Каменданцкі час для ластавак
- Автор: Брава Алена
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Каменданцкі час для ластавак». Краткое содержание книги:
Трымаючыся за рукі (нават маю вартую жалю пародыю на лацінаамерыканскі танец зычлівыя кубінцы сустрэлі “бурными, продолжительными аплодисментами”), мы выходзім пад гарачыя трапічныя сузор’і. З шоргатам з-пад ног шугаюць яшчаркі з хвастамі дагары. Бераг усыпаны арагавелымі пласціністымі шкілецікамі нейкіх веерападобных марскіх істот. Дзе тыя зеленавокія глыбакаводныя прыгажуні, што трымалі ў жамчужных пальчыках гэтыя вееры? Даўно скамянелі, ператварыліся ў пясок і мора вынесла на бераг іхнія высмактаныя часам бясполыя рэшткі. І я баюся гэтага ветру, які шапаціць у маіх венах, быццам золаташукальнік, перасыпаючы пясок марных надзей, неспатоленых жаданняў, і, раз'юшаны, нічога не знаходзіць, акрамя жменькі праху, у які ператворыцца з часам маё трапяткое цела, — захіні мяне ад гэтага ветру смерці, каханы, пакуль пясок не прасачыўся ў нашыя косці… Што за вецер вынес мяне на арбіту зусім новых, не падобных на ранейшыя, адчуванняў? Дзесьці ўнізе жывата раптоўна ўспыхнула дрыготкае святло і, працяўшы цела балюча-соладкай маланкай, згасла. Ад глыбіннай, перадсмяротнай тугі, якая агарнула мяне пасля гэтага дзівоснага іскрыста-пранізлівага пульсавання, я заплакала. “Что случилось, что?” — “Ах, мне блага…” — “Дурочка, тебе хорошо! Ну, наконец-то…” Так мой лацінаамерыканскі Пігмаліён выляпіў з зашуганага саўковага падлетка жанчыну, вось толькі не ведаю, на шчасце ці на бяду, таму што ствараў ён, як сапраўдны мастак, для душы, а не для публікі, калі пад публікай мець на ўвазе тых беларускіх мужчын, з якімі, пасля нашага развітання з Рэем, мне давялося мець справу, вось тут дык і высветлілася, што мой муж няправільна мяне зарыентаваў: я і ад тых, у сэрцы вынашаных (бо кахала!), чакала трапяткой увагі да адчуванняў майго цела, да ягонага “добра”, а што атрымала, дый не толькі ў ложку, — не варта пра тое. Пачуцці сталай жанчыны нельга скамечыць, як кавалак сырое гліны, і кінуць зноў на ганчарнае кола; тое здолее зрабіць у свой час толькі Ідэальны Каханы — Той, ад Якога я яшчэ дзяўчынкай так прагна жадала паразы.
Рэпарта савеціка — пасёлак працуючых на Кубе кантрактнікаў; тут, як прыгаворваў казачны Кашчэй Бессмяротны, рускім духам пахне. І сапраўды — рускім, хаця навокал пальмы і дрэвы гуайява, і насельнікі стандартных пяціпавярховак не расчульваюцца пры згадках пра бярозку, хіба што пра валютную (тут яна мае назву “Cubalse”). Я вяжу саўспецам карункавыя каўнерыкі, швэдары з мексіканскага акрылу, пінеткі для немаўлят (нараджаюць багата). Разлічваюцца звычайна прадуктамі, і я добра адчуваю “рускі дух”, калі ўкормленыя, дабраякасныя савецкія жанчыны пагардліва пхаюць пачак рафінаду альбо бляшанку тушонкі схуднелай, як дзяўчо (сорак кэгэ важыла!), саўкубінцы.
Сябруем мы толькі з узбечкай Дзінорай; перманентнае прыніжэнне, у якім жывуць “нацыянальныя кадры” тут, як і ў сябе на радзіме, робяць наша з ёю становішча амаль агульным. Смуглявы Айбек — Дзінора аддала яго ў кубінскую школу, хаця ў пасёлку ёсць савецкая (“Дзіця павінна выкарыстаць шанц вывучыць мову!”) — вітае нас з Рэйнальда па-іспанску і вяртаецца да тэлевізара: Cuba TV [51] круціць мульцяшкі, зноў жа імпартовыя, расійскія — “са снегам”. Нарэзаны танюткімі лустачкамі сыр і чорны чай (на Кубе толькі зялёны) — сапраўдны банкет! За сталом сядзіць пара: муж — кубінец, жонка — венгерка (пазнаёміліся ў час вучобы ў Кіеве, адзіная мова зносін — руская) ды незнаёмая мне зграбная жанчына сярэдняга веку з сівой пасмачкай у кароне пышных каштанавых валасоў.
51
Cuba TV (ісп.) — кубінскае тэлебачанне.