Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
Цыцка — таксама чалавек, які заслугоўвае ўвагі. Ён адзіны, як заўважыў Стах, хто можа проста, ня робячы пры гэтым нічога, глядзець на пыльныя разводы ў вакне, вывучаць рабрыстае світальнае неба. Кажуць, вершы піша, друкуе ў шматтыражцы.
У першы працоўны дзень Стаху не давалі рабіць анічога. „Стой тутака й вучыся,”— сказаў Стаху Кірыла Антоныч, рукі якога аж трэсьліся ад нецярпеньня ўзяць хутчэй пэндзаль. „Уваходзь у курс,”— дружалюбна пасьміхнуўся Мурло. Стах стаяў ды глядзеў — глядзеў, як брыгада звонку бязладна й неахвотна, а насамрэч вельмі ўмела і арганізавана пафарбавала да абеду палову фасаду цэху зборкі. Трэба зазначыць, што працы на восень у маляроў хапала — прадпрыемства перажывала пару рэканструкцыі, змрочныя хваравіта-цагляныя карпусы, пабудаваныя ў эпоху маладосьці Дзеленстапа Каўкомавіча, мусілі стаць блакітнымі, белымі, ружовымі,— карацей, набыць усе колеры дзіцячых пялюшак. У той жа дзень падчас абеду Стаха адправілі па бліны ў сталовую. Ён зьбегаў. Стаха пахвалілі, але бліноў не далі. Патлумачылі, што традыцыя такая. Кірыла Антоныч за час свайго царавання навогул усталяваў шмат традыцыяў, супраць якіх нікому і ў галаву не прыходзіла выступаць. Навічок у першы дзень нічога ня робіць, у тым ліку й не абедае. А сёмай усе мусяць быць на працы, але на працягу дваццаці пяці хвілінаў усе застаюцца ля сваіх шафак у пакоі для маляроў і пра працу ня кажуць ані слова. За любое нецэнзурнае слова маляр, зноў жа такі згодна з традыцыяй, пазбаўляўся прэміі — разьмяркоўваў іх Кірыла Антоныч. Была яшчэ традыцыя на першы погляд барбарская.
На трэці дзень маляраньня Стаха ў абед па бліны ніхто не пайшоў. Усе сабраліся ў сваім родным цэху, селі колам вакол стала. Кірыла Антоныч урачыста выдаваў з-за шафак зялёнае эмаляванае вядро з накрыўкай. Брыгада ўзьняла вочы ўгору. Накрыўка была зьнятая, і брыгадзір паклікаў Стаха, каб той паглядзеў на зьмесьціва вядра.
Звычайная мутная вадкасьць калыхалася там, напаўняючы вядро трохі больш чым напалову. На яе паверхні плавалі зыркія ліпеньскія вясёлкі. На самым прыдоньні жаўцела нешта густое, што дзялілася з вадкасьцю колерам і насычанасцю. Стах адчуў, як закружылася ягоная галава, ён схапіўся за край стала, яго ледзь не званітавала. Дух, які вылез зь вядра, усадзіў Стаха ў маленькі вагончык нейкага жахлівага атракцыёну ды ўключыў электрычнасць. Адна за адной перад вачыма абрываліся и зноў узьнікалі стромыя пакручастыя дарожкі. Зь вялікім намаганьнем Стах адхіснуўся ад вядра й сеў на стол. З вачэй ягоных цяклі слёзы й нянавісць.