Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Людзі і маланкі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Людзі і маланкі

Электронная книга - «Людзі і маланкі». Краткое содержание книги:

Дзеянне рамана разгортваецца ў рэвалюцыйныя дні 1917-1918 гадоў на Беларусі. У цэнтры рамана — лёс родных братоў, Кузьмы і Антона Радзімовічаў, якія ідуць нялёгкай дарогай да ўсведамлення таго, што шчасце працоўнага чалавека — гэта шчасце ўсяго народа.
1 ... 30 31 32 33 34 35 36 37 38 ... 151
Перейти на страницу:

Пчалаводаў гаварыў усё гэта неяк сарамліва, нават вінавата, але было відно — тым, што яго абралі ў камітэт, вельмі задаволены.

— Што ж з вайной будзем рабіць, Ягор Іванавіч? — Юшкоў паднёс блізка да вачэй пячатку, уважліва разглядаў сваю работу.

— Ды каб на яе мор, Ваня, — прысеў на нары Пчалаводаў. — Яна ўсім, як костка ў горле. Я сёння, толькі сказалі б, дадому пешшу пайшоў бы. Але Жабрэеў кажа: дужа не па нутру германцу, што ў нас, у Расіі, свабода аб'явілася. Хоча зноў Мікалая нам вярнуць...

Юшкоў пахукаў на пячатку, моцна дзьмухнуў і пачаў церці яе аб рукаў гімнасцёркі. Потым узняў на Пчалаводава і Кузьму чырвоныя стомленыя вочы:

— А я думаю: не ўсім яна, як костка ў горле. Ёсць такія, што рады ёй. Чым болей людзей заб'юць, пакалечаць, тым болей ім грошай. Праўда, Кузьма? — Ён глянуў на Кузьму, быццам пракалоў чорнымі вачамі.

Кузьма разгубіўся:

— Дык жа Жабрэеў кажа...

— Што вы ўсе са сваім Жабрэевым, як з пісанай торбай, носіцеся? Жабрэеў... Жабрэеў... — Юшкоў ажно падскочыў з нараў. — Учора вы Мыльнікава баяліся, сёння Жабрэева. А хто ён такі? Што ў яго ўсярэдзіне, вы ведаеце? Ого, як ён ужо нос задраў — не падступішся...

Усе змоўклі, усім стала няёмка. Юшкоў таксама адчуў, што пагарачыўся, заляпаў рукамі па кішэнях, пачаў шукаць табаку. Са столі бліндажа, з тоўстых пазелянелых бярвенняў капала вада, светлыя бліскучыя кроплі біліся ў дно снараднай гільзы. Здавалася, у бліндажы прыцмоквае дзіця. І ўсе ўспомнілі, што на дварэ вясна, што чырвонае сонца зганяе з палёў снег. Кузьму на імгненне ўбачыліся далёкія Чмялі: цырубалкі тырчаць са стрэх, як вострыя блішчастыя коп'і, дзеці збіваюць іх снежкамі, бяруць у рот, смокчуць, аж язык пруцянее ад холаду.

У гэты час у бліндаж увайшоў Жабрэеў, вясёлы, упэўнены, з-пад шэрай папахі выбіваюцца белыя мяккія стружкі валасоў.

Убачыў Кузьму, узрадаваўся:

— Здароў, Радзімовіч. Да нас вярнуўся? Добра. Тут у нас павесялела. Заўтра едзем у Нясвіж выбіраць камітэт нашага баявога 29-га Сібірскага палка...

Гаварыў ён наўмысла моцна, бадзёра, у сініх вачах успыхвалі агеньчыкі.

— Слухай, Жабрэеў, — зноў сеў на нары Юшкоў, — тут мы цікавімся — калі ж можна будзе скончыць усю гэтую заваруху? Зямля з-пад снегу вылазіць. Трэба араць, сеяць.

— Ты наконт вайны? — На пераноссі ў Жабрэева, як праменьчыкі, збегліся тонкія маршчыны. — Вораг напірае, Іван. Вось скруцім яму рогі, тады і дадому можна падавацца.

— Дык і германцу ж трэба араць, хлеб сеяць. Што ён — жалеза будзе жэрці? — не здаваўся Юшкоў.

Жабрэеў ледзь прыкметна спахмурнеў, быццам воблачка набегла на твар:

— Да нас з Петраграда едзе ваенны міністр Гучкоў. Я думаю, ён нам усё добра расталкуе. Не можам жа мы, зразумей, Іван, фронт агаліць. Хлыне германец, як саранча. Усю Расію падамне, да тваёй Екацярынбургскай губерні дойдзе. Што тады рабіць будзеш?

— Не ведаю, куды ён дойдзе, а дзяліць мне з ім нечага. І мае, і яго дзеці плачуць, — рашуча сказаў Юшкоў.

Ён устаў з нараў, накінуў на плечы шынель, моўчкі пайшоў да выхада.

— І праўда, Жабрэеў, — стаміўся народ. Трэці год у акопах сядзім. Ні жонак, ні дзетак не бачым. Хіба можна так? — гэта ўжо казаў Пчалаводаў. Яму было і няёмка гаварыць супраць Жабрэева, такога разумнага, разважлівага, але і крывіць душой ён не мог.

— А як ты, Кузьма, думаеш? — павярнуўся Жабрэеў да Радзімовіча.

І Кузьма зразумеў: чакае ад яго старшыня ротнага камітэта падтрымкі. Але ён таксама сказаў тое, што думаў:

— Я — як і ўсе. А ваяваць ужо ніхто не хоча...

Над траншэямі ўладарыла вясна. Неба было высокае, бязмежнае. Адзінокія воблакі, як кавалкі бела-сіняга лёду, ззялі на небасхіле. У час заходу край неба лёгка чырванеў, потым рабіўся густа-вішнёвы, агністы, аж вачам было балюча глядзець. Снег на брустверах асядаў, шарэў, пакрываўся бліскучай ледзяной скарынкай, пад якой булькатала вада. У такія хвіліны салдаты з болем у сэрцы думалі аб родным доме, аб зямлі і дзецях. Такая прыгажосць нараджалася наўкола, а ім, салдатам, трэба было паміраць.

Кузьма глядзеў, як апускаецца ў снежна-белы прасцяг сонца, і думаў, што зараз у Чмялях пачынаюць паліць у печах, рыхтаваць вячэру. Вось і маці нахілілася каля печы, паклала на загнетак бярэмца дроў. Потым узяла сушэйшае паленца, кінула яго ў яшчэ слабае полымя. Весела шуганулі іскры, клубом паляцелі ў комін, з коміна ў халоднае вечаровае неба. І адна іскрынка ўзнялася высока-высока і зледзянела там, ператварылася ў зорку, каб ноччу свяціць над Кузьмовым акопам.

1 ... 30 31 32 33 34 35 36 37 38 ... 151
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)