Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 32 33 34 35 36 37 38 39 40 ... 147
Перейти на страницу:

— Яны шукалі кнігу.

— Магчыма. Але нават калі гэта так, нават калі яны цьмяна ведалі пра адкрытую вамі таямніцу, нават калі яны і вы сутыкнуліся на адным шляху да яе — гэта не мае адносін да смерці Пташынскага. Гэта выпадак, супадзенне. Паверце, экспертыза была дужа старанная. Аб гэтым паклапаціліся, верце мне. У яго было страшэнна хворае сэрца. Ён мог пражыць яшчэ гады, а мог і памерці кожны дзень. І таму Шчука, мабыць, будзе далей весці следства па справе ўзлому, але нікому з іх няма справы да таго, што сёння адкрылі вы.

Закурыў.

— Ну як вам растлумачыць. Ну вось ёсць звесткі, што ў Кладна недзе схаваны архіў айнзацштаба. Ведаеце, што гэта такое?

— Ведаю. Ведамства Розенберга. Рабунак каштоўнасцей.

— Правільна. Закапаў нехта Франц Керн з іншымі. Вось гэта справа людзей, якіх я калісь добра ведаў. А падзеі амаль чатырохсотгадовай даўнасці — гэта справа не наша. Ты б яшчэ папрасіў расследавання справы забойства Напалеона.

— І папрасіў бы. Рабілі ж аналіз ягоных валасоў на мыш'як. У сучаснай следчай лабараторыі. Выявілі: быў атручаны.

— Ну гэтую паслугу і я табе магу зрабіць. Што табе трэба?

— Зрабіць аналіз чарніла. Прагледзець кнігу ў інфрачырвоных праменнях. Ну і іншае там. Поўны агляд.

— Гэта — чаму не зраблю. Па-сяброўску. Чаму не памагчы? Дый увогуле цікава. А астатняе — ты адкрыў, ты і рабі. Памятаеш, як ты справу Дастаеўскай-Карловіч аднаўляў ды разблытваў? Толькі для цікавасці мне расказваў. І тут тое ж. Ну, лагічна, калі хочаш, будзем абдумваць разам. Гімнастыка для мазгоў. Ну, хіба юрыдычную параду Шчука можа даць, дый то. Ты пра юрыспрудэнцыю таго часу больш ведаеш. Права страшэнна змяняецца. І разблытвай сам. То і тут плавай сам. Не шукай дапамогі. Тут дай бог Шчуку са сваімі дакументамі ды знаходкамі справіцца.

Падліў мне:

— Цікавая для цябе штука. Проста «востраў скарбаў». А як наконт тых кропак? Ну, 9с, 20в… Няўжо і вылічальная машына тут нічога не зрабіла б?

— А што яна зробіць? Прасцейшы прыклад — «Вова-дурань» 1 н, 1 д і г.д. Перабрала варыянты выдала, дый чамусьці па-расейску: «На дурь, Вова». Я не магу іх, варыянты, перабраць, ну і ў яе такая самая логіка. Ды ў чалавека і ўвогуле гэты працэс лепшы, толькі што ідзе больш павольна.

— Мала суцяшае, — сказаў Хілінскі.

— Яна выдасць усе варыянты, што маюць хаця нейкі сэнс, сотні тысяч, але выбар зрабіць не здолее. У яе фармальная логіка. Таму чалавек загадзя і адмаўляецца ад такіх задач.

— Ясна, — сказаў Хілінскі, — значыць, свядомае прызнанне разумовага банкруцтва. Непераможнасці зведаць.

— Глупства, — сказаў я. — Адмаўленне загадзя — не сведчанне бяссілля чалавечай логікі. Чалавек можа зрабіць правільную выснову на падставе далёка няпоўнай інфармацыі. І можа загадзя прадбачыць, што ніякая інфармацыя не дасць магчымасці зрабіць вывад. І гэтае адмаўленне загадзя ад невырашальнай задачы не сведчанне бяссілля, а сведчанне ўсемагутнай сілы чалавечай логікі.

— Што ж, біце на ўсемагутнасць. Прызнацца, крыху зайздрошчу.

— Ну вось, — сказаў я. — Зараз пайду высыпацца.

— «Разбуди, когда раскинет ветви по-весеннему наш старый сад», — змрочна сказаў ён.

За акном была абрыдлівая красавіцкая слата.

…Я адчыніў дзверы і адразу адчуў, што ў маёй кватэры нехта ёсць. Скінуў туфлі і прайшоў у кабінет. Так і ёсць: саладкаваты цыгарэтны пах.

На канапе, падкурчыўшы пад сябе прыгожыя ногі, сядзела і грэла рукамі ступні жанчына.

— Зоя?

— Ну так, ты не чакаў?

— Даўно?

— Бачыш, толькі зайшла. Ногі пакалелі.

Я прынёс з кладоўкі халат і накінуў ёй на ногі.

— Дзякуй. Я столькі хадзіла па гэтай слаце. Столькі хадзіла.

Дзіўны быў у яе выгляд. Нібы накапала ў вочы беладоны. Зрэнкі вялізныя-вялізныя, спыненыя. Вусны белыя, нібы яна падціснула іх. Я спачатку быў спалохаўся.

— Што з табою?

— Нічога. Ты хочаш спытаць, нашто я тут? Ды бачыш, прыпаўзла. Знаеш, як не дужа разумныя сабакі. Разумныя ідуць па апошняе ў лес. Я толькі каб аддаць табе ключ. Унь ён, на століку.

— А я пра яго і забыўся, — шчыра сказаў я. — З'есці чаго хочаш? Выпіць?

— Не трэба нічога.

Яна змоўкла.

— Слухай, — сказаў я, — казаў жа я табе, кінем гэта. Заставайся — і ўсё. Толькі шчыра — чуеш? — шчыра ўсё скажам яму.

1 ... 32 33 34 35 36 37 38 39 40 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)