Пляц Волі
- Автор: Пашкевіч Алесь
- Год: 2001
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Пляц Волі». Краткое содержание книги:
Раман складаецца з некалькіх частак, маюць розных герояў, але нязьменнае толькі імкненьне да незалежнасьці Радзімы.
Першая частка распавядае пра першыя спробы стварэньня незалежнай БНР ды пра змаганьне за яе са зброяй у руках падчас Слуцкага збройнага чыну ў 1920 годзе, калі невялікая Случчына паўстала супраць бальшавіцкага прыгнёту за вольную Беларускую Народную Рэспубліку.
Кніга другая прысьвечаная таленавітаму палітыку і вайскоўцу, які у кожны момант сваго жыцьця імкнуўся дасягнуць аднае мэты ― вольнай Беларусі.
Нягледзячы на мастацкі характар твору, захапляе яго глыбокая гістарычнасьць, падмацаваная дакумэнтальнымі сьведчаньнямі.
«Што далей?» «І як здарылася, што вось так, як злодзей апошні, уцякаю?» «Чым зграшылі так беларусы, за што лёс карае іх так жорстка ліхалеццем гэтым?» «І далей — што?..»
Пінжак (драгунку раскруціў, хацеў было выкінуць, ды ўсё ж побач паклаў) пад галаву скамгакаў, прыдрамаць думаў — ды дзе там! А тут яшчэ пад вухам шаргатнула — і ўзгадаў, што, пры развітанні з Гаруном Купала свежы, толькі з друкарні, нумар «Руні» падарыў: «Чытнеш, Алесю, калі, можа, сумна стане…» Ускочыў, прысароміў самога сябе: «Падарунак з рук Купалавых, а во як ён у кішэні яго прыкамячыў».
Як і адчуваў Купала — апошнім здвоены (№№ 9-10) сшытак «Руні» ад 4 ліпеня 1920-га стаўся…
Разгарнуў адвольна, і — трэба ж! — на «Трэны» Гаруновы патрапіў. І паэтавай лебядзінаю песняю, нават голасам самога Гаруна, загучалі радкі, складзеныя яшчэ зімой 1916 года:
Ён доўга не мог перагарнуць старонкі: гэта тое ж, пра што хвілю таму сам думаў! І ўразіла асабліва «Тут… у полі кожная быліна Сіраціна». Нібы іншымі вачыма азірнуўся вакол — і ўсё такім падалося: журботным, хмурым, сіроцкім. Штось надрыўна лепяталі лісты крохкіх алешын, каршук над палянкай завіс — высочваў штось, бруднаватая хмарка з усходу на небасхіл напаўзла…
А Купала які малайчына, выбраў і паспеў надрукаваць верш Гаруноў! І тут на памяць узбегла нядаўняя Купалава прамова на святкаванні ягоных 15-х угодкаў літаратурнай творчасці, сказаная 24 чэрвеня…
«Хай вас, Браты Беларусы, не палохае цяперашні бурны крывавы час, — ціхім, спакойным — і ад гэтага, здавалася, упэўненым голасам вяшчаў Купала. — Агнём і жалезам куецца моц, гарт, доля й воля народная. Праміне віхор, патухнуць пажары, замрэ сьвіст мяча, і настане сьветлы і радасны дзень змучанага аграбленага народу. Хай вас, Браты Беларусы, — голас мацнеў, узрываўся, — не палохае, што хаты нашы спалосканы пажарам, што сяўбу нашу жне нехта іншы, — зямля, засеена касьцямі сыноў беларускіх, будзе вечна належаць да ўнукаў беларускіх; спаленую хату беларускі мазоль адбудуе, сваю сяўбу ён сам будзе жаць. Хай толькі асьвеціць Вас адна вялікая думка — аддаць усё для сваёй Бацькаўшчыны, навет жыцьцё, калі яна вас да гэтага пакліча.»
І яму як чымсьці ў скроні стукнулі. Тузануў повад, на Каштанку ўскочыў. «Агнём і жалезам куецца доля й воля народная…» «Аддаць усё для сваёй Бацькаўшчыны…» — клічам звінела ў ім, і зноў сорамна стала — за мяккацеласць сваю нядаўнюю, за разгубленасць зніякавелую… І слова сабе даў тады — што ў апошні раз было гэта.
Так і трымаўся тракта, толькі калі здалёк фурманкі ці коннікаў заўважаў — у лес збочваў, чакаў, пакуль праедуць, і зноў — наперад.
Пераначаваў у лесе, а ранкам, ужо як за Покаршава выбраўся, на дарогу тры дзецюкі выйшлі, сунялі:
― Адкуль і куды, хлопча?
― А што? — недаўмеўся Алесь, і вострыя колікі па спіне прабеглі. Было ў яго пасведчанне супрацоўніка Белнацкама, і даведка сябра Вайсковай Камісіі — але ж не ведаў, хто перад ім, што за гаспадары лясныя. А той, хто першым падышоў, падазрона звязак на сядле памацаў, разгарнуў край — жалеза сцёртае на прыкладзе драгункі і бліснула…
― О, дарагі, а гэта табе навошта?! — і ў вочы зірнуў. — Давай атойдзем крыху, пагаворым… (Алесь толькі цяпер у двох кароткія абразанкі пад світкамі ўбачыў.) — А першы, неўразуменне і спалох Алесевы адчуўшы, памякчэў: — Ні бойса! Не бандыты мы… Вось толькі людзей з вінтоўкамі ажно занатта развялоса. Вось і мусім — ад граху-бяды каб далей — дазнавацца… — і ўжо калі з дарогі сышлі, нібыта і не спытаў, а ўслых перад ім падзівіўся: — І чаго гэта хаваесса, людзей па дарозе старонісса?
А Алесь і не міргнуў нават:
― Дык не з танцулек жа еду… І не на вяселле!
Па вузкай вермачцы яны сышлі ў лагчынку, дзе наўкруга сядзелі яшчэ з дзесятак «лесавікоў». І Алесь пашкадаваў быў, што адразу не адкруціўся, не ўцёк, — як раптам адзін з лесавікоў усхапіўся, рукі развёў і радасна выгукнуў: