Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Паміж Масквой і Варшавай
Паміж Масквой і Варшавай - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Паміж Масквой і Варшавай

Электронная книга - «Паміж Масквой і Варшавай». Краткое содержание книги:

Кніга Вольгі Іпатавай, вядомай беларускаму чытачу, як аўтаркі апавяданняў і аповесцяў на гістарычныя і жыццёвыя тэмы, «Паміж Масквой і Варшавай» - гэта своеасаблівы даведнік-экскурсавод па беларускіх гарадах, мясцінах, знаёмства з выдатнымі асобамі беларускай гісторыі. Маючы такую кнігу пад рукой, можна свабодна адпраўляцца ў падарожжа – не трэба шукаць у інфармацыйных бюро даведак пра славутасці той ці іншай мясціны. Усё гэта, у вельмі шырокім фармаце прадстаўлена ў кнізе. Прачытаўшы твор хочацца адправіцца ў такое падарожжа, наведваючы буйныя гарады і маленькія мястэчкі. У Іпатавай знойдзем указальнікі што і дзе варта пабачыць, на што звярнуць асаблівую ўвагу, міма чаго нельга прайсці абыякава. Некалі на сустрэчы з падарожнікам нехта агучыў агульнавядомае меркаванне, што «падарожжы вучаць», на што падарожнік адказаў: «не, у падарожжа трэба адпраўляцца адукаваным». Кніга Вольгі Іпатавай дае нам магчымасць падарожнічаць, узброенымі у веды, якія можам пацьвердзіць, вандруючы па бяскрайніх прасторах Беларусі.
1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 48
Перейти на страницу:

Адбылося гэта, хутчэй за ўсё, у галоўнай вежы замка — Княжай. У свой час яна мела не меней як тры паверхі, княжацкія пакоі знаходзіліся на другім, а турма ўнізе. Дарэчы, пакоі князя былі ўпрыгожаныя фрэскамі, якія не захаваліся, за выключэннем некаторых фрагментаў.

Тут жа, у гэтай турме-вежы, палонным сядзеў і сын Кейстута — Вітаўт, стрыечны брат Ягайлы. I яго чакала такая ж жахлівая смерць, але лёс судзіў яму іншае — пражыць восемдзесят гадоў, стаць героем Грунвальдскай бітвы, валадаром Літоўскага княства, за самастойнасць якога ён змагаўся да самае смерці. I таму яму ўдалося выйсці з гэтых муроў. Адбылося гэта таксама досыць рамантычна: па адной версіі, ён апрануў доўгі чорны плашч сваёй жонкі Ганны і выйшаў з турмы, пакінуўшы яе ў вязніцы, спадзеючыся, што Ягайла не абняславіць сябе забойствам жанчыны. Па другой — яму дапамагла збегчы закаханая ў яго прыслужніца жонкі... Як бы там ні было, Вітаўт пазбегнуў смерці, і пасля, праз гады, усё ж вымушаны быў прымірыцца з Ягайлам.

Так і прайшлі яны побач свае жыцці — варагуючы, мірачыся, спаборнічаючы.

Ягайле шанцавала болей — яму, нежанатаму яшчэ вялікаму князю, суседняя Польшча прапанавала шлюб з маладзенькай каралевай Ядзвігай і унію — саюз дзвюх дзяржаў — пад адной уладай. Умова — прыняць каталіцтва.

Ягайла быў да гэтага праваслаўным і меў імя па хрышчэнні Якаў. Але дзеля кароны караля і ўладара агромністай дзяржавы (дакладней, дзвюх дзяржаў) ён прыняў прапанову.

14 жніўня 1385 года тут, у Крэве, унія была падпісана. У тым жа годзе на Люблінскім сейме Ягайла быў абраны каралём Польшчы і ажаніўся з дачкой караля Людовіка Ядзвігай, стаўшы ў каталіцтве Уладзіславам.

Але ў княстве былі сілы, якія не хацелі падпарадкаванага становішча такой магутнай дзяржавы, як Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Узначаліў іх Вітаўт. Вось чаму беларусы лічаць Вітаўта сапраўдным уладаром іх дзяржавы, беларускім князем — патрыётам сваёй Айчыны.

