Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Хрыстос прызямліўся ў Гародні

Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Краткое содержание книги:

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
1 ... 34 35 36 37 38 39 40 41 42 ... 109
Перейти на страницу:

— Лухта, здаецца, — ціха сказаў ён сам сабе і паглядзеў, чыё гэта. — Ды не, не можа быць лухтою. Бо Іаан Багаслоў. Подзівамі апентаны?* Ды быць не можа. Ану яшчэ… «Дай мне кніжку». Ён сказаў мне: «Вазьмі і з'еш яе; яна будзе горкая ў чэраве тваім, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд».

* Шызафрэнік.

Ён сам адчуваў, што ад непасільных разумовых намаганняў у яго дыбарам устаюць валасы. І яшчэ ён зразумеў, што, калі ён не кіне гэтай справы, ён сапраўды і давеку папсуецца ў розуме або неадкладна зап'е.

Таму ён непрытворна ўзрадаваўся, калі ў пакой ягоны раптам прыйшлі высокія госці: Басяцкі і Балвановіч з сувоямі. Узрадаваўся, бо не ведаў яшчэ, якое новае выпрабаванне зазнае сёння яго разумовая нармальнасць.

— Чытаеш? — спытаў Балвановіч.

— Чытаю. Занадта гэта ўсё, на маю галаву, разумна. Мудрасць дужа вялікая.

— А ты думаў…

— То што ў вас, святыя айцы?

Абодва выпрасталіся і адкашляліся.

— Пасланне табе ад намесніка прастола святога Пётры ў Рыме.

— І ад патрыярха маскоўскага табе пасланне, Божа.

— Ну, чытайце, — сказаў узрадаваны Братчык. — Чытай ты першы, каплан.

Балвановіч пакрыўдзіўся, але месца саступіў. Мніх з шолахам разгарнуў сувой:

— Була: «Да глыбіні…» Ад намесніка святога Пятра, папы Льва Дзесятага.

— Ну, давай. Якая там глыбіня…

— «Да глыбіні ўсхваляваныя мы другім прышэсцем тваім, месія. Будзем трымаць у імя тваё прастол святога Пятра. Молім цябе прыбыці ў вечны горад, але, думаецца, лепей зрабіць гэта як мага пазней, калі навядзеш ты парадак на любімай мною зямлі беларускай, вышпурнуўшы адтуль схізматаў праваслаўных, што гавораць ад святога імя твайго. Лабызаю ступакі твае.

Твой папа Леў Дзесяты».

— І праўда «да глыбіні». Ну, а што патрыярх?

Балвановіч замасліўся. Пачаў чытаць:

— «Царю и великому князю неба и земли от царя и великого князя, всея Великия и Малыя и Белыя Руси самодержца, а також от великого патриарха Московского — послание… Волнуется чрево церкви воинствующей от второго пришествия твоего, Боже. Ждем не дождемся с великим князинькой пришествия твово; токмо попозже бы прибыл ты, дабы до того времени поспел выкинуть с любимой мною земли белорусской папежников и поганцев разных. Ей-бо, выкинь ты их. Они табачище курят, а табак, сам ведаешь, откуда вырос. Из причинного места похороненной блудницы богомерзкой. Вот грех божиться, а все же, ей-бо, вера твердая только у нас. Два Рима пали, а Москва — третий Рим, а четвертому не быть. Выкинь ты их, Боженька. Припадаем до ног твоих и цалуем во сахарны уста. А Жигимонту этому паскудному так и скажи: «Г… твое дело, Жигимонт-царевич. Садись-ка ты на серого волка и поезжай-ка ты из Белоруссии к едрёной свет матери». Еще раз цалую во сахарны уста.

Твой патриарх».

І тут перад вачыма Юрасёвымі паплылі, пачалі дваіцца, траіцца і чацвярыцца сцены, пудовыя дурныя кнігі, мніхі-капланы, мітрапаліты, сувоі, папы рымскія, патрыярхі і цары. Разумеючы, што яму канец, калі ён застанецца тут, Братчык скрыгануў зубамі (бацькі царквы адхіснуліся ад яго), схапіўся за галаву і, як ашалелы, кінуўся прэч.

РАЗДЗЕЛ ХV «МАРЫЯ, ПАН БОГ З ТАБОЙ…»

І ўначы ёй сасніўся дзівосны сон:Родны край, паплавы, зямля…І пачула далёкі надводны звонЛілафея, дачка караля.

Сярэдневяковая нямецкая балада

Маці Божая па муках хадзіла,Па цямніцах, па пекле блукала.

Песня баркалабаўскіх старцаў

Зямля ўся была залітая аліўкава-зялёным месячным святлом. Рэзкія чорныя цені ляглі за дамамі, у нетрах дрэў, у байніцах вежаў… І было гэта так высока і чыста, што захапленне перапаўняла грудзі і хацелася ляцець насустрач гэтаму зіхоткаму срэбнаму шчыту, гэтаму акенцу ў другі свет.

Хістаючыся, ён ішоў начнымі вуліцамі, кідаўся ў непрытомнасці туды і сюды і цягнуў за сабою свой звязаны чорны цень, які таксама не ведаў, куды яму бегчы, і кідаўся ў розныя бакі… А за ім, наводдаль, цягнуўся другі, каржакаваты цень.

«А ўцячы? А што тады з хлопцамі? Ды куды? Божа мой, Божа, за што ты пакінуў мя?!»

Маленькая, як цацка, каменная цэркаўка трапілася яму на вочы. Уся зеленаватая ў месячным ззянні з двума-трыма ўтульнымі агеньчыкамі ў маленькіх — з далонь — акенцах. Маленькая, чалавек на сорак — па тагачаснай модзе, толькі, відаць, для свайго вулічнага тупічка-кутка. Адтуль ціха-ціха даляталі спевы: ішла ўсяночная.

Ён мінуў яе, прайшоў яшчэ трохі і раптам спыніўся. Нібы адчуў грудзьмі мечнае вастрыё.

Цераз нізкі каменны плот ён убачыў глыбокі, патаемны сад, увесь са святла і ценяў, і дзяўчыну з караблікам на галаве.

Сыпалася з дрэў раса. Месячнае святло ляжала на траве. І дзяўчына ішла да яго, цягнучы рукі.

Ён прыпаў да плота. Яна падышла бліжэй, і ён убачыў безуважныя, скіраваныя на нешта вялікае і светаноснае за ягонай спіной, амаль лунатычныя цёмныя вочы.

— Ты? — ціха сказала яна. — Я іду да цябе. Я пачула.

— Я іду да цябе, — гэта сказаў нехта за яго.

— Ты, — сказала яна. — Ты. Я чамусьці ведала. Я адчувала. З тысяч нявестаў Гародні ты абярэш мяне. Хадзі сюды. Лезь цераз плот.

Неяк зусім безудзельна ён пералез. Ногі самі перанеслі. Стаяў нібы трохі ачумелы. І нічога ад Бога не было ў ягоным вобліку. Але яна была як сляпая, як навекі аслепленая веліччу Бога, што ішоў у славе.

І ён убачыў зусім блізка цёмныя, тагасветныя вочы і адчуў несамавіты боль, зайздрасць і сваю мізэрнасць. Але яна не ўбачыла і гэтага.

— Якія ў цябе вочы, Божа…

Ён успомніў уцёкі пасля свіслацкай містэрыі.

— Якія валасы.

І ён успомніў, як ён ляжаў на ганебнай кабыле, гатовы для бізуна і здзеку.

— Увесь ты стройны і моцны, нібы елянец.

Ён глядзеў толькі на яе і таму не заўважыў, як нехта таксама падышоў да плота.

— Сонца маё, нашто ты на мяне кінула промнем сваім?

Яны павольна ішлі ў святло і цень.

…Там, дзе садовы плот прымыкаў да царквы, у густым чорным цені стаяў нізкалобы сотнік і змрочна глядзеў на іх.

Лотравы пакоі ў трансэпце гародзенскага замка нагадвалі пакоі багатай і не суровай норавам радавітай дамы. Каменныя сцены завешаны кілімамі і габеленамі з трохі легкадумным зместам. Іконы, дзе яны былі, здзіўлялі ўвагаю мастакоў да жывой плоці.

А той пакой, у якім зараз сядзеў кардынал, быў увогуле легкаважны. Шырокае, на шасцёх, ложа пад гарнастаевай накрыўкай, крэслы з мяккімі падушкамі, нейкія каменныя і шкляныя пляшкі і флаконы на валошскім століку ля ложа. Пах якіхсьці салодка-гаркавых маслаў.

Адзіныя духоўныя рэчы ў пакоі былі статуямі святога Себастыяна і святой Інэсы, дый тыя давалі відавочна пабольшанае ўяўленне аб сутнасці мужчыны і жанчыны.

На ложы ляжала Магдаліна, ляніва пагойдвала перад вачыма залаты медальён. Басяцкі, што сядзеў на крэсле каля сцяны, імкнуўся не глядзець у той бок.

Ля ног яе, таксама на ложы, сядзеў Лотр:

— Ты, сотнік, пачакай. Я вось толькі зараз дам загад братам-дамініканцам.

Сотнік асцярожна сядзеў ля самых дзвярэй на пазалочаным, гнутаногім венецыянскім крэселку. За крэселка тое рабілася страшна.

— Дык вось, пан Фларыян, за чалавекам гэтым трэба сачыць, каб не зрабіў чаго непажаданага.

Карніла ўсміхнуўся, але тыя не заўважылі.

— Атачыце яго даглядам. Прыстаўце людзей асабіста да яго… Дарэчы, ці ўзялі гэтага расстрыгу-прарока? Гэтага… Іллюка?

— Узялі.

— Ён прарочыў прыход. Ён ублытаў нас у гэтую справу… Іл-лія! Пастарайцеся добра пагладзіць яму рэбры шчыпцамі… Каб ведаў: прарокі ў наш час — з'ява падазроная. А там можаце паціху адправіць яго — куды, самі ведаеце.

— Гладзіць яшчэ не гладзілі, — сказаў каплан, дачакаўшыся, пакуль Лотр выгаварыцца. — Дый няма патрэбы.

— Як?

— Ды ён усвядоміў, што не меў рацыі. І мы пазбеглі іх нараканняў у залішняй жорсткасці…

— Што, «велля»?*

* «Велля» — «неспаннё». Падсуднага катавалі тым, што пазбаўлялі сну на працягу сарака гадзін.

— Ды мы, бачыце, проста адвялі яго куды трэба і растлумачылі значэнне і прынцып дзеяння некаторых прылад.

1 ... 34 35 36 37 38 39 40 41 42 ... 109
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)