Суровая дабрата
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1977
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Суровая дабрата». Краткое содержание книги:
Жандар люта супраціўляўся. Каб не рызыкаваць жыццём сяброў, Некрашэвіч загадаў жонцы і дзецям здрадніка выйсці з хаты. Калі жандар застаўся адзін, хату запалілі. А ў гэты час на чыгунцы пачуўся страшэнны грукат і выбухі. Над лесам узнялося воблака жоўтага дыму, зноў загрымелі выбухі, шуганула зыркае полымя.
Надвячоркам адшукалі ў лесе таго самага пастушка Лісовіча, і ён расказаў, што зваліўся паравоз і вялізныя жалезныя скрыні. У іх доўга рваліся снарады. Немцы ачапілі гэтае месца і нікога не падпускаюць.
— Бронецягнік! — усміхнуўся Сяргей.
— А ўсё ж заданне Васіля Захаравіча не выканалі,— зажурыўся Іван.— Было загадана спусціць эшалон з жывою сілай, а тут загрымелі нейкія жалезныя скрыні. Не-е, хлопцы, з пустымі рукамі вяртацца нельга. Прыйдзецца папрацаваць яшчэ.
Група накіравалася да станцыі Старушкі. Тым жа спосабам падкапалі шпалы і раскруцілі рэйкі.
А Корж хваляваўся, чакаючы групу Некрашэвіча. Рэха выбухаў каля Браніслава дакацілася да атрада. Прайшлі ўсе тэрміны, а партызаны не вярталіся. Камандзір пасылаў разведчыкаў, але тыя нічога не маглі паведаміць.
Нарэшце стомленыя, агаладалыя «чыгуначнікі» з'явіліся зусім з другога боку.
— Усе цэлыя? — першы да Некрашэвіча падбег камандзір.
— Нават з прыбыткам. Выходзіла 20, вярнулася 21,— ласкава паляпаў па плячы малодшага брата Іван.
— Дзе ж вы прападалі?
— Адразу не ўдалося выканаць ваша заданне. Кульнуўся бронецягнік, грукату нарабіў шмат, а толку мала. Салдат у ім, можа, якія дзесяткі два было ўсяго. Вось і пайшлі цікаваць. Вы ж загадалі знішчыць эшалон з жывою сілаю. Цяпер парадак. Заданне выкапана, таварыш камандзір!
Пачуўшы такі рапарт, Корж рагатаў да слёз.
— А ты разумееш, садовая твая галава, што такое бронецягнік? Колькі тон смерці везлі на нашага брата! Цяпер фрыцам доўга разбіраць завал. Малайцы, хлопцы!
Пазней за гэтую аперацыю Іван Аляксеевіч Некрашэвіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
А ў дзённіку камандзіра з'явіўся такі запіс:
«8/VI-42 г. Шляхам раскручвання рэек зроблена крушэнне вайсковага эшалона, які ішоў па фронт, паміж Жыткавічамі і ст. Старушкі. Па вестках ад жыхароў, якія былі на месцы крушэння, знішчана 300 салдат і афіцэраў, шмат паранена».
Праз некалькі дзён да запісу Васіль Захаравіч Дадаў:
«Па больш дакладных вестках знішчана 600 гітлераўцаў».
А 26 чэрвеня ў старобінскіх лясах партызаны пачулі паведамленне Савінфармбюро, што ў Беларусі партызанскі атрад тав. К. арганізаваў крушэнне эшалона з боепрыпасамі і жывой сілай праціўніка. Пасля аднаўлення чыгункі партызаны пусцілі пад адхон яшчэ адзін вайсковы састаў.
— Браткі, пра нас ведае і гаворыць Масква! — аж захлыналіся ад шчасця Камароўцы і віншавалі групу Некрашэвіча.
— От каб нам хоць пудоў з пяць толу ды добрых запалаў, мы б ім не такі канцэрт наладзілі,— бедаваў Сяргей.— А гэта так, саматужніцтва.
Але і гэтае «саматужніцтва» рабіла сваю справу. На чэрвеньскіх старонках дзённіка В. З. Каржа шмат такіх запісаў:
«Расшылі шлях у тым жа месцы. Крушэнне адбылося ў 2 гадзіны ночы. Насельніцтва паведаміла, што шмат забіта і паранена немцаў».
«Паміж Жыткавічамі і Дзедаўкай у б гадзін раніцы пушчаны пад адхон цягнік. Колькасць забітых і параненых пакуль што не вядома».
Рэха выбухаў на палескіх магістралях даходзіла да Масквы. За дзейнасцю злучэння Каржа ўважліва сачыў Цэнтральны Камітэт Кампартыі Беларусі. Пра справы Пінскага злучэння паведамляла рацыя Мінскага падпольнага абкома партыі, які ўзначаліў В. І. Казлоў.
А партызаны дзейнічалі ўсё больш актыўна. Сотні нямецкіх снарадаў не дайшлі да фронту, мільёны варожых куль не вылецелі з руляў аўтаматаў, тысячы гітлераўскіх галаварэзаў засталіся на адхонах беларускіх чыгунак, не паспеўшы зрабіць ніводнага стрэлу. Колькі нашых салдат, жанчын і дзяцей абавязаны жыццём мужнасці і вынаходніцтву партызан!
У верасні 1942 года савецкія самалёты прарваліся ў глыбокі тыл і даставілі атрадам Піншчыны рацыю, шыфры і кваліфікаваных радыстаў, а неўзабаве з Вялікай зямлі прыбыў упаўнаважаны ЦК КП(б)Б А. Я. Кляшчоў і ўзначаліў Пінскі падпольны абком партыі. У склад абласнога камітэта быў уведзены камандзір злучэння, якое ўжо налічвала больш за 2 тысячы байцоў.
У пастанове ЦК КП(б)Б ад 25 жніўня 1942 года гаварылася: «Даручыць тт. Кляшчову і Каржу прыняць захады для наладжвання работы партыйнага падполля, па аднаўленню дзейнасці падпольных партыйных арганізацый у раёнах, з якімі страчана сувязь, узмацніць палітычную работу сярод насельніцтва, пашыраць партызанскі рух на тэрыторыі вобласці, актывізаваць дзейнасць існуючых атрадаў (ствараць новыя атрады, устанаўліваць з імі сувязь)».