Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды
- Автор: Ермаловіч Мікола
- Год: 2001
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды». Краткое содержание книги:
Падругое, яно, паказваючы першы паход Барыса, гэтым самым раскрыла першачарговую задачу Полацкага княства ў той час. Барыс робіць паход на яцвягаў, вядома ж, не на тых, што, паводле некаторых даследчыкаў, жылі ў Сувалкіі, а на тых, што былі зусім блізка, хутчэй за ўсё ў Верхнім Панямонні, на поўдзень ад Зах. Бярэзіны, дзе, мяркуючы па вялікай колькасці каменных магіл410, знаходзілася значная група яцвягаў у суседстве і ўперамежку з літвой. Гэты факт яшчэ раз абвяргае досыць пашыраную ў нашай гістарыяграфіі думку аб нібыта мірнай каланізацыі і асіміляцыі балцкага насельніцтва славянамі, у тым ліку і палачанамі. Як бачым, без кровапраліцця, рабаўніцтва і гвалтоўнага вываду насельніцтва тут не абыходзілася. Захопленымі ў палон яцвягамі і быў хутчэй за ўсё заселены наноў збудаваны Барысаў. Аднак гэтая думка В. Данілевіча аспрэчваецца некаторымі гісторыкамі411. 3 свайго боку, мы не бачым тут нічога неверагоднага. Адной з мэтаў паходаў князёў і было выводзіць з чужых земляў насельніцтва і засяляць ім сваю рэдка населеную зямлю. Праўда, заснаванне горада на Бярэзіне Барысам у сваё імя можа здацца праблематычным. Справа ў тым, што на карце Барысава, якая адносіцца да 1595 г., паказана рэчка Барыса 412, што на першы погляд робіць магчымым паходжанне назвы горада ад ракі. Аднак суфікс прыналежнасці — «аў» («ов») гаворыць у карысць заснавання горада Барысам. Звычайна назвы гарадоў, утвораныя ад гідронімаў, мелі суфікс «ск». Можна меркаваць, што Барысаў быў узведзены найперш як абаронны ўмацаваны пункт, на што ўказвае размяшчэнне яго гарадзішча на востраве. Відаць, недалёка адсюль праходзіў шлях з паўднёвага ўсходу, бо ў 1127 г. па ім на Барысаў рухаліся войскі чарнігаўскіх князёў. Л. Аляксеевым выказана думка, што Барысаў быў пагранічным умацаваннем413. У такім выпадку ўзнікае пытанне, з кім ішла мяжа па Бярэзіне. Рубяжы Полаччыны былі далёка адсунуты на ўсход ад гэтай ракі ўжо ў той час, і таму ніякай гаворкі аб парубежным становішчы Барысава не можа быць. I ўсё ж у сувязі з гэтым мы павінны прыгадаць сцверджанне аб заснаванні Барысава, якое мы знаходзім у «Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай», якая паўтарае «Хроніку» Стрыйкоўскага. У ёй таксама пабудова Барысава прыпісваецца князю Барысу як «знак вечной граници умоцници межи Литвою и князством Полоцким»414. Як вядома, у гэтай крыніцы, складзенай, як і іншыя падобныя ёй «Хронікі», у фальсіфікатарскіх мэтах, шмат блытанага і скажонага, прадыктаванага палітычнымі абставінамі таго часу (XVI ст.). Так, князь Барыс тут выступав не як сын Усяслава, а як сын выдуманага літоўскага князя Гінгвіла, што было зроблена з мэтай даказаць літоўскае, а дакладней — жамойцкае паходжанне полацкіх князёў. Тое ж і ў адносінах літоўскай мяжы па Бярэзіне Дняпроўскай. Гэтая рака ніяк не магла размяжоўваць Полаччыну з Літвой. Відаць, у гэты час (у пачатку XII ст.) мяжа Полацкага княства з Літвой магла ісці па Бярэзіне Нёманскай, пра што сведчыць, як мы гаварылі раней, наяўнасць уздоўж яе тапонімаў Гарадок, Тарадзілава, Гарадзечна, Гародзькі і асабліва такіх, як Палачаны і Літва, якія красамоўна сведчаць аб полацкалітоўскім сумежжы. Менавіта з гэтых рубяжоў князь Барыс і пачаў свой паход супроць яцвягаў, магчыма, узяўшы ў саюзнікі варожую ім літву. Вось гэта Бярэзіна і была зблытана ў «Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай» з Бярэзінай Дняпроўскай, якая Hiбыта была мяжой паміж Полацкам і Літвой. I невыпадкова. У XVI ст. чамусьці існавала думка, што мяжа Вялікага княства Літоўскага на ўсходзе была па Бярэзіне Дняпроўскай. Нездарма ж маскоўскія паслы, прад’яўляючы прэтэнзіі сваёй дзяржавы на беларускія гарады, гаварылі паслам Вялікага княства Літоўскага: «…а рубеже был тем городом с Литовской землёю по Березыню» 4|5.
Пад 1103 г. у шэрагу летапісаў адзначана, што Давыд Усяславіч хадзіў з паўднёварускімі князямі на полаўцаў416. Гэты факт, на першы погляд, можа пацвердзіць, што менавіта Давыд сядзеў у Полацку і яго як магутнага князя запрасілі сабе ў саюзнікі паўднёварускія князі. У В. Тацішчава ён і названы полацкім князем417, аднак гэты гісторык усіх Усяславічаў называв полацкімі князямі. На нашу ж думку, болын верагодна, што Давыд сядзеў у Менску і як менскі князь удзельнічаў у паходзе на полаўцаў, які быў вельмі паспяховы, бо яго ўдзельнікі, у тым ліку, відаць, і Давыд, вярнуліся «з палонам вялікім і з славай і перамогаю вялікаю». Саюз Давыда з паўднёварускімі князямі не мог не ўстрывожыць іншых Усяславічаў, асабліва старэйшага — БарысаРагвалода і трэцяга па ўзросту і, як пакажуць далейшыя падзеі, энергічнага Глеба. I іх непакой быў апраўданы. Менск — гэта цвярдыня Полацкай зямлі на яе паўднёвых рубяжах (к таму часу ён ужо, відаць, знаходзіўся на берагах Свіслачы ля ўпадзення ў яе Нямігі), і яго ўдзел, які ахапляў досыць вялікую частку полацкіх уладанняў, мог апынуцца ў сферы ўплыву кіеўскіх князёў, што, верагодна, і было прычынай выгнання Давыда з Менска, дзе стаў княжыць Глеб. Толькі гэта акалічнасць і можа ў найбольшай ступені растлумачыць, чаму ў ліку князёў, якія ў наступным, 1104 годзе пайшлі на Глеба Менскага, быў і Давыд Усяславіч. Прывядзём поўнасцю сведчанне летапісу пра гэту падзею: «Сего же лета исходяша, посла Святополк Путяту на Менеск, а Володимер сына своего Ярополка, а Олег сам иде на Глеба, поемше Давыда Всеславича: и не успеша ничтоже, и възвратишася опять»419. Як бачна, ні вялікі князь Святаполк, ні Уладзімір Манамах не прынялі ўдзелу ў гэтым паходзе, даручыўшы ўзначальваць свае войск!: першы — ваяводу Пуцяту, другі — сыну Яраполку, што княжыў у Смаленску. I толькі АлегСвятаславіч, які ў гэты час княжыў у Ноўгарадзе Северскім, пайшоў сам, «поемше Давыда Всеславича». Гэтыя апошнія словы асабліва важныя для нас. Найперш яны паказваюць, што ў гэты час Давыд не быў полацкім князем і не быў ініцыятарам паходу, як лічыць Л. Аляксееў420, бо нельга ўявіць, каб у адносінах паўнапраўнага і магутнага полацкага князя летапісец мог сказаць, што яго с сабой «поемше» Алег. Так можна было абысціся толькі з беглым князем, што застаўся без удзелу. I. Бяляеў лічыў, што ў Алега Свята — славіча знайшоў прытулак побач з Давыдам і Раман Усяславіч, які таксама застаўся без удзелу421. Пры разглядзе ранейшых падзей мы неаднаразова ўказвалі на факты выключнай варожасці чарнігаўскіх князёў да Полацка, і таму Давыд добра ведаў, дзе яму знайсці прыстанішча, Алег Святаславіч, НоўгарадСеверскі ўдзел якога быў у непасрэднай блізкасці ад Полаччыны, з ахвотай мог прыняць да сябе беглага князя, бо разумеў, што выкарыстае ўзніклую паміж полацкімі князямі ўсобіцу для аслаблення іх зямлі. Усё гэта пацвярджае думку I. Бяляева, што Давыд уцёк да Алега Святаславіча. Грунтуючыся на тым, што Алег сам узначаліў сваё войска, можна думаць, што ён і быў ініцыятарам паходу злучаных сіл супроць Глеба, якога, відаць, меркаваў выгнаць з Менска і пасадзіць туды Давыда, які, такім чынам, быў бы верным саюзнікам ноўгарадсеверскага князя. Не выключана, што прычынай паходу на Менск магло быць і тое, што Глеб сам зрабіў напад на Кіеўскую зямлю. Аднак гэта катэгарычна сцвярджаць нельга, як гэта рабіў М. ДоўнарЗапольскі422, бо крынацы пра гэта не гавораць.
Аднак паход не ўдаўся. Галоўную прычыну гэтага трэба бачыць у моцы Менска, які меў добрыя ўмацаванні і патрэбную колькасць вайсковай сілы для абароны. Немалую ролю тут мела і тое, што і Святаполк і Манамах не былі асабліва зацікаўлены ў дапамозе Алегу Святаславічу, свайму даўняму праціўніку, чым і тлумачыцца тое, што яны асабіста не ўзначалілі свае войскі. А ваявода Пуцята і сын Уладзіміра Манамаха Яраполк, убачыўшы, што ўзяць Менск будзе нялёгкай справай, відаць, праявілі пасіўнасць у ваенных дзеяннях, што і вырашыла канчаткова няўдачу кааліцыі. Такі зыход, бясспрэчна, яшчэ болын умацаваў становішча Глеба і ў значнай ступені акрэсліў яго далейшую палітыку. У адносінах Давыда трэба думаць, што ён доўга жыць «на ласцы» Алега не мог і хутчэй за ўсё, памірыўшыся з братамі, вярнуўся на радзіму. Тым больш што для Полаччыны наступіў вельмі адказны момант, які патрабаваў ад яе князёў з’яднання ўсіх яе сіл.