Подых навальніцы
- Автор: Мележ Иван Павлович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0189-4
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Подых навальніцы». Краткое содержание книги:
— Куды ето выправіліся, як на заработкі? — Хоня, у расхрыстанай сарочцы, з кепачкай на макаўцы, весела бліснуў цікаўнымі, жвавымі вачыма.
— Можна сказаць, што i на заработкі,— паддаючыся тону яго гаворкі, адказаў Апейка. — На першы калгасны заработак.
— Рашылі з сягонняшняга дня рабіць па-калекціўнаму, — сур’ёзна, як i належыць кіраўніку, старшыні калгаса, растлумачыў Міканор. — На старых покуль надзелах, але па-калекціўнаму. Разам скасіць i прыбраць кожны надзел. Параіліся з Іванам Анісімавічам, — кіўнуў Міканор на Апейку, — i рашылі пачаць з Зайчыка. І от з-за етаго зайшлі к табе. Штоб падтрымаў першы, — кончыў прыяцельскім ужо тонам Міканор, як бы намякаючы, што Хоня таксама на асобым становішчы, Хоню — асобае давер’е.
— Да я чаго ж, — зухавата прамовіў Хоня. — Я не ўломак! Я хоць зараз!
Нібы паказваючы, што ён слоў на вецер не кідае, Хоня тут жа ўзняў касу, ускінуў на плячо. Утраіх напрасткі пакіравалі да Алёшы. Таго таксама не трэба было ўгаворваць, ахвотна далучыўся. Людзі там i тут ужо касілі, іншыя збіраліся касіць, багата хто з цікавасцю паглядаў на незразумелыя зборы, змовы тых, што запісаліся ў калгас. Тыя ж трое, што ішлі з Апейкам, — бачачы, як да ix прыглядаюцца, ішлі i гаманілі між сабой голасна, ганарліва, нават як бы задзірыста. Адчувалі сябе быццам не такімі, як усе, смялейшымі, разумнейшымі. Вялікае гэта адчуванне: ты ідзеш першы, першы пачынаеш тое, што яшчэ ніхто не рабіў, першы бярэшся за тое, да чаго ў іншых не хапае розуму i смеласці! Тыя, што ішлі побач, бачыў Апейка, добра адчувалі гонар i шчасце быць першымі, асабліва хвалюючыя ў такі пунсовы ранак, перад столькімі позіркамі! Не трэба было ўгаворваць, адразу дапучыліся i Грыбок i Хведарава Вольга. Гатоў быў паіісці з вясёлай ахвотай крывы Хведар; хаваючы звыкла няёмкасць за сваё капецтва, за нагу на драўлянай падстаўцы, нсцярпліва падскокваючы на кастылях, паварочваючыся то да аднаго, то да другога, папрасіў:
— Mo касу каму адбіць трэба? Дык я ўмент!
— Трэба будзе, прынясем! — паабяцаў Хоня.
Зайчык ужо махаў касою. Калі падышлі, кінуў касіць, здзіўлена павёў вочкамі, але клопатнасць схаваў гарэзлівай мітуснёй:
— Чаго ето так рано? Шчэ ж, братачкі, жонка не напякла нічого!
— А мы найперш зарабіць хочам, — зарагатаў Хоня.
— Да от рашылі,— у сваёй старшынскай ролі выступіў Міканор, — работаць калякціўно з сягонняшняга дня. Па чарзе рабіць калякціўно. І рашылі пачаць з цябе.
— Я тут падумаю… — узрушана i вінавата загаварыла Зайчыха, што адразу падышла да гурту. — Я падумаю, — зірнула на Зайчыка, супакойваючы, — звару чаго-небудзь!.. Пакуль тое!..
— Да не трэба! — заявіў Хоня. — Перакусілі ўжэ!
— Паснедалі,— супакоіла жанчыну Вольга.
— Не, патом усе-такі трэба! — прамовіла Зайчыха.
— Трэба, — смяяўся i не смяяўся Зайчык. — Дзень такі!.. — Жартам, але не жартаўліва загадаў жонцы: — Разарвіся, але штоб як… Штоб як у людзей!
Хвіліну яшчэ ўгаворвалі Зайчыкавых, што нічога не трэба. Потым спрачаліся, каму першаму ісці, каму весці; гэта было вельмі важна не толькі таму, што весці павінен лепшы касец, але i таму, што гэтым вызначалася i агульнае прызнанне перавагі аднаго перад іншымі i разам як бы аддаваўся яму знак асобай пашаны. Апейка заспяшаўся, параіў першаму пайсці гаспадару, самаму сталаму сярод усіх, самаму, значыць, i заслужанаму. Але Зайчык першы ж запярэчыў: жартуючы, дурэючы, сказаў, што ён i касец не асаблівы i, галоўнае, зусім не сталы: ні ў каго ў Куранях няма ў галаве столькі ветру, як у яго. Ён першы ж i сказаў, каб наперадзе пайшоў Апейка. Зайчыка ўсе падтрымалі, i Апейку асталося толькі падзякаваць за гонар i давер’е. Адтаго, што рад быў пракошаны ўжо далека ад краю, вярнуліся к пачатку надзелу; Апейка пракасіў першы трохі, тады побач, ззаду пайшоў Міканор, потым Хоня…
— Ну, благаславі, старая! — засмяяўся Зайчык, становячыся, каб ісці за Хонем…
Так яно весела i проста пачалося, на мокрым, нібы дымным, балоце, у ранак, ва ўсім, здавалася, падобны на ўсе іншыя. Балота жыло звычайным сваім клопатам, i ў клопаце гэтым мала хто разумеў, што з гэтага пачынаецца новае, не знанае яшчэ ў Куранях…
Пад вечар таго ж дня бачылі, як Апейка зноў праехаў паўз балота, знік разам з таратайкаю ў зарасніку, што абчэгіліваў дарогу.
Раздзел пяты
1
Не трэба думаць, што Глушаку не было шкада малой. Не чужая ж кроў, свая, Глушаковае насенне — i адзін дзень, i другі поўз у неспакойныя клопаты ціхі жаль аб нябожчыцы. Да жалю заўсёды прымешвалася злосць на нявестку, асабліва — на дурны выбрык на могілках. Як ні лаяў яе, чуў сябе — i гэта дадавала злосці — нібы вінаваты. Хоць супакойваў сябе: Бог даў— Бог узяў; хоць разважаў цвяроза: не ведаў жа, што так кончыцца, — калі маліўся аб малой, быццам прасіў ва Усявышняга літасці i даравання.