Сабакі Эўропы
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: Логвінаў
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сабакі Эўропы». Краткое содержание книги:
У студзені бальбута канчаткова распухла і пачала балець, калі я да яе дакранаўся. Думаючы пра складзены намі слоўнік, я адчуваў прыкрасьць і злосьць: слоўнік забіваў бальбуту, ён пачынаў дыктаваць і ўсталёўваць непахісныя правілы, таму я на першай жа сустрэчы запатрабаваў ад сваіх рабятаў забыць усё, што яны напісалі, і стварыць абсалютна новы лексыкон, прынцып якога супярэчыў бы ўжо распрацаванаму. Соль бальбуты ў тым і ёсьць, што кожны сам вырашае, з дапамогай якіх каранёў яму перадаваць сэнсы — слоўнік пазбаўляў таго, хто зьвернецца да бальбуты, свабоды. Самага галоўнага крытэру, паводле якога бальбутамоўны чалавек канструюе свае выказваньні і думкі. Здаецца, Каштанка зразумела мяне лепш за Козьліка — яму падабалася пакрываць бальбуту ўсё новым і новым павуціньнем правілаў, нормаў, падабалася пашыраць каранёвую базу маёй мовы. Маёй: я ўсяляк стараўся нагадаць ім, што гэта мая мова і толькі я вырашаю, куды ёй рухацца, як апранацца і што рабіць з намі, слабымі людзішкамі, якія хочуць зрабіцца шчасьлівымі бальбутанамі.
І ўсё ж зіма была не найлепшым часам для нашых шпацыраў. Мне патрэбныя былі столікі, патрэбныя як паветра, бязь іх я не пачуваўся ўпэўненым, не пачуваўся гаспадаром — я зь нецярплівасьцю чакаў, калі над усімі столікамі кавярняў гораду М. распусьцяцца нарэшце кветкі парасонаў, узыдуць іхныя сонцы, што будуць рыпець на ветры, мне патрэбнае было гэтае рыпеньне, яно надавала мне рашучасьці, маім словам — нясьпешнай, важкай уладнасьці, яно нагадвала мне пра хісткасьць усёй гэтай маёй авантуры: над намі мусілі рыпець няўклюдныя парасоны, як мачты карабля, што імкне невядома куды па гэтых шырокіх вуліцах і плошчах...
Ня дзіва, што ў сярэдзіне студзеня мы зноў апынуліся ў мяне дома, усе трое. А потым, праз тыдзень, яшчэ раз. І яшчэ. Кожны раз, калі яны раскладвалі на маім дыване свае дасканалыя маладыя целы, я ўспамінаў пра Верачку і нейкі ледзяны жах агартаў мяне з галавы да ног — быццам у маёй кватэры пасярэдзіне гэтай зімы раптам выбіла ўсе вокны. Але я браў сябе ў рукі, усьміхаўся, як бы нічога не было, і толькі стараўся прыслухоўвацца валаскамі на сьпіне, ці не зьбіраецца Верачка сёньня мяне наведаць. Але мне шанцавала, Верачка абірала іншыя дні, яна, можа, і здагадвалася пра тое, што ў мяне бываюць госьці, але з далікатнасьці не хацела іх бянтэжыць. Магчыма, я дарэмна баяўся — я люблю перабольшваць свае страхі; цалкам магло стацца, што яна пашкадавала б іх, абмінула, ня стала б помсьціць. Але лепш было ўсё ж не сутыкаць іх — маіх юных вучняў і яе, ад якой невядома чаго варта было чакаць.
Падымаючыся да мяне на трэці паверх, мы ўсё часьцей сустракалі суседзяў: нейкіх мужчын зь дзецьмі і санкамі, жанчын, якія віталіся са мной з такім хітрым выглядам, нібы ўсё пра мяне ведалі — і як у іх выходзіць напускаць на сябе такі выгляд, я ўсё жыцьцё не магу гэтага зразумець: рэч у касмэтыцы? У выразе вуснаў? У тым тоне, якім яны прамаўляюць сваё “Здрасте” — жартаўліва-бязьлітасным, як у доктарак, якія кажуць табе распрануцца? У мяне што, поўны пад’езд доктарак? Адна зь іх нават неяк пачала чапляцца да мяне з роспытамі — яе зычлівы голас усыпіў маю пільнасьць і я ледзь не прагаварыўся: “Сколько вы плацице за кварциру?” — спытала яна спагадліва, — “У меня сын сьнимает, я ему гаварю, дорага, а он не слушает, гаварит, ты цены по городу знаешь, мама? Вот и молчи”. “Да не так и дорого, — адказаў я. — Всего-то...” — і тут зразумеў, што зараз скажу лішняе, і прамармытаў толькі: “Всего-то ничего. Ничего не плачу. Я здесь не живу, меня цветы просили поливать, хозяева в отъезде... Вот и захожу...”
“В отъезде, да, — уважліва гледзячы мне ў вочы, з той самай бязьлітаснай і хітрай усьмешкай сказала суседка. — Мы знаем, это она правильно сделала, сестра ваша, что попросила цветы поливать... Очень правильно... Цветов жалка, когда уежжаеш, засохнут ведь цветы, живые же, умрут, так што эта харашо, когда есть кого папрасить...”
Пра тое, што ўсё часьцей яе няголены сусед у старым паліто і лыжнай шапачцы ходзіць паліваць кветкі ў кампаніі дзяўчыны-школьніцы і студэнта, яна нічога не сказала, але некалькі разоў мы ўсе разам сутыкаліся зь ёй на лесьвіцы, і было ясна, што яна запомніла выгляд Козьліка і Каштанкі ва ўсіх падрабязнасьцях. Што зробіш, мы занадта кідаліся ў вочы — ды і ў вушы, бо здаралася, што мы забывалі пра ўсё на сьвеце, спрачаючыся пра будучыню бальбуты, і заходзячы з вуліцы ў пад’езд, напаўнялі яго сваімі гучнымі незразумелымі суседзям воклічамі.