Сёння і памяць
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1985
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сёння і памяць». Краткое содержание книги:
Калі Якуб і Аня перабраліся на працу ў Мінск, наша сяброўства стала сямейным, сустрэчы часцейшымі, сумесныя паездкі таксама. Сяды-тады мы ў сааўтарстве выступалі з Якубам у друку.
У верасні пяцьдзесят чацвёртага мы тыдні два працавалі разам у Маскве, на толькі што адкрытай сельскагаспадарчай выстаўцы, ён як штатны газетчык, а я добраахвотным спецкарэспандэнтам. Добраахвотнасць патрабуе агаворкі. Мяне тады жорстка раскрытыкавалі за часопісны варыянт адной аповесці, і Якубу захацелася праветрыць, супакоіць аўтара, пра што, вядома, адкрыта не гаварылася. Работы было шмат. ён умеў і любіў працаваць, а я ўжо не адставаў ад яго. Аднак амаль штодня, а то і штодня мы знаходзілі хвілінку, каб заглянуць у павільён тэхнічных культур. Там на сцяне, вянчаючы адпаведную экспазіцыю, вісеў вялізны фотапартрэт Героя працы па маку. Сын сонечнай рэспублікі з неверагодна шырокай, звышрэкордна ўпасвенай «ражкай», ён усміхаўся шчасцю свайму так прастадушна-радасна, што, гледзячы па яго, і самому хацелася рагатаць. Калі ж каму-небудзь слова «ражка» здасца абразлівым, дык мояша засланіцца і народам. Гэта адзін наш малады, талковы старшыня калгаса сказаў, спыніўшыся перад тым партрэтам: «Во, і па маку можна якую ражку паесці!..» Якуб назваў таго героя макацёрам, разумеючы тут не толькі пасудзіну, у якой труць мак, але і таго, хто трэ, і любіць, чаго добрага, не-не дый аблізаць уквэцанае ў «опіум», салодкае качалка. Набегаемся, стомімся ад сустрэч, хоць не заўсёды цікавых, але патрэбных, ад інтэрв'ю высокіх і яшчэ вышэйшых, ад спешнай рэпарцёрскай пісаніны, а тады ўжо, нарэшце, зірнём адзін на аднаго і, нібы ўздыхнуўшы з палёгкай, хтосьці скажа: «Да макацёра!» — як лозунг на аздараўленне. І той вітаў нас сваёй непераможнай па абаяльнасці, шыракаротай усмешкай.
У застоллі Якуб, заўсёды культурна стрыманы ў спажыванні «і гушчы, і рэдкасці», быў молада, хмельна вясёлы. Любіў спяваць. Помніцца адна з папулярных у пачатку пяцідзесятых гадоў песень на словы Ісакоўскага: «Лучше нету того цвету». У лёгкай, прыемнай мелодыі — як найбольш адпаведныя словы, якіх, здаецца, ні замяніць, ні месцамі пераставіць.
дружна вядзе кампанія, а наш Якуб, замест «души», якая «поет», на хаду хапае радок з наступнага куплета і выводзіць:
І песню абрывае рогат, у найстарэйшага — наймаладзейшы.
Што ж, маладосць, і ў сорак яшчэ маладосць, якая з-за турмаў ды з-за вайны так апазнілася. Ды справа не толькі ў гэтым.
Гадоў праз дваццаць пасля таго «маку» ды тых «іголак», калі мы ўтрох з Алесем Адамовічам адпачывалі (і працавалі трохі) у Друскеніках, Якуб быў на сёмым дзесятку. Нястомны хадун і лыжнік, любіў ён і кампанію. За адным з намі сталом сядзела ціхая, інтэлігентная маладзічка, якою мы дружна, неназойліва апекаваліся. За іншымі сталамі сядзелі, таксама ўперамежку, жанчыны, мужчыны рознага ўзросту і розных прафесій, тут нібы адмовіўшыся ад іх, на час аб'яднаўшыся ў свабодзе памаладзелага адпачынку. Неяк марозным ранкам мы схадзілі на рынак і там, між іншым, Якуб купіў слоічак хрэну. З гэтым слоічкам у абед, пачаставаўшы свой стол, ён пайшоў па бліжэйшых, як быццам нікога там не падзяляючы на суседзяў і суседачак. Толькі як быццам, бо да першай накіраваўся за трэці стол. Адтуль мы часта чулі вясёлы голас і смех, бачылі і галоўную весялуху, румяную, блакітнавокую ды бойкую русявачку. З гэтага пачалося знаёмства, якое спакваля і лёгка, хораша перайшло ў сяброўства. Калі яна, Галя, ад'язджала, мы ўжо праводзілі яе па вакзал, потым аднойчы, у Мінску, зноў жа ўтрох, сустракаліся ў кафэ, тады ўдвух з Якубам былі ў яе дома, у прыемнай, дружнай сям'і, з двума сыночкамі, з любімым мужам, з нейкай сваяцкай утульнасцю. У гэтай дружбе мы з Адамовічам былі не галоўнымі, любаваліся ёю, ведаючы, як яна патрэбна Якубу, калі не па-дзедаў- ску, дык па-бацькоўску. Бачу, як яна, наша слаўная беларуская Галя, плакала, калі Якуб Герасімавіч памёр. Цяпер мы з ёю час ад часу перазвоньваемся, і ўсе размовы нашы не бываюць без яго.
Праз восем год пасля чыстых, атуленых снегам Друскенікаў, улетку, праездам з Масквы ў Прагу, у мяне гасцявалі чэхі, пара блізкіх людзей. Трэба сказаць: не ў мяне, а ў нас, у гэтае «нас» уключаючы не толькі маю сям'ю, але і Якуба, без якога нам за святочным сталом заўсёды кагосьці блізкага не хапала. Тым больш што тады ўжо ён быў трэці год адзінокі, без Ані. Назаўтра, пасля гасцявання ў нас, Марцэла і Вацлаў настоялі на сустрэчы ў іх, у рэстаране гасцініцы. Адной з адзнак яго, Якубавай, весялосці, жыццёвасці, да канца невычэрпнай, мне бачыцца той вальс, на які ён запрасіў нашу мілую, паважаную госцю, як ён тады, кавалер на восьмым дзесятку, вірыў ды фігурыў, крыху па-даўняму, па-чамяроўску ўзняўшы сваю і даміну руку, як наша госця здзіўлена, амаль захоплена глядзела на яго, а мы, з-за стала, на іх у маладым, разгайданым натоўпе.