Перад геніем лёсу
- Автор: Сямёнава Ала
- Год: 2011
- Язык: белорусский
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Перад геніем лёсу». Краткое содержание книги:
Потым, пры розных студыях i штудыях Дана наслухалася досыць кампліментаў наконт сваей схільнасці да моў, але ўсё скончылася тым, што ў яе доўга пыліліся на паліцах Марк Твэн, Голсуорсі, Айрыс Мэрдак... The Sandcastle — замак на пяску. У жыцці ёй толькі пару разоў давялося зграмаздаць некалькі фраз, не даючы сабе асаблівага клопату нi пра вышукі лексікі, ні пра вымаўленне — тым больш. Тады яна спакойна магла сабе ўяўляць шлях ад гэтых: „Who is on duty today?” 14 i „This is a pencil” 15 да дыпламатычных гасцёўняў ці стасункаў на якіх далёкіх экзатычных астравах — Барнэа, Галапагосы, Туамоту...
Асабліва на той час, як у Даны быў перыяд вострага марынізму. Мела гэтае захапленне выток непасрэдна ў яе нараджэнні. Нарадзіцца ж ёй пашчасціла на далёкім-далёкім паўвостраве. Бацьку перадалі: „З'явілася на свет капітан з парахода „Чавыча”. На караблі была ці не адзіная на тую пару ў свеце жанчына — капітан далёкага плавання. I Дана лічыла фразу наканаваннем Вышэйшым i, як умела, рыхтавала сябе да акіянскіх выпрабаванняў. Былі „засвоеныя” ўсе маладаступныя дрэвы ў ваколіцах i тыя самыя вежы на замку. Вядома, досыць прымітыўна, Дана гэта разумела, але па каментарах да Станюковіча, Стывенсана, Жуль Верна i іншых кніжак так-сяк вызначыла для сябе прызначэнні бом-брам-рэяў, бізань-мачтаў, гітаў, каб, не дай Божа, не выправілі па ваду на клоцік. Падкінуў ёй неяк неацэнную кніжачку сын аднаго з матчыных калег — таксама збіраўся падацца ў маракі. Там ix было трох сыноў — тры Будрысы, смяяўся бацька. I пасміхаўся — кавалеры для Даны. Бацька быў чалавек натуры шырокай i будучай „нявестцы” даслаў на дзень нараджэння паўдывана, шыкоўнага, падобна, з нямецкіх „трафеяў”. Царскі падарунак. Але падарунак, мабыць, шчыры, ён праз усё жыццё спадарожнічаў з Данай: аскепак германскай утульнасці.
А сярэдняга сына задражнілі: абышла, маўляў, Дана яго — вучыцца ў вучылішчы, вось, калі ласка, у форме. Здымак Даны ў марынарцы i сапраўднай бесказырцы быў не толькі падараваны будучым „прэтэндэнтам”, але i прышчаміўся на самым бачным месцы на вітрыне фотамайстэрні. Спачатку — як знешне спраўджаная мара, потым — як відавочна страчаная. Але заўсёды — як нешта недарэчнае. Дана ніколі не мела пашаноты да рэкламы.
А мару раструшчыла кантрольная па фізіцы. Дана не мела звычкі вытыркацца на першыя парты i займала сабе спакойнае месца на перадапошняй лаўцы. Так бы мовіць, ледзь не ложу абаніравала. Тут можна было пры выпадку нешта пачытаць на ўроку. I адстароніцца, глядзеўшы ў акно. Тым драматычпым ранкам, пад час кантрольнай па фізіцы, „варыянт” Даны, ціхамірна i не даючы сабе клопату нешта абвяргаць, спісаў у яе рашэнне. А праз два дні фізік раздаў кантрольныя. I трымаў, паводле ўсіх законаў драмы, маналог. З якога выявілася — зразумела, хто спісаў. Зразумела, у каго. Усім — двоечкі. А вам, шаноўная Азарэвіч, перасесці на першую парту i сказаць маці, каб завяла да акуліста.
Што там драма... Трагедыя. Шэкспір... Палавіна класа з-за яе маюць двойкі. Павінна сядзець, як апошняя двоечніца — менавіта ix садзілі за першую парту — перад вачмі настаўніка. Ганьба — ёй патрэбны акуляры. Ну, хто ж у ix школе насіў акуляры? Акуляры — гэта яшчэ горай, як без косаў. Стрыжаныя хадзілі толькі інтэрнатаўскія. A ў акулярах не было нікога.
Але самае галоўнае — бывай, мараходка! Які ўжо марак, калі яна пераблытала 3 з 9.
Ну, але на сушы таксама безліч цікавых заняткаў, акуляры можна не насіць, a толькі раз-пораз карыстацца імі. Да таго ж на пачатку i напрыканцы года заўсёды, акрамя кантрольных, была падзея, якая казытала ўяўленне. Збор дружыны.
Вогнішча на замку. З ранку світальна пелі горны. Вербел бубнаў нагадваў пра мушкецёраў, італьянскіх берсальераў, касінераў Каліноўскага, пра рыцараў тых часоў, калі ў ix горадзе адбываліся гераічныя падзеі.
Дане падабаўся цвёрды, рублены крок, урачыстая радасць, полымя кастра: „Рапарт здадзены!” — „Рапарт прыняты!”
Ці надавалі яны веры, калі адказвалі на заклік: „За справу Леніна-Сталіна будзьце гатовы!” — „Заўсёды гатовы!”? Яны мелі на ўвазе — гатовыя да барацьбы да справядлівасць. Ці былі кумірамі тыя правадыры? Безумоўна, не. Былі сімваламі нечага — так. Дыскутаваць ніхто не збіраўся. I задаваць пытанні — таксама. Таму лічылася, што ў каралеўстве, гэта значыць, у Саюзе, усё цудоўна. Дзед сваіх таямніц не раскрываў. Маці — таксама.