Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Детские и приключения » Пастка для пярэваратня
Пастка для пярэваратня - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пастка для пярэваратня

Электронная книга - «Пастка для пярэваратня». Краткое содержание книги:

У аповесці, якая дала назву кнізе, аўтар уваскрашае падзеі сярэдзіны XIV стагоддзя на Панямонні. У аснове апавядання — напад атрада крыжакоў на вёску Парэчча, пасля чаго ў ваколіцах паселішча з'яўляецца таямнічая жанчына… з барадой.
Не менш драматычная сітуацыя складваецца і для герояў аповесці-казкі «Гуслі на дзікай грушы».
1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 109
Перейти на страницу:

— Янка, яна нас са свету звядзе, — заплакаў Мацей.

Янка адчыніў дзверы. Што, калі тая цётка з барадой у сенцах стаіць, іхнюю размову слухае? Хітрая яна.

Зірнуў у адзін цёмны кут, у другі. Здаецца, нікога.

— Думаеш, што ў сенцах схавалася? — скумекаў Мацей.

— Ыгы.

— Няма?

— Няма.

— А ў каморцы? Можа, у каморцы сядзіць, наш хлеб есць, зубы скаліць?

— П-праверым.

Янка пераступіў праз парог. У грудзях сэрца моцна-моцна тахкае. Што ў птушкі, якую злавілі.

— І я з табою, — сказаў Мацей.

Янка з аглядкай накіраваўся ў каморку. Анікога ў каморцы. Толькі галодная мыш на кубельцы сядзіць, на іх пазірае. Сала шукала. Няма сала. Даўно няма.

Тупнуў нагою.

— Кыш!

Сядзіць, пазірае, хвастатая.

— Уцякайма, — пацягнуў за кашулю Мацей. — Цётка з барадой у мыш ператварылася. Гэта яна. З'ела бохан хлеба і ператварылася.

Няўжо ў маленькую мыш? Да чаго дайшло! Нават мышы трэба баяцца.

— Кыш!

Сядзіць, пазірае, што гаспадыня.

— Калі б мыш была сапраўдная, то ўцякла б. Гэта цётка з барадой. Яна… — пачаў Мацей, але не паспеў скончыць: у каморку стралой уляцеў іхні рыжы кот. Падскочыў, схапіў мыш, занёс у кут. Прыціснуў лапай, завурчэў.

Янка засмяяўся.

— Яшчэ аднаго такога васіліска просіць.

— Калі б быў васіліск, то кату не даўся б, — пасмялеў Мацей. — Правер на гарышчы. Што, калі цётка з барадой там заснула, наеўшыся?

— Праверым.

Цяпер Янка чамусьці не баяўся. Страх як рукою зняло. Кот смеласці прыбавіў, ці што?

Ён ступіў на драбіны, скочыў адным махам наверх.

— Яна там? — запытаў Мацей.

— Няма.

— Каго гэта там няма? — данеслася з сенцаў. Ад неспадзеўкі Янка ледзь не зваліўся. Азірнуўся — бацька і маці стаяць.

— Каго гэта там няма? — паўтарыў бацька.

— Мы цётку з барадой шукаем, — пахваліўся Мацей.

Бровы ў бацькі прыўзняліся.

— Каго-о?

— Яна бохан хлеба з'ела і соль забрала. Невядома, да чаго дагаварыўся б Мацей, калі б маці да Янкі не кінулася.

— Дзіцятка маё, чаго ж ты залез туды? Злезь, Яначка, злезь.

Маці сцягнула яго з драбінаў, абняла, павяла ў хату, паўтараючы:

— Дзіцятка маё! Дзіцятка маё!

Скінула з яго кашулю, пачала мацаць грудзі, спіну.

— Сыночак, не баліць? Ён толькі круціў галавою.

— Мамачка, не.

Якія ласкавыя, якія пяшчотныя ў маці рукі! Карціць моцна-моцна абняць яе за шыю, прытуліцца, як тады, калі на вясёлку глядзелі. Не, не прытулішся. Бацька сядзіць на лаве, пазірае з-пад броваў. Што скажа? Ці паспагадае?

— Сынок, напалохаўся?

І ён, як і маці, шкадуе. Не пракляне. Не. Каб толькі пасля сорамам не пякло, не выпякала душу, як калісьці княжычу Славуту.

— Татка, не баліць. Перастала. Зусім не баліць.

— Хлеб для падарожнага заўсёды ў нашай хаце на стале ляжаў. Што твой дзед сказаў бы, калі б цяпер жыў? — нечакана прамовіў бацька.

Маці мацней прытуліла яго, Янку, і сказала:

— Яначка, калі б твой дзед не выратаваў Яся, то невядома, што з табою сёння было б.

Янка ўзняў на яе вочы, поўныя слёз.

— Мой дзед Яся выратаваў? Бацька ўстаў з лавы.

— Выратаваў. Ясь у той паход падлеткам пайшоў. Сам напрасіўся. Што з маладога возьмеш? Вецер у галаве. Адзін кінуўся ў самую гушчу крыжакоў. А адным пальцам і штаноў не падцягнеш. Звалілі крыжакі яго з каня, рукі заламалі, каб паланіць. Твой дзед убачыў гэта — і на іх. Стаў секчы направа і налева. Дужы быў. Бярвення з лесу на плячах нанасіў, каб хату паставіць. Прарваўся, вызваліў Яся, а самога на дзіды ўзнялі.

— Ён Яся выратаваў, а Ясь майго сыночка, — заплакала маці.

Бацька стукнуў рабром далоні па стале.

— Не галасі. Не след сырасць разводзіць. Хлеб. Хлеб для падарожнага тут ляжаў.

Янка са страхам зірнуў на яго. Не дараваў. Не даруе. «Бадай, сынок — яварам». Ну і няхай. Будзе шумець каля хаты. Бацька ў цяньку пасядзіць. Няхай. Усё роўна спячэ душу.

Ён прытуліўся да маці. Падумалася: апошні раз.

— Мамачка… Мамка…

Бацька з пагардай глянуў на яго.

— Нябітаму нечага плакаць. Янка выцер далоняй вочы.

— Мамка, пусці.

Няхай праклінае бацька. Няхай. Заслужыў.

— Я папрасіў. Я адрэзаў. Мне аж жывот падцягвала, — захлімкаў Мацей.

«Заступіўся, не пабаяўся, — падумаў Янка. — Што без мяне ён стане рабіць? Прападзе з нудоты».

— Кожны сам сваёй долі каваль, — прамовіў бацька. — Янка, ты ведаеш, як далёкіх продкаў завуць?

1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 109
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)