Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]
- Автор: Акудович Валентин Васильевич
- Год: 2020
- Язык: белорусский
- Жанр: Другие документальные фильмы
Электронная книга - «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]». Краткое содержание книги:
Натуральна, акрамя ўласных тэкстаў, маладых геніяў вабіла і жывая публічная прастора. На розных пляцоўках яны чыталі сваю прозу, дэкламавалі вершы, спявалі песні... Усё гэта разам якраз і зрабілася падставай новага і ці не самага яркага літаратурнага руху беларускай сучаснасці... Вось як апісвае гэты пралог Сяржук Мінскевіч у сваёй кнізе "Я з Бум-Бам-Літа" (між іншым, выдатнай кнізе):
«У рэдакцыі газеты "Культура" сабраўся штаб правядзення паэтычнага канцэрта ў менскім парку культуры і адпачынку імя Горкага. Тут і паўсталі пытанні: "як назваць імпрэзу", "якая будзе канцэпцыя" і самае галоўнае - "хто мы"? Адказы знайсці было складана, тым больш літаратары не ведалі, перад якой публікай яны будуць выступаць. Але пытанні самі сабой зняліся, калі Зьміцер Вішнёў прапанаваў у якасьці заклічнага гонга выкарыстоўваць на сцэне рондаль - "бум-бам" - проста біць у яго малатком.
- Эўрыка, - усклікнуў аўтар гэтых радкоў, - Бум-Бам-Літ! (...) Калі твор не зробіць бум, то няхай ён зробіць бам.
Акцыя была названая "Фарматворы Бум-Бам-Літу", і хоць назва плянавалася толькі на адну гэтую акцыю, дзіўнае слова Бум-Бам-Літ замацавалася за ўсім рухам.
Адсюль усё і пачалося. Хаця перад самім выступлением пры дэталёвым аглядзе кватэры Сержа Мінскевіча ў ёй не было знойдзена непатрэбнага-патрэбнага рондаля, затое гаспадар заўважыў на балконе даўно забыты суседзямі пакамечаны алюмініевы тазік з чарназёмам. Тазік быў памыты, а на яго баках былі напісаны, падобна промням купальскага сонца, літары БУМ БАМ.
Так паўстаў Бум-Бам-Літ».
Гэта ўвогуле цікава, чаму ў нейкую пару літаратурныя суполкі ды рухі растуць як грыбы пасля дажджу, а потым мінаюць дзесяцігоддзі - і ніякага варушэння? У прыклад мог бы звярнуцца да гісторыі еўрапейскай ці рускай літаратураў, але ў мяне і так зашмат літаратуразнаўства. Навідавоку хіба адна досыць устойлівая прыкмета: найчасцей такое здараецца на зломе эпохаў, і не абавязкова сацыяль-на-палітычных, але і эстэтычных.
У дзевяностых гадах (ХХ ст.) у нас акрамя шырока вядомых "Тутэйшых", "Таварыства вольных літаратараў" і "Бум-Бам-Літа" яшчэ трохі заявіла пра сябе суполка "Вулей" (лідэр Антон Тарас) і, здаецца, "Вецер ды плынь" (лідэры Ігар Бабкоў і Міхась Баярын). Апошнюю згадваю адно каб трохі падвесяліць сябе ў гэты шэры і мокры лістападаўскі дзень...
Відаць, пад уплывам публічнага поспеху Бум-Бам-Літа глыбока сімпатычныя мне Ігар з Міхасём таксама надумалі нешта падобнае выштукаваць, толькі з радыкальна іншай (элітарнай) праграмай. Яны сабралі невялічкую сціжму ахвочых, паехалі на ноч у Вязынку і ля вогнішча рэфлексавалі ды медытавалі скрозь алкагольнае паўсонне да ранку. А як вярнуліся ў Мінск і добра выспаліся, дык хутка забыліся і на плынь, і на вецер...
***
Я ў Вязынку не змог паехаць, а вось на першы выступ Бум-Бам-Літа ў парку імя М. Горкага патрапіў. Што праўда, не без прымусу - бо ўжо тады моцна не любіў публічныя імпрэзы.
Ну што тут сказаць - скрыня Пандоры адчынілася, і адтуль павылятала чорт ведама што. (Вочы мае б не бачылі і вушы не чулі.) Бо адна рэч, калі ты друкуеш страхалюдныя тэксты, якія нехта будзе чытаць ў адлюдстве сам сабе, і зусім іншае, калі нешта падобнае слухаеш разам з размаітым натоўпам, зважаючы не столькі на выступоўцаў, колькі ўслухоўваючыся ў калектыўнае падсвядомае гэтага натоўпу.
Хаця фармальна ўсё выглядала як мае быць: сцэна, канферанс, публіка - хто паводле абвестак, хто з адпачываючых... Разам з тым усё было як не мае быць, пачынаючы ад грукату малатка ў пакамечаны тазік (потым малаток зменіць цыркавая булава жанглёраў)...
Перадусім шмат незразумелых словаў, а яшчэ больш незразумелых сэнсаў ды рухаў... Відавочна, хлопцы і не мерыліся спадабацца публіцы. Тым болей, быць зразумелымі. А чаго яны хацелі, запрашаючы людзей і выступаючы перад імі? Напэўна, каб сказаць класічнае: "Шаноўныя, ужо «няма таго, што раньш было». Новы час патрабуе новых формаў, словаў і сэнсаў. І мы іх шукаем. А вы не спяшайцеся нас ганіць, бо не толькі мысленню і паэтычным формам, але і вам самім ужо час мяняцца".
Нягледзячы на ўвесь гэты літарацкі шабаш, публіка нават трохі пляскала ў ладкі. Нехта таму, што на канцэртах трэба пляскаць, а хтосьці вітаючы новую дзёрзкасць...
Пасля канцэрта мы сядзелі на беразе Свіслачы з півам, і хлопцы абмяркоўвалі, як ім жыць далей? Сярод усяго іншага нехта запрапанаваў скласці маніфест Бум-Бам-Літа. Прапанова была слушная, і таму ўсім спадабалася. Пакуль яны абмяркоўвалі тэзы, мне падумалася...