Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
У тумане - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

У тумане

Электронная книга - «У тумане». Краткое содержание книги:

Аповесць Васіля Быкава «У тумане» прысвечана партызанам. Разведчыкі Бураў i Войцік павінны абясшкодзіць чалавека, які быццам служыць фашыстам. Пра гэты цяжкі паход i расказваецца ў творы.
1 ... 30 31 32 33 34 35 36 37 38 ... 44
Перейти на страницу:

Уся вялікая сушчэнеўская сям'я, без бацькі, колькі яе памятаў старэйшы Сушчэня, жыла ў нейкім хваравітым імкненні да праўды і чысціні ў адносінах з іншымі — вяскоўцамі, раднёй, суседзямі. За гады сваёй маладосці Сушчэня не мог уявіць, як гэта можна, напрыклад, пазычыць і не аддаць або нават не пазычыць каму, хто прасіў, калі гэта можна было зрабіць. Самі жылі трудна, бадай што бедна, кожны пуд збожжа, кавалак сала, якая капейчына былі надта патрэбны самім, але калі прыходзіла да іх бедная бабылка Хрысціна з прыжытым без мужа дзіцём, Сушчэні аддавалі апошняе — які кавалак хлеба, ці трант, ці рубель на лекі. Яно заўжды было шкада, заўжды не хапала самім, але маці ды баба Хвядора ў такіх выпадках казалі, што нельга гнявіць бога, не памагчы і без таго пакрыўджанай людзьмі і богам. Баба Хвядора вельмі сачыла і за імі — малымі, і пасля, як падраслі, — каб не было якой несправядлівасці ў дачыненні да іншых, малодшых ці там вясковых сяброў і суседзяў, і часам, калі што здаралася, сварылася на сваіх болей, чым на чужых, хоць часта свае і былі найменш вінаватыя. Або зусім не вінаватыя, як у тым памятным выпадку з піліпавымі снапкамі.

Здарылася так, што дзядзька Піліп, які жыў у другім канцы вёскі за станцыяй, вазіў каля іхняга гарода зжаты ячмень ад ракі і згубіў чатыры снапкі. Снапкі гэтыя бачылі ўсе Сушчэні, і маці, і дзеці, і бабка Хвядора, — тыя ляжалі сабе на сцежцы ўвесь адвячорак, дзядзька Піліп, мусіць, яшчэ не згледзеў прапажу, а як згледзеў і назаўтра вярнуўся па іх на сцежку, снапкоў ужо не было. Снапкі прапалі. Вядома, дзядзька Піліп засмуціўся, калі пачуў ад Сушчэняў, што снапкоў ніхто з іх не браў, а куды яны зніклі — хто ведае? Пабедаваў дзядзька і пайшоў, а ў Сушчэняў усчалася трывога. Бабка Хвядора ледзьве не плакала: гэта ж ён падумае на іх, тых Сушчэняў, каторыя за жыццё не сашчыкнулі чужога стручка цераз плот, не пакарысталіся чужым яблыкам-ападкам з узмежка. Увесь вечар Сушчэні раіліся, як ім уратавацца ад ганьбы. Справа ўскладнялася яшчэ тым, што свой ячмень яны ўжо абмалацілі, у пуньцы не засталося ніводнага снапка. І тады бабка Хвядора пабегла цераз тры хаты да кульгавага Змітрака, у якага і пазычыла чатыры снапкі ячменю, і Сушчэня аднёс іх дзядзьку Піліпу, сказаў, што малыя, дурэючы, учора іх прыбралі са сцежкі, нікому не сказаўшы пра тое. Дурная ўвогуле сітуацыя, тым больш што тыя піліпаўскія снапкі сапраўды нехта прыбраў са сцежкі. Але падазрэнне ўсё ж было адведзена ад Сушчэняў, і бабка Хвядора сказала: «А чорт іх бяры, тых снапкоў, цяпер хоць спакайней спаць будзем». І ўсё яно было б добра, дзядзька Піліп не злаваў, калі б у душы ў Сушчэні не засталася малая стрэмка: нехта ўсё ж пакарыстаўся тымі піліпаўскімі снапкамі, як і сушчэнеўскім прастадушшам таксама. Ну але ці першы і ці апошні раз? Заўжды ў такіх выпадках бабка Хвядора ці маці казалі: «А хай! Сабе спакайней будзе». Яны надта імкнуліся да ладу і спакою ў душы, але во ўрэшце гэтая яго гісторыя перавярнула ў Сушчэні ўсё дагары нагамі і гатова была адабраць жыццё, не толькі спакой душы…

Жахлівая тая ноч цягнулася для Сушчэні бясконца, ён то драмаў нядоўга, то прахопліваўся ад сцюжы ды і трывогі таксама, паднімаў галаву, слухаў. Калі ўсчаўся дождж, стала зусім кепска, ад дажджу тут не было схову, хіба апроч хвойнага вецця. Ужо змакрэлы, ён перацягнуў Бурава пад нізка навіслыя лапкі суседняй бухматай хвойкі, урэшце наважыўся, зняў з яго воглы, скрываўлены шынелак. Сам зноў прытуліўся поруч і, як з жывым, разам накрыўся яго шынялём. Так стала цяплей, прынамсі, не цякло на твар, а да нябожчыка можна было прыхінуцца спіной — нават утульна стала ў ямцы пад хвояй. І ён, здаецца, заснуў.

Спаў ён доўга ці не — невядома, толькі раптам пачуў блізкі здзічэлы крык — плач дзіцяці, ён адразу пазнаў той голас — галасіў яго Грышачка. І плач яго быў такі роспачны, столькі было ў ім адчаю, што Сушчэня з абмерлым сэрцам кінуўся на яго — за вугол хлява, у гародчык, здалося, менавіта там плача сынок. Ды плач пачуўся ўжо далей — за крайнім радам вішанніку ў садку. Баючыся спазніцца, Сушчэня пабег туды, за садок, пералез цераз трухлявы, аброслы крапівай плот на мяжы з бульбоўнікам, аднак нікога там не было — плач ужо чуўся аднекуль з падворка. Грышачка захлынаўся з астатняе сілы, мусіць, з ім сталася дужа кепскае, і Сушчэня жахнуўся, што не паспее, спозніцца. Па ўзмежку ён ірвануўся да падворка, і, як выскачыў на дрывотню, цэлая вароняя зграя ўзнялася над страхой варыўні; вароны ўсе закрычалі, няўлад і зласліва, замахалі крыллем, ашчэрыўшы чорныя дзюбы з вострымі чырванаватымі языкамі, — здаецца, яны гатовы былі задзяўбці чалавека. Баронячыся, Сушчэня ўскінуў рукі, утуліў галаву ў плечы, памкнуўся бегчы адсюль, як ад разлютаванага пчалінага рою. А Грышачкаў плач між тым усё роспачна лунаў у прасторы, памалу сціхаючы ці аддаляючыся. Пасля неяк усё памалу заглухла, засцілася невыразным наплывам сну…

1 ... 30 31 32 33 34 35 36 37 38 ... 44
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)