эліса было столькі сілы, на смуглым твары столькі сумлення, у вачах столькі розуму і яснасці, што Дзік адразу яму падпарадкаваўся і падрабязна расказаў пра ўсе свае прыгоды за апошнія дні.
— Святыя аберагаюць цябе, Дзік Шэлтан, — сказаў Эліс, калі юнак скончыў. — Яны не толькі вывелі цябе жывым і здаровым з усіх бедаў і небяспек, але ў дадатак прывялі цябе да чалавека, які больш за ўсё на свеце хоча аказаць дапамогу табе. Будзь мне верны, — а я ўпэўнены, што ты чалавек верны, — і мы з табой даб'ёмся смерці паскуднага здрадніка.
— Вы збіраецеся ўзяць яго замак штурмам? — спытаў Дзік.
— Браць замак штурмам — гэта вар'яцтва, — адказаў Эліс. — У замку ён дужа моцны; у яго багата воінаў. Учора міма мяне праслізнуў цэлы атрад — той самы, з'яўленне якога цябе выратавала, — і цяпер сэр Дэніэл знаходзіцца пад надзейнай аховай. Не, Дзік, нам з табою і нашым слаўным лучнікам трэба як мага хутчэй выбрацца адсюль і пакінуць сэра Дэніэла ў спакоі.
— Мяне трывожыць лёс Джааны, — сказаў хлопчык.
— Лёс Джааны? — перапытаў Дэкуорт. — А, разумею, лёс гэтай дзяўчынкі! Абяцаю табе, Дзік, што калі пойдуць чуткі аб вяселлі, мы будзем дзейнічаць без прамаруджвання. А да таго часу мы ўсе знікнем, як цені на світанні. Сэр Дэніэл будзе глядзець на ўсход, будзе глядзець на захад і нідзе не знойдзе ворагаў; клянуся небам, ён вырашыць, што мы яму толькі прысніліся. Але нашы з табою чацвера вачэй, Дзік, будуць уважліва сачыць за ім, і нашы чатыры рукі — хай дапаможа нам святое анёльскае воінства! — адолеюць здрадніка.
Праз два дні гарнізон замка Мот настолькі ўзмацніўся, што сэр Дэніэл рашыўся на вылазку і на чале сарака вершнікаў праехаў, не сустрэўшы супраціўлення, да вёскі Тэнстол. Ні адна страла не праляцела; ні аднаго чалавека не знайшлі ў лесе; мост нікім не ахоўваўся. Калі праехалі цераз мост, сэр Дэніэл убачыў сялян, якія баязліва глядзелі на яго з дзвярэй сваіх хатак.
Раптам адзін з іх, набраўшыся храбрасці, выйшаў наперад, зрабіў нізкі паклон і падаў рыцару якоесьці пісьмо. Сэр Дэніэл пачаў чытаць, і твар яго спахмурнеў. Вось што ён прачытаў:
«Каварнаму і жорсткаму джэнтльмену, сэру Дэніэлу Брэклі, рыцару.
Цяпер я ведаю, што вы вялі сябе каварна і подла з самага пачатку. Кроў майго бацькі на вашых руках; адмыць яе вам не ўдасца. Папярэджваю вас, што надыдзе дзень, калі вы загінеце ад маёй рукі. Папярэджваю вас яшчэ, што, калі вы паспрабуеце выдаць замуж высакародную даму панну Джаану Сэдлі, з якой я сам пакляўся ажаніцца, дзень гэты надыдзе хутка. Першы ваш крок да наладжвання яе вяселля будзе першым вашым крокам да магілы.