Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
I Бэрэганд скочыў прэч ды пабег у цемру. Засаромеўшыся свайго страху ў той час, як Бэрэганд падумаў перш за ўсё пра гаспадара, якога любіў, Піпін устаў ды вьізірнуў вонкі. Адразу прыкмеціў бела-срэбную яскраўку, што мчала з поўначы, нібы маленькая зорка спусьцілася на азмрочаныя палі. Яна рухалася стралою й хутка павялічвалася, набліжаючыся да чатырох людзей, што ўцякалі да брамы. Піпіну падалося, што ад яе разыходзілася зьзяньне й цяжкія цені расступаліся перад ёю. А калі наблізілася, Піпіну пачуўся далёкім адбіткам, бы рэхам у сьценах, магутны поклічны голас.
– Гэндальф! – выгукнуў тады Піпін. – Гэндальф! Ён заўжды зьяўляецца, калі рэчы найчарнейшыя. Наперад! Наперад, Белы Вершнік! – закрычаў хобіт шалёна, нібы глядач на дзікіх скачках, падбадзёрваючы скакуна-пераможцу, якому даўно ўжо аніякія падбадзёрваньні не патрэбныя.
Але ж і змрочныя летуны заўважылі чужынца. Адзін павярнуў да вершніка, але той, як падалося Піпіну, узьняў руку – і сноп бялюткага сьвятла шугануў угару. Назгул заскавытаў, доўга, жаласьліва, ды, здрыгануўшыся, кінуўся прэч. I астатнія захісталіся, і тады падняліся, хутка кружляючы, і паляцелі на ўсход, зьнікшы ў нізкай хмары над галавою, і змроку на Пеленары паменшала.
Піпін убачыў, як вершнік і Гэндальф сустрэліся й прыпыніліся, чакаючы пешцаў. А цяпер і з гораду кінуліся насустрач людзі, і неўзабаве ўсе разам зьніклі пад вонкавым мурам, кіруючы да брамы. Здагадаўшыся, што яны, хутчэй за ўсё, адразу рушаць да вежы й намесьніка, хобіт кінуўся да ўваходу ў Цытадэль. Там далучыўся да мноства іншых, якія таксама назіралі з муроў гонку зь сьмерцю й выратаваньне.
Неўзабаве з вуліц, што вялі ад вонкавых муроў, пачуўся шматгалосы гоман, вітаньні й радасныя погукі, імёны Фараміра й Мітрандыра. Тады Піпін пабачыў паходні, і, у атачэньні натоўпу за сьпінамі, марудна ехалі два вершнікі: адзін у белым, але ж болей не зіхоткім, а выцьвілым у змроку, бы полымя ягонае вычарпалася альбо прыхавалася, а другі ў цёмным, з пахіленай галавою. Яны сышлі з коней і, калі стаёвыя зьвялі Ценяра й другога каня, крочылі наперад да вартавога ў цытадэльнай браме. Гэндальф ішоў цьвёрда, рашуча, адсунуўшы шэры плашч назад, і полымя яшчэ цьмела ў ягоных вачох. Фарамір жа, апрануты ў цёмна-зялёнае, сунуўся павольна, крыху хістаючыся, як вытамлены ўшчэнт ці паранены.
Піпін праціснуўся наперад, і калі двое міналі ліхтар пад аркаю брамы, у хобіта ажно подых перахапіла. Бо ён пабачыў
Фараміраў твар, твар, як у таго, хто сустрэў незвычайны жах і адчай, але вытрымаў і цяпер, перамогшы, рушыць у супакоі. Ганарлівы, суворы вой прыпыніўся, перамаўляючы з вартавым, і Піпін, узіраючыся, прыкмеціў, як блізка нагадваў ён свайго брата Бараміра – а той ад самага пачатку спадабаўся Піпіну, захапіў шляхетнасьцю, але ж добрым і шчырым абыходжаньнем. I ўсё ж перад Фарамірам варухнулася ў хобіцкім сэрцы нейкае пачуцьце, якога ня ведаў раней. Бо вось чалавек высокай шляхетнасьці, мажліва, і не такой высокай, як Арагорн, калі той раскрыў дзеля ўсіх сваю сапраўдную веліч, аднак жа таксама невыказнай старажытнасьці, высакароднасьці легендарнай мінуўшчыны – адзін з племені людзкіх каралёў, народжаны ў позьні час, але ж адзначаны мудрасьцю і горыччу Старэйшага племені. Піпін зразумеў, чаму Бэрэганд вымаўляў ягонае імя з такой любоўю. Бо Фарамір быў правадыром, за якім насамрэч ішлі людзі, за якім і ён, Піпін, пайшоў бы пад самы цень чорных крылаў.
– Фарамір! – закрычаў ён разам з астатнімі. – Фарамір!
I Фарамір, вылучыўшы ягоны дзівосны голас сярод гоману людзей гораду, павярнуўся й зьдзівіўся.
– Адкуль зьявіўся ты? – спытаў ён. – Паўросьлік, ды шчэ ў рыштунку вартавога Вежы? Адкуль...
Але тут Гэндальф крочыў да яго й вымавіў:
– Ён зьявіўся з мною. Аднак ня варта затрымлівацца тут. Яшчэ шмат чаго трэба сказаць і зрабіць, а ты стомлены. Ён пойдзе з намі. Насамрэч, мусіць ісьці, бо калі ён не забыўся на свае новыя абавязкі, яму належыць прысутнічаць пры ягоным гаспадары якраз у гэтую гадзіну. Давай, Піпіне, ходу!
Нарэшце дабраліся да пакояў гаспадара гораду. Там тры глыбокія фатэлі стаялі вакол жароўні з запаленым вугольлем. Гаспадар пачаставаў гасьцей віном, а Піпін, стоячы за фатэляю пана, услухоўваўся ў размову з такою цікавасьцю, што амаль не адчуваў стомы.
Фарамір адламаў белага хлябца ды глынуў віна, сеў леваруч ад бацькі. Крыху далей ад намесьніка, у фатэлі з разьбаванага дрэва пасеў Гэндальф і напачатку, падавалася, заснуў. Бо Фарамір распавядаў пра свае дзеі, пра заданьне, выканаць якое быў пасланы дзесяць дзён таму, пра зьвесткі зь Ітыльёну й рухі Ворага й ягоных хаўрусьнікаў, пра бойку з харадрымамі на шляху ды перамогу над іхняю вялікаю баявою пачвараю. Ну, звычайны расповед ачольцы вышэйшаму правадыру, нязначныя навіны пра памежныя сутычкі, якія цяпер выглядалі бескарыснымі гульнямі, пазбаўленымі ўсялякага сэнсу й значнасьці.