Азірніся ў каханні
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-01164-Х
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Азірніся ў каханні». Краткое содержание книги:
Арлоў махнуў рукой, як адсек:
— Вось іменна. У вучэнні Канфуцыя таго ж часу залатое правіла разглядаецца як аснова паводзін. Цзыгунь сказаў: «Ці ёсць слова, якім можна было б кіравацца ўсё сваё жыццё?» Філосаф даволі коратка адказаў: «Гэта — спагадлівасць. Чаго сам не жадаеш, таго не рабі іншым».
— Але ж то старажытнаіўдзейскія крыніцы. Што ж наша, еўрапейская культура?
— Яна не выключэнне. Тое правіла прыпісваецца двум з сямі грэчаскіх мудрацоў — Піттаку і Фалесу. На пытанне: «Якім чынам нам пражыць найлепш і найсправядлівей?» Фалес гэтак жа коратка адказаў: «Калі мы самі не будзем рабіць таго, што крытыкуем у іншых». А возьмем часы рымлян. Залатое правіла маральнасці мы сустрэнем у «Адысеі» Гамера, у «Гісторыі» Герадота і шмат у якіх іншых крыніцах.
— Ты, я бачу, добра арыентуешся ў старажытных крыніцах, — падняўся з крэсла мастак, заклаў рукі за спіну, паглядаў за акно — там свяціла сонца і высвечвала ярка-жоўты яблык, які адзінотна вісеў на яблыні. — Мо і Біблію чытаў?
— Вось іменна я Біблію і паклічу на дапамогу, я яе прачытаў ад першага да апошняга радка.
— Дзе ж ты ўзяў яе — у кнігарні не прадаецца? — цікавіцца сябар.
— Бабулька дала, веруючая, Агрыпіна. Што праз дарогу жыве. Як мне было цяжка, мне і падарыла. На, кажа, унучак, пачытай, мо знойдзеш суцяшэнне сваёй душы ў гэтай святой кнізе. Дадала, смеючыся, што тыя, хто кляне і высмейвае Бога, нічому добраму не навучаць, наадварот, ачэрсцвяць душу. Спачатку я чытаў яе проста так, недаверліва і няўважліва — праз пятаедзесятае. Тут школа сапраўды добра нашкодзіла. А потым пачаў рабіць такія-сякія выпіскі. Да нашай размовы магу дадаць, што ў ёй залатое правіла ўпамінаецца некалькі разоў. Я налічыў — тройчы. У Евангеллі ад Лукі частка шостая верш трыццаць першы — «І як хочаце, каб з вамі паступалі людзі, так і вы паступайце з імі». Але найбольш дасканалая фармуліроўка ў Евангеллі ад Матфея — частка сёмая верш дванаццаты: «Такім чынам ва ўсім, як хочаце, каб з вамі паступалі людзі, так паступайце і вы з імі; бо ў гэтым закон і прарокі».
— Валер, а скажы, калі ласка, чаму ў нашых атэістаў няма гэтай самай Бібліі? Яны ж прапаведуюць атэізм, а ніводнага разу не бачылі той кнігі і ў вочы. Ці не парадокс гэта? Царкоўнікі вывучаюць дасканала творы нашых філосафаў і крытыкаў і любому нашаму атэісту могуць даказаць правату свайго вучэння. Атэіст жа запінаецца на трэцім-чацвёртым сказе...
— Не ведаю. Думаю, што нехта баіцца, каб атэісты, начытаўшыся Бібліі, самі не паверылі ў Бога. Як я.
Антон засмяяўся, зноў пачаў хадзіць па пакоі. А перад вачыма чамусьці паўставалі тыя каляровыя фрэскі, што адбіліся на слайдах. Дзед закрыўся ў сваёй майстэрні і начамі капіраваў сюжэты царкоўнага жыцця. У руках святога прарока Мазырскага была Біблія. Можа, яна і была адгорнута на той старонцы, дзе было залатое правіла — рабі толькі добрае людзям?
— Аналіз зместу залатога правіла з'яўляецца адной з прыкметных тэм у гісторыі этычнай думкі, — працягваў далей Валер. — У антычнай этыцы можна сустрэць часта разважанні па пытаннях, якія па сваёй існасці вельмі блізкія да правіла, пра якое мы гаворым — хаця б, напрыклад, вядомыя разважанні Дэмакрыта, Сакрата, Платона пра тое, што лепей выкарыстаць несправядлівасць, чым здзейсніць яе. Га, як гучыць? — у шэрых вачах паэта гараць цікаўныя агеньчыкі, у голасе цікавасць да тэмы, якую распачалі, якую так уважліва вядзе мастак. — Аднак само па сабе гэтае правіла ў старажытнай этыцы ўпамінаецца рэдка і заўсёды як патрабаванне жыцейскай маралі, але не ў якасці этычнага прынцыпу. Не буду падрабязна раскрываць выказванне Фалеса, але выклікае цікавасць адно месца з «пісем да Луцылія» Сенекі, дзе ён гаворыць аб кароткіх ісцінах, якія тым не менш западаюць назаўсёды ў душу: «Што ты другім, таго ж ад іх ты чакай». Можна спаслацца і на Эпіктэта: «Чаго не жадаеш сабе, не жадай іншым: табе не падабаецца быць рабом, не гані і іншых у рабства».
— Слушна.
— Ну а пазней малюнак мяняецца. Аўгусцін, «бацька царквы», робіць спробу ўключыць залатое правіла ў сістэму сваіх поглядаў, ён разглядае яго як прынцып натуральнай маральнасці, якой неабходна прытрымлівацца ў практычных паводзінах. Даючы настаўленні юнакам, раячы ім устрымацца «ад прыманак чрэва і горла», «ад пагарды і ўладалюбства, нават ад празмернага жадання пахвалы» — і гэтак далей, ён свае павучанні завяршае так: «У адносінах жа і ў паводзінах з людзьмі дастаткова захаваць адну гэтую народную прымаўку: нікому няхай не робяць нічога такога, чаго не жадаюць сабе». З Аўгусціна, можна сказаць, і пачынаецца традыцыя разгляду залатога правіла як асноўнага прынцыпу натуральнага права і маральнасці, якой на працягу стагоддзяў прытрымліваліся многія тэолагі і філосафы сярэдніх стагоддзяў і якую ў пэўнай меры прынялі філосафы Новага часу...