Святыя грэшнікі
- Автор: Осипенко Александр Харитонович
- Год: 1988
- Язык: белорусский
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Святыя грэшнікі». Краткое содержание книги:
В центре романа Святые грешники драматическая судьба поэта, драматурга и кинорежиссёра Лазаря Богши. Произведение написано в двух аспектах: современном и историческом.
— Я чаго рагатаў? — пачаў апраўдвацца ён, як вінаваты. — Я быў падумаў, што памёр, што мяне падбілі коні на возеры Суя пад Полацкам. А выходзіць, што я жывы, хоць нейкім цудам трапіў у дванаццатае стагоддзе, у старажытны Полацк.
Лазар Богша тонка іранізаваў. Ён хацеў, каб гэты самазваны Лазар Богша зразумеў, што яго выкрылі і далей няма сэнсу прадаўжаць гульню. Але гаспадар іроніі, відаць, не разумеў.
— Так яно і ёсць: ты трапіў у шэсць тысяч шэсцьсот шэсцьдзесят дзевяты год ад стварэння свету, або ў адна тысяча сто шэсцьдзесят першы год ад нараджэння Хрыста... Як табе больш зручна, так і лічы.
— А можа, гэта ты, мой шаноўны цёзка, трапіў у дваццатае стагоддзе на кінастудыю?
Лазар Богша знарок зрабіў такі празрысты намёк, каб гаспадару прыкідвацца далей было немагчыма. Але той зноў не зразумеў намёку.
— Не, Лазар Богша, іменна ты трапіў у дванаццатае стагоддзе...
— Я дык я, — сказаў Богша, — хоць ніяк не магу ўявіць, як без фантастычнай машыны часу можна было апынуцца ў дванаццатым стагоддзі?
— Што такое восем стагоддзяў у бясконцай чарадзе гадоў існавання чалавецтва? — па-філасофску зазначыў гаспадар.
Цяпер Лазару Богшу і зусім стала весела.
"Ну і жукі! Задумалі разыграць. Хацелі пасмяяцца. Цяпер я добра разгадаў іхнюю містыфікацыю".
Ад простай здагадкі ў ягонай галаве неяк праяснела, і ўсе фантастычныя прыгоды цяпер уяўляліся хоць і дасціпным, але, што ні кажы, розыгрышам. А так разыграць мог толькі Юрка Місюк, ягоны, Богшаў, адміністратар.
"Калі ж ён вярнуўся з камандзіроўкі? — падумаў Лазар Богша. — Ці не ўсё роўна калі? Факт застаецца фактам: Юрка прывёз нейкага акцёра і разам з Алегам Дутавым склалі сцэнарый розыгрышу. Потым яны загрыміравалі акцёра пад Лазара Богшу..."
—А ты зусім не Лазар Богша. Я здагадаўся, хто ты, — сказаў Лазар Богша. — Ты — Інакенці Смактуноўскі. Я запрасіў цябе на ролю Усяслава Полацкага. Хто цябе так добра загрыміраваў?.. У нас на студыі так не ўмеюць.
Гаспадар пахітаў галавою.
— Аднак жа здорава цябе падсекла рашэнне мастацкага савета. Прыгледзься лепей і ты ўбачыш, што на маім твары няма і мазка грыму. Мне таксама шкада, што мастацкі савет закрыў тваю карціну, якая была б сапраўды геніяльным творам. Закрыў, нягледзячы на тое, што на яе было выдаткавана восемсот дваццаць тысяч восемдзесят шэсць рублёў сорак тры капейкі.
Гаспадар загаварыў голасам студыйнага бухгалтара, калі той, бывала, закрываў фінансаванне фільма да асобага распараджэння.
— Не дуры галавы, Кеша, — рагатнуў Лазар Богша. — Ніякага мастацкага савета не было. Не трэба браць мяне на мушку.
Але тут жа Лазар Богша прыгадаў, што сапраўды яго выклікалі на мастацкі савет. Ён яшчэ пажартаваў тады ("Тады? Калі тады? Можа не тады, а цяпер?"): "На мастацкі савет выклікаюць не дзеля таго, каб пляскаць у далоні, а дзеля таго, каб пляснудь далоняй..."
Было падобна на тое, што ён, Лазар Богша, чалавек двадцатага стагоддзя, сапраўды трапіў у недасягальную чалавечаму разумению даўніну. Заставалася нявысветленым толькі адно: калі гэта сапраўды гістарычны Лазар Богша, які зрабіў крыж Ефрасінні Полацкай, дык адкуль ён ведае пра мастацкі савет і наогул пра справы ягонага, Богшавага, зямнога існавання?
— Не здзіўляйся, Лазар Богша, — нібы падслухаўшы ягоныя думкі, сказаў гаспадар. — Я ведаю пра цябе ўсё ці, бадай, усё. Няўжо ты думаў, што мы маем права прыводзіць сюды абы-каго.
"Фантастыка, — падумаў Лазар Богша. — Але ж і рэальная фантастыка, чорт мяне пабяры, рэальная машына часу ў дзеянні. А можа, гэта такі фантастычны сон? Зрэшты, самы фантастычны сон таксама рэальнасць. Калі ж да ўсяго падыходзіць з пункту гледжання кіношнага рэжысёра, дык усё, што са мной адбываецца, вельмі падобна на кінамантаж. А што, калі існуе нейкі іншы мантаж чалавечага існавання? Варта навучыцца валодаць ім, як адкрыецца зайздросная перспектыва жыцця ў чатырох вымярэннях. Можа, я, не падазраючы таго, авалодаў гэтым мантажом свайго існавання ў чатырох вымярэннях? Іначай трэба прызнаць, што містыка паявілася не на голым месцы".
Падумаўшы так, Богшу захацелася праверыць на справе, як можна карыстацца мантажом чалавечага існавання. У кіношным мантажы ён, напрыклад, адразу ж пасля сустрэчы з Богшам паставіў бы эпізод з Ефрасінняй. Лагічна! Дык чаму ў мантажы чалавечага існавання ён не мае права сустрэцца з Ефрасінняй Полацкам? Абсалютна лагічна, асабліва калі ўлічыць, што пра Ефрасінню амаль нічога невядома.
— Ці маю я цяпер права карыстацца свабодай перамяшчэння? — спытаў Лазар Богша.
— Маеш, — адказаў гаспадар.