Цікавы такі эпізод. Падчас Грунвальдскай бітвы 1410 года — найвялікшай бітвы славян за сваю свабоду супраць крыжакаў — у крытычны час, змагаючыся і губляючы сваіх вояў, Вітаўт прымчаўся да стрыечнага брата, які ў той час слухаў імшу, і папрасіў яго перарваць набажэнства. Але, як гаворыць «Хроніка Быхаўца»,— «... Ягайла яму адказаў: «Мілы браце, ніякім чынам не магу зрабіць інакш, толькі імшу даслухаць мушу». I, даслухаўшы імшу, загадаў свайму атраду рушыць на выратаванне. I той атрад, прыйшоўшы на дапамогу войску літоўскаму, «пайшоў з войскам літоўскім на немцаў, і разбілі нагалаву немцаў, і самога магістра, і ўсіх яго комтураў забілі, і безліч немцаў забілі, і ўзялі ў палон; а іншыя ляшскія войскі ім нічым не дапамагалі, толькі на тое глядзелі».

Цікава — калі б імша прадоўжылася яшчэ на якую гадзіну, ці не позна было б увогуле каго-небудзь ратаваць?

На чале палкоў, якія прынялі асноўны ўдар немцаў, быў Вітаўт. Той Вітаўт, што прабіраўся адсюль ноччу, пад выглядам жанчыны, паўз варту, якая пры святле факелаў, хутчэй за ўсё, расказвала адзін аднаму, як гэта прынята і зараз, прыгоды і анекдоты... А можа, гаварылі пра злавесны цень, які нібыта вісеў над гэтым замкам, таму што, калі ў 1387 годзе брат Ягайлы атрымаў Крэўскае княства, праз чатыры гады ён быў атручаны? Можа, і не звязаныя ў адно гэтыя падзеі, бо атручаны Скіргайла быў у Кіеве манахам Фамой, але ж — зноў Крэва...

Гэты замак у 1433 годзе быў штурмам узяты войскам Свідрыгайлы — таксама прэтэндэнтам на трон Вялікага княства Літоўскага. У пачатку XVI стагоддзя яго разбурылі крымскія татары — нападаў іх увогуле на Беларусь было мала, але ж іх прага да разбурэння знайшла сабе выйсце менавіта на гэтым замку!

У 1792 годзе горад набыў магдэбургскае права і герб — у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраная зорка. Але не паспеў як след выкарыстаць гэтае права — у 1793 годзе адбыўся падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога беларускія землі былі гвалтоўна захоплены Расіяй. Царыцы Кацярыне, якая клялася напачатку, што будзе свята захоўваць усе прывілеі тутэйшых земляў і шляхты, самастойныя гарады былі не патрэбны. Самастойнасць страцілі шмат якія беларускія гарады і самыя старажытныя — напачатку...

Крэўскі замак — толькі адзін з замкаў цэласнай абарончай сістэмы, якая ўтва-рылася з першай паловы XIV стагоддзя. Магутныя замкі ў Лідзе, Навагрудку, Медніках (цяперашні Мядзінінкай у Літве), Вільні і Троках утварылі магутны ланцуг абароны ад ворагаў. Крэва — важнае, самае рамантычнае звяно ў тым ланцугу.

Гэты замак уражвае і днём, пры сонечным святле. Але асаблівае ўражанне робіць ён уначы, калі каменныя збудаванні асветленыя залатым паўмесяцам, і скрозь праёмы ў сценах выблісквае зорка — можа, ад таго касмічная сімволіка герба так кранае душу? Беларусь, якая нарэшце здабыла сваю незалежнасць, збіраецца рэстаўраваць замак, які стане сімвалам яе мужнай і пакутнай гісторыі. На гэта трэба шмат сіл і сродкаў. Але праўдзівая гісторыя, якая нараджае ў сэрцах гордасць за свой народ, вартая таго.

1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 48
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)