Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)
- Автор: Ницше Фридрих Вильгельм
- Язык: белорусский
- Переводчик: Василий Сергеевич Сёмуха
- Жанр: Философия
Электронная книга - «Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)». Краткое содержание книги:
Калi Агнявы Сабака пачуў гэта, ён не меў болей змогi слухаць мяне. Прысаромлены, падцяў ён хваста, неяк лянiва збрахнуў сваё "Гаў! Гаў!" i папоўз у бярлог свой".
Так расказваў Заратустра. Але вучнi ледзьве слухалi яго: так рупела iм расказаць яму пра карабельнiкаў, трусоў i лятучага чалавека.
"Што мне сказаць вам на гэта? - адказаў Заратустра. - Хiба я прывiд?
Мусiць, то быў мой цень. Вы, напэўна, ужо чулi што-небудзь пра вандроўнiка i ягоны цень?
Пэўнасць адна: мне трэба мацней зашворыць яго, iнакш загубiць ён маю добрую славу".
I зноў пахiтаў галавою Заратустра i здзiвiўся. "Што гэта азначае? паўтарыў ён. - Чаму прывiд крычаў: "Пара! Даўно пара?!"
Што - даўно пара?"
Так сказаў Заратустра.
Вяшчун
"...i ўгледзеў я: вялiкая маркота сышла на людзей. Сама лепшыя стамiлiся ад працы сваёй.
Вучэнне з'явiлася, побач з iм подбегам - вера: "усё пустое, усё роўнае, усё ўжо было!"
I рэхам з усiх пагоркаў пайшло: "усё пустое, усё роўнае, усё ўжо было!"
Праўда, мы сабралi ўраджай: але чаму пагнiлi, чаму пацвiлi плады? Што ўпала апошняе ночы з лiхога месяца?
Марная была ўся наша праца, атруцянела наша вiно, сурочлiвае вока зжухлiла нашы палеткi i сэрцы.
Усе мы высахлi; i калi б агонь нас усiх ахапiў, мы попелам рассыпалiся б: але i сам агонь мы стамiлi.
Усе студнi высахлi ў нас, нават мора адступiла. Зямля хоча раскалоцца, але бездань не хоча нас паглынаць!
"Ах, дзе тое мора, каб у iм утапiцца?" - такая наша скарга сярод панылых балот.
Сапраўды, да смерцi стамiлiся мы; i вось мы чуваем i жывём далей - у магiльнях!"
Такiя словы пачуў Заратустра ад аднаго вешчуна; i прароцтва ягонае запала ў сэрца, i ён перамянiўся. Маркотны i стомлены хадзiў ён усюды; i зрабiўся падобны да тых, пра якiх гаварыў вяшчун.
"Сапраўды, - сказаў ён вучням сваiм, - яшчэ крыху, i прыйдуць гэтыя доўгiя поцемкi. Ах, як ўратаваць ад iх маё святло!
Каб не патухла яно сярод гэтай маркоты! Далёкiм сусветам павiнна свяцiць яно i сама далёкiм ночам!"
Так, замаркочаны ў сэрцы сваiм, хадзiў паўсюды Заратустра; тры днi ён нiчога не еў i не пiў, не меў адпачынку i страцiў дар слова. Нарэшце сталася так, што заснуў ён глыбокiм сном. А вучнi яго сядзелi доўгiя ночы вакол яго i клапатлiва сачылi, калi прачнецца ён, калi загаворыць зноў, ацалёны ад сваёй скрухi.
I вось словы, якiя сказаў Заратустра, прачнуўшыся; а голас ягоны даходзiў да вучняў, нiбы з далёкае далечы.
"Паслухайце, сяброве мае, сон, якi я саснiў, i дапамажыце мне разгадаць яго сэнс!
Загадка ён мне, гэты сон, яго сэнс схаваны i не лунае над iм на крылах.
Снiлася мне, быццам я адмовiўся ад жыцця. Я стаў начным вартаўнiком на могiлках; там, на самотнай гары - у палацы Смерцi.
Там я ахоўваў труны: поўныя былi скляпеннi трафеяў яе перамог. Са шкляных дамавiн глядзела на мяне пераможанае жыццё.
Я дыхаў паветрам запыленай вечнасцi; задыхалася пылам, млела мая душа. Хто мог там асвяжыць сваю душу?
Светлыня поўначы атачала мяне, а побач, на кукiшках, сядзела мая адзiнота, i яшчэ трэцяя - хрыплiвая мёртвая цiшыня, найпершая сяброўка.
Насiў я з сабою ключы, сама паржавелыя; i сама рыпучыя дзверы ўмеў я адчыняць iмi.
Як злавеснае краканне, ляцеў скрыгат па калiдорах, калi падымалiся палавiны дзвярэй: вусцiшна крычаў гэты птах, не даваўся, каб будзiлi яго.
Але яшчэ вусцiшней сцiскалася сэрца, калi ўсё зноў ацiхала, калi ўсё зноў апаноўвала цiшыня, i я заставаўся адзiн у падступнай моўчы.
Так iшоў i поўз час, калi толькi яшчэ быў час; што я ведаю пра тое! Але аднаго разу сталася нешта такое, што абудзiла мяне.
Тры разы бразнулi ў браму, як громам, тройчы загулi, завылi скляпеннi ў адказ: i тады я падышоў да брамы.
"Альпа! - крыкнуў я. - Хто нясе свой попел на гару? Альпа! Альпа! Хто нясе свой попел на гару?"
I я нацiскаў на ключ i напiраў на браму, каб адчынiць яе. Але нi на палец не адчынiў.
Раптам вiхурны вецер расхiнуў свае крылы: са свiстам разрэзаў паветра i кiнуў мне чорную дамавiну.
I ў вiску, i ў выццi, i грукаце дамавiна раскалолася i выплюнула тысячастайны рогат.
I тысяча твараў дзяцей, анёлаў, соваў, блазнаў i матылькоў ростам з дзяцей - усё гэта здзеклiва раўло i рагатала з мяне.
Я страшна спалохаўся, i ўпаў на зямлю, i крычаў ад жудасцi так, як не крычаў нiколi.
I мой крык разбудзiў мяне - i я апамятаўся..."
Заратустра расказаў свой сон i замоўк, бо не ведаў яшчэ, як яго растлумачыць. Тады вучань, якога ён найболей любiў, падняўся, схапiў Заратустру за руку i сказаў:
"Само жыццё тваё тлумачыць нам твой сон, о Заратустра!
Цi ж сам ты не вецер з вiхурным свiстам, якi адчыняе браму ў замку Смерцi.
Цi ж сам ты не дамавiна, поўная разнастайных i стракатых твараў зла, а таксама анёльскiх аблiччаў жыцця?
Сапраўды, як разнастайны - на тысячу ладоў - дзiцячы смех, уваходзiць Заратустра ва ўсе магiльнiцы, смяецца з начных ахоўцаў магiл, што брынчаць сваiмi ржавымi ключамi.
Страшыць i скiдаць ты iх будзеш сваiм смехам; i няпамяць iхняя, i абуджэнне засведчаць тваю ўладу над iмi.
I нават калi настануць доўгiя поцемкi i смяротная стома, ты не сыдзеш з небасхiлу нашага, о заступнiк жыцця!
Новыя зоркi ты нам паказаў i па-новаму даў нам убачыць велiкапышнасць начы; сам смех ты раскiнуў над намi, быццам шматкаляровы кiлiм.
Ад сёння i назаўсёды трупы мерцвякоў стануць крынiцай дзiцячага смеху; заўсёды будзе дзьмуць магутны вецер, будзе трыумфаваць над смяротнай стомленасцю: у гэтым ты зарука i вяшчун!
Сапраўды, iх ты саснiў, тваiх ворагаў: гэта быў твой сама цяжкi сон!
Але як пазбыўся ты гэтых вiдзежаў i здабыў сябе, так i яны павiнны прачнуцца ад самiх сябе - i прыйсцi да цябе!"
Так сказаў вучань; i ўсе астатнiя зграмадзiлiся вакол Заратустры, хапалi яго за рукi i ўмаўлялi яго пакiнуць ложак i скруху сваю i вярнуцца да iх. А Заратустра сядзеў проста на ложку, з чужым позiркам. Як чалавек, што вярнуўся з далёкай чужыны, глядзеў ён дапытлiва ў твары сваiм вучням; i яшчэ не пазнаваў iх. Калi ж яны аднялi яго i паставiлi на ногi, тады адразу перамянiўся позiрк ягоны; ён зразумеў усё, што адбылося, пагладзiў сваю бараду i сказаў вялiкiм голасам:
"Ну што ж! На ўсё свой час; але парупцеся мне, вучнёве мае, каб у нас сёння быў добры абед, ды баржджэй, баржджэй! Так я хачу акупiць свае благiя сненнi